«Псеўдазаўзятары» штурмуюць мяжу


Беларускія памежнікі ўсё часцей затрымліваюць іншаземцаў, якія выдаюць сябе за заўзятараў, каторыя вяртаюцца з Чэмпіянату свету па футболе. Такім чынам яны намагаюцца трапіць у Еўразвяз.

На гэтым тыдні адбылося некалькі інцыдэнтаў з «псеўдазаўзятарамі», якія накіроўваліся ў Еўразвяз. Ноччу з аўторка на сераду каля Смаргоні памежнікі затрымалі чатырох Мараканцаў, якія хацелі трапіць у Літву. Некалькімі днямі раней, у нядзелю і панядзелак, іншыя групы іх суайчыннікаў таксама намагаліся незаконна перакрочыць мяжу.

«Да гэтага на польскім напрамку затрыманыя грамадзяне Пакістана. І ўсё – вялікія аматары футбола», – іранізуе прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксей Сыцянкоў.

Некаторыя іншаземцы дэманструюць памежнікам так званы пашпарт заўзятара (Fan ID), каб пераканаць, што вяртаюцца дамоў у Еўразвяз з расейскага мундыялю. Яны намагаюцца скарыстацца тым, што іншаземцы, якія маюць Fan ID ад 4 чэрвеня да 25 ліпеня ўязджаюць і выязджаюць з Расеі без візы. Дзякуючы дамове, якую падпісалі беларускія і расейскія ўлады, заўзятары могуць ехаць транзітам праз Беларусь.

Версіі «псеўдазаўзятараў» хутка рассыпаюцца, калі памежнікі пачынаюць высвятляць акалічнасці іх знаходжання на чэмпіянаце і задаюць дадатковыя пытанні.

«Калі пачынаем з імі працаваць, на жаль, не кожны нават ведае, што такое мяч», – зазначае Сыцянкоў.

cez, ГА, belsat.eu паводле interfax.by

Стужка навінаў