«Прыдзірацца да нас беспадстаўна». Ва ўрадзе сцвярджаюць, што Беларусь не «партызаніць» з таматамі


Абвінавачванні Рассельгаснагляду на адрас Беларусі датычна рээкспарту таматаў беспадстаўныя, сцвярджае міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

Міністр нагадаў, што сёлета Рассельгаснагляд ужо праводзіў адпаведныя праверкі.

«Напружанне спала, прэтэнзіяў да нас не было. Цяпер паўстала пытанне, што нібыта мы пачынаем «партызаніць» з таматамі. У нашай краіне сёння дастаткова гэтай прадукцыі, каб забяспечыць свой рынак і паставіць на экспарт. Таму трэба не інспектаваць, а давяраць. Калі будзе давер, то мы больш зробім разам, чым калі будуць у адрас суседа нейкія падазрэнні выказвацца», – адзначыў ён, піша БелТА.

Леанід Заяц звярнуў увагу, што беларускі бок перадавала Рассельгаснагляду ўвесь пакет дакументаў (прычым не адзін раз), якія пацвярджаюць, што ў краіне праводзіцца адпаведны кантроль сельскагаспадарчай прадукцыі.

«Мы дамаўляліся, падпісвалі агульныя дакументы, якія маюць сілу. Прыдзірацца да нас сёння беспадстаўна, у гэтым няма ніякай логікі», – дадаў Леанід Заяц. «Думаю, што здаровы сэнс мусіць перамагчы, і расейскі бок павінен нас пачуць», – рэзюмаваў міністр.

У Расеі перакананыя, што, нягледзячы на ​​існуючую забарону на ўвоз турэцкіх памідораў, гародніна з Турцыі трапляе на расейскія прылаўкі праз Беларусь. Паводле расейскага боку, летась Беларусь у 4 разы павялічыла закупкі турэцкіх памідораў, хаця беларускі рынак і так перанасычаны пастаўкамі памідораў з Еўропы ды гароднінай уласнай вытворчасці.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў