Продаж квіткоў на міжнародны тэатральны форум «Март-кантакт – 2020» стартуе 8 студзеня


Юбілейны 15-ы міжнародны моладзевы тэатральны форум «Март-кантакт – 2020» пройдзе ў Магілёве з 21 да 27 сакавіка. «Март-кантакт» чакаюць як гледачы, гэтак і тэатральныя крытыкі, і ўсе хочуць трапіць на як мага большую колькасць спектакляў. Карэспандэнтка «Белсату» Вольга Васільева адная з першых пазнаёмілася з афішаю форуму.

Сучаснае прачытанне расейскай літаратуры

У 2020 годзе праграму форуму «Март-кантакт» можна вызначыць як «моцная ін’екцыя расейскай літаратуры», але ў сучасным прачытанні. Класічныя паводле зместу і формы будуць літаральна некалькі спектакляў, а абсалютная большасць – гэта эксперыменты і сучаснае бачанне матэрыялу.

Форум «Март-кантакт – 2020» – гэта 24 краіны і 24 спектаклі. Але некаторыя пастаноўкі пакажуць некалькі разоў, каб задаволіць попыт публікі, гэткім чынам, у межах форуму адбудзецца 31 паказ.

Згодна афішы, большасць запрошаных тэатраў рэпрэзентоўваюць Расею. Гэта і сталы ўдзельнік форуму маскоўскі «Тэатр.doc» з дакументальным спектаклем «Бурсакі: Бог Шрэдынгера», і новы ўдзельнік піцерскі гіп-гоп-тэатр «Арганізмы» з музыкальным стэндапам «Ноў Шоў», і шмат-шмат якія іншыя тэатры.

Маскоўскі «Театр.doc» прадставіць дакументальны спектакль «Бурсакі: Бог Шродынгера».

Украіну, якая радавала публіку «Март-кантакту – 2019», сёлета на форуме рэпрэзентоўвае ўсяго адзін удзельнік. І гэта не тэатр у звычайным нашым разуменні, а, хутчэй, музычная група «ZBSband». Музыкі сталі пераможцамі 9 сезону вакальнага шоу «X-фактар» і стварылі альбом «Аўдыятэатр» – яго і прэзентуюць у магілёўскім клубе «Cuba».

Спектаклі на англійскай, сербскай і польскай мовах

Упершыню ў «Март-кантакце» возьме ўдзел Сербія: белградскі тэатр «SCENA MASKA» прэзентуе монаспектакль «Зоран Радмілавіч» на сербскай мове з субтытрамі.

На беларускай мове спектакляў не будзе, затое прагучыць англійская мова: тэатр «HUNCHtheatre» з Лондану пакажа спектакль «Герой нашага часу». На польскай мове з субтытрамі люблінскі тэатр «Т1А» пакажа монаспектакль «Ахвяра».

На прэс-канферэнцыі 4 студзеня: Андрэй Новікаў – дырэктар Магілёўскага драматычнага тэатру, Валерый Малашка – намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму і Алег Сцельмашок – начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкаму. Фота «Белсат»

Праграма цікавая, але цяжкая для ўспрыняцця

На прэс-канферэнцыі «Март-кантакту – 2020» дырэктар Магілёўскага драматычнага тэатру Андрэй Новікаў гэтак ахарактарызаваў сёлетнюю праграму форуму: «Гэта вельмі цікавая, але цяжкая для ўспрыняцця праграма. Мы да гэтага ішлі 15 гадоў. І мы лічым, што публіка ў Магілёве ўжо гатовая да такіх спектакляў».

Традыцыйна ў межах форуму будуць ладзіцца абмеркаванні спектакляў, а па заканчэнні форуму вызначаць 4-х прызёраў: спектакль-падзея паводле версіі крытыкаў, спектакль-падзея паводле версіі моладзевага журы, а таксама найлепшы спектакль паводле гледачоў і найлепшы спектакль паводле інтэрнэт-галасавання.

На форуме украінскі музычны гурт ZBSband прадставіць свой альбом «Аўдыатэатр»

Кошты на квіткі пакінулі на ўзроўні мінулага года

Продаж квіткоў на «Март-кантакт – 2020» стартуе адразу пасля вялікіх выходных – а 8 раніцы 8 студзеня. Квіткі з’явяцца не толькі ў касе Магілёўскага драматычнага тэатру, але і ў інтэрнэце на сайце kinoteatr.megamag.by. У вас ёсць пару дзён, каб вызначыцца са спектаклямі, – на большасць пастановак квіткі разбіраюць у самы першы дзень продажу. Будзьце пільныя!

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў