Прызначана дата суду над экс-палітвязнем, які адбіваў людзей ад сілавікоў падчас акцыі «недармаедаў»


Суд Маскоўскага раёна Менска 15 лютага пачне разгляд крымінальнай справы Святаслава Барановіча, якога вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных органаў, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Справу будзе разглядаць суддзя Святлана Бандарэнка. Пачатак судовага паседжання – 14:00.

Паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу, Барановічу можа пагражаць арышт на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

Падставай для крымінальнага пераследу паслужыла тое, што 15 сакавіка 2017 года пасля санкцыянаванага «Маршу недармаедаў» у Менску ён быў сярод людзей, якія перашкаджалі брутальным затрыманням дэманстрантаў сілавікамі ў цывільным на прыпынку «Плошча Бангалор».

 

Святаслаў Барановіч быў затрыманы 3 кастрычніка і ад таго часу знаходзіцца ў СІЗА №1 Менска.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, першапачаткова справа была распачатая паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэкса («Хуліганства»), а пазней абвінавачванне перакваліфікавалі на артыкул 364 («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

Нагадаем, Барановіч таксама ўдзельнічаў у пратэстах 19 снежня 2010 года. У чэрвені 2011 года ён быў затрыманы па справе аб «масавых беспарадках» і правёў у СІЗА больш за 2 месяцы, тады праваабаронцы прызналі Барановіча палітвязнем.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў