Праект канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі – гэта выключна беларускі нацыянальны прадукт. Пра гэта дзяржсакратар Савету Бяспекі Станіслаў Зась заявіў 12 сакавіка на пасяджэнні Савету Бяспекі з удзелам кіраўніка краіны, піша belta.by.
«Гэта выключна наш уласны, нідзе не запазычаны нацыянальны прадукт, разлічаны на шырокае ўнутранае і вонкавае спажыванне, які развівае Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Яго асноўнае прызначэнне – надаць дзейнасці па гарантаванні бяспекі ў інфармацыйнай сферы ўпарадкаванасць, канкрэтнасць і нацэленасць на вынік, а таксама забяспечыць умовы для далейшага прасоўвання наперад у гэтым пытанні», – распавёў Станіслаў Зась.
Дзяржаўнае агенцтва belta.by адзначае, што ў дакуменце адлюстраваныя «сучасныя выклікі і пагрозы, якія фармуюцца ў інфармацыйнай сферы і прадстаўляюць небяспеку для канстытуцыйных асноў і жыццядзейнасці дзяржаў: маніпуляванне масавай свядомасцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасцяў, размыванне нацыянальнага суверэнітэту, няўстойлівасць інфармацыйнай інфраструктуры ды іншыя».
«Мы бачым, як інфармацыйнымі патокамі размываецца нацыянальны менталітэт, самабытнасць краін і народаў. Істотна змяняюцца сацыяльныя сувязі чалавека, стыль мыслення, спосабы ўзаемадзеяння, успрыманне рэчаіснасці. Усяму гэтаму варта проціпаставіць прынцыпы гуманізму і справядлівасці, прыярытэты моцных сямейных адносін і здаровага ладу жыцця», – адзначыў падчас паседжання Аляксандр Лукашэнка.
У праекце канцэпцыі згадваецца паняцце «інфармацыйнага суверэнітэту» – выключнае права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валодання, карыстання і распараджэння нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, ажыццяўляць незалежную вонкавую і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку, фармаваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, гарантаваць інфармацыйную бяспеку.
Аўтары канцэпцыі прапануюць узмацніць бяспеку «інфармацыйным нейтралітэтам», які прадугледжвае павагу агульнапрызнаных і агульнапрынятых правоў любой дзяржавы ў гэтай сферы і выключае ўмяшанне ў інфармацыйную сферу іншых дзяржаў.
Таксама ў праекце канцэпцыі падкрэсліваецца важнасць прысутнасці дзяржавы ў інтэрнэце: размова ідзе не толькі пра афіцыйныя сайты дзяржаўных органаў, але і пра благасферу, месенджары і сацыяльныя сеткі, піша belta.by.
«Трэба пашырыць сферу ўплыву айчынных сродкаў масавай інфармацыі і не баяцца выкарыстоўваць новыя формы працы ў медыяпрасторы, – адзначыў Лукашэнка. – Трэба навучыцца адказваць распаўсюднікам фэйкаў іх жа зброяй. І мы гэта ўмеем рабіць, але чамусьці лічым: «ай, добра, абыдзецца, пранясе».
ЮВ/Belsat.eu, паводле belta.by, president.gov.by