Прыхільнікі Трампа самастойна будуюць сцяну ўздоўж мяжы з Мексікай


Група прыхільнікаў Доналда Трампа пачала самастойна будаваць абяцаную прэзідэнтам сцяну ўздоўж мяжы з Мексікай. Сродкі яны збіраюць пры дапамозе краудфандынгавай кампаніі ў інтэрнэце, піша БІ-БІ-СІ.

Былы вайсковец Браян Колфэйдж размясціў у сацсетках фота будаўніцтва металічнай агароджы ў штаце Нью-Мексіка. Паводле яго словаў, яму і яго прыхільнікам удалося сабраць ахвяраванні ў памеры 22 мільёнаў долараў на гэты праект.

Кампанія па зборы сродкаў пачалася пасля таго, як амерыканскі кангрэс адмовіўся вылучыць фінансаванне на пабудову сцяны. Яе ўзвядзенне было адным з перадвыбарчых абяцанняў Доналда Трампа.

Браян Колфэйдж, які служыў у мінулым у ВПС ЗША, страціў у баі абедзве нагі і адну руку, змясціў у «Тўітэры» адразу некалькі фота і відэазапісаў будаўніцтва памежнай сцяны.

Будаўніцтва арганізавана дабрачыннай арганізацыяй «WeBuildtheWall Inc» («Мы пабудуем сцяну»), якую ён заснаваў у снежні 2018 года, і пачаў збіраць ахвяраванні прыхільнікаў.

Кіраўнік рады папячыцеляў «WeBuildtheWall Inc» – былы дарадца прэзідэнта Трампа Стыў Бэнан.

У інтэрв’ю Сі-эн-эн Бэнан сказаў, што новая прыватная сцяна злучыць два ўжо існуючыя 30-кіламетровыя адрэзкі загараджальных барʼераў уздоўж мяжы.

Крыс Кобач, былы кіраўнік штата Канзас, які цяпер працуе адвакатам «WeBuildtheWall Inc», сказаў, што будаўніцтва гэтага адрэзку прыватнай сцяны абыдзецца ў восем мільёнаў долараў.

Прыхільнік Трампа 56-гадовы Джэф Ален кажа, што сцяна ўзводзіцца на зямлі, якая часткова належыць яму ў раёне Санланд-Парк у Нью-Мексіка. Па той бок мяжы знаходзіцца мексіканскі горад Сьюдад-Хуарэс.

«Гэта амерыканскі спосаб заявіць кангрэсу, што ён ні на што не прыдатны і мы будзем з гэтым змагацца. Мы пабудуем гэтую сцяну самі. Гэта не Еўропа. Гэта Амерыка. Мы абараняем нашы мяжы», – сказаў Джэф Ален.

Ён запэўнівае, што не адчувае непрыязнасці да мігрантаў: яго жонка мексіканка, а дачка нарадзілася ў Сьюдад-Хуарэс у Мексіцы.

«Ні пра які расізм не вядзецца. Мы намагаемся абараніць сябе, і забяспечыць для Амерыкі надзейную мяжу. Калі людзі хочуць сюды іміграваць, яны павінны гэта рабіць згодна з правіламі», – кажа ён.

На мінулым тыдні амерыканскі суд забараніў адміністрацыі Трампа выкарыстоўваць бюджэт Пентагону на будаўніцтва сцяны ўздоўж мяжы з Мексікай.

Hавiны
У ЗША выпусцілі цацачную версію сцяны Трампа, якую ён хоча пабудаваць на мяжы з Мексікай
2018.11.15 13:22

СК belsat.eu

Стужка навінаў