Прыехалі аздаравіцца – вярнуліся з каронавірусам. Санаторыі ўсцяж працуюць падчас пандэміі


Усё больш інфікаваных каронавірусам людзей выяўляюцца ў санаторыях. Мы згадалі вядомыя выпадкі і спраўдзілі сённяшнюю сітуацыю ў аздараўляльных установах.

Міністэрства аховы здароўя 16 красавіка зладзіла трансляцыю «Найбольш актуальныя тэмы і пытанні пра COVID-19». На ёй дырэктар Рэспубліканскага цэнтру аздараўлення і санітарна-курортнага лячэння Генадзь Балбатоўскі паведаміў пра працу санаторыяў падчас пандэміі:

«У санаторыях адмененыя масавыя мерапрыемствы. Рэжым харчавання па магчымасці адбываецца ў некалькі зменаў з рассадкай на інтэрвалы ў паўтары-два метры ад сталоў. Адбываецца штодзённая дэзынфекцыя».

Перад засяленнем спраўджваюць, ці ёсць у гасцей прыкметы захворвання. Накіраванне ў санаторыі абмежавалі, пажылых людзей і інвалідаў увогуле не будуць туды адпраўляць.

«На каранціне санаторна-курортных установаў у нас няма. Ёсць некалькі санаторыяў, якія працуюць у абмежаваным рэжыме, і два санаторыі, якія не працуюць па рашэнню ўласніка з-за нізкай загрузкі», – кажа Генадзь Балбатоўскі.

Тым часам «Радыё Свабода» перадавала інфармацыю работніцы санаторыя «Пад’ельнікі» пра тое, што ўстанову «зачынілі на каранцін». Тады дырэктар установы Андрэй Грудзіна пацвердзіў адзін выпадак інфікавання.

Фота: www.podjelniki.by

Belsat.eu спраўдзіў актуальную сітуацыю ў санаторыі. Галоўны лекар Андрэй Грудзіна адмовіўся каментаваць, а намесніца дырэктара па маркетынгу Любоў Камеш пра колькасць выяўленых у санаторыі інфікаваных не сказала. Але паведаміла:

«Літаральна заўтра ад нас з’язджаюць апошнія госці, і мы прыкрываемся прыкладна да 15 траўня».

Трагедыя пасля адпачынку

Найбольш сумная сітуацыя ў санаторыі «Пралеска». Бядой абярнуўся адпачынак 70-гадовага мужчыны, які памёр ад пнеўманіі 5 красавіка. Уначы на 2 красавіка, паводле «Нашай Нівы», памёр работнік санаторыя «Пралеска». Мужчына таксама хварэў на пнеўманію.

Hавiны
Мянчук адпачнуў у санаторыі, а праз два тыдні памёр ад COVID-19
2020.04.06 13:42

Вядома пра інфікаваную на каронавірус дырэктарку сярэдняй школы ў вёсцы Вялікая Ухалода Марыну Сіўчык, якая праз дзень пасля вяртання з санаторыю адчула сімптомы захворвання. Жанчына паведаміла нам, што зараз адчувае сябе добра і чакае на вынікі аналізаў. Спадзяецца заўтра вярнуцца дадому.

– Зараз пацыенты не прыязджаюць. Часова, да 30 красавіка, рэалізацыі пуцёвак пакуль што няма. Людзі ва ўзросце не накіроўваюцца ў санаторыі. Працоўнае насельніцтва будзе прыязджаць па тэрытарыяльным прынцыпе. Самае галоўнае: у санаторый чалавек едзе дабравольна. Ніхто нікога ані на заводах, ані ў школах, ані ў больніцах не накіроўвае, – распавёў Belsat.eu галоўны лекар санаторыя «Пралеска» Сяргей Падкавыраў.

– Ці ёсць новыя выпадкі каронавірусу?

– У нас усё спакойна. Абсалютна нічога новага няма. Персанал у мяне, дзякуй Богу, усе на месцы.

Фота: Belsat.eu

(Не)аздараўляльныя ўстановы

Падобнае здаралася ў санаторыях па ўсёй Беларусі. Напрыклад, выявілі каронавірус у 25-гадовай жанчыны, якая адпачывала ў санаторыі «Алеся». Загадчык філіялам «Санаторый «Алеся» Вячаслаў Зайцаў паведаміў Belsat.eu, што санаторый працуе, але новых гасцей не прымае да 20 красавіка:

– Пакуль што нічога не было. Усе пробы, узятыя ў кантактных асобаў, адмоўныя. Паўторных вынікаў аналізаў яшчэ няма.

10 красавіка бацьку беларускага драматурга Андрэя Курэйчыка паклалі ў шпіталь, бо выявілі каронавірус. Мужчына адпачываў у санаторыі МУС, дзе знайшлі інфікаванага чалавека. Ва ўстанове каментар Belsat.eu не далі, але сітуацыю ў санаторыі пракаментаваў Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік на брыфінгу Міністэрства аховы здароўя 17 красавіка:

«Што датычыць Мядзельскага раёну, 7 красавіка быў зарэгістраваны выпадак інфікавання ў адным з санаторыяў. Сёння асяродак, з нашага пункту гледжання, лакалізаваны. 65 пацверджаных выпадкаў. 25 – гэта жыхары Мядзельскага раёну. Астатнія – прыезджыя».

Фота: Belsat.eu

Каронавірус знайшлі і ў жанчыны, якая адпачывала ў санаторыі «Белая Вежа». На тэлефанаванні нашага карэспандэнта ў гэтай установе не адказвалі.

У Лепельскім вайсковым санаторыі адпачываў расеец з каронавірусам. Дырэктар санаторыя Міхаіл Лях сказаў Belsat.eu, што новых выпадкаў не было, заезды гасцей працягваюцца, але маленькія:

«Мы ўзмацнілі прыём: вымярэнне тэмпературы, вызначэнне схаванай пнеўманіі».

Пра тое, ці могуць санаторыі стаць асяродкам эпідэміі, мы паразмаўлялі з рэдактаркай TOURSOYUZ.BY Ліліяй Кобзік:

«У нас жа няма агульнага каранціну ў краіне, у нас жа нічога не зачынена. Я не бачу сэнсу зачыняць толькі санаторыі пры тым, што ўсё адчынена. Чым адрозніваецца санаторый ад нейкага працоўнага калектыву? Зараз у санаторыі людзей вельмі мала. Плюс усё ж такі гэта прырода, свежае паветра. Людзі не зачыненыя ў сваіх нумарах, яны гуляюць. Выпадкі зʼяўляюцца, але ж яны і ў арміі зʼяўляюцца. Безумоўна, яны там будуць, але масавага заражэння, наколькі я разумею, там не адбываецца, таму што там масавасці ніякай няма».

Фота: Belsat.eu

Попыт на пуцёўкі расце

Так ці інакш, медыкі просяць людзей заставацца ўдома падчас эпідэміі. Нягледзячы на гэта, падчас вышэйузгаданай трансляцыі Генадзь Балбатоўскі хваліўся тым, што попыт на пуцёўкі ў беларусаў расце:

«Узровень рэалізацыі паслуг і пуцёвак на ўнутраным рынку павялічыўся. Свабодная рэалізацыя павялічылася на 70 % сярод грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

Гэта не дзівіць – Генадзь Балбатоўскі паведаміў, што амаль усе санаторыі панізілі кошты на 10-40 адсоткаў:

«Уласнікі прымаюць меры па актывізацыі працы на ўнутраны рынак. Загрузка ў санаторыях па ўсёй краіне невялікая, каля 40 %. Штогод больш за 200 тысяч замежных грамадзянаў адпачывалі ў нашых санаторыях, таму ва ўмовах зачыненых межаў мы шукаем варыянты па кампенсацыі гэтага кантынгенту».

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў