«Дапаможам медычным працаўнікам абараніць сваіх блізкіх і сваякоў, якія знаходзяцца ў групе рызыкі праз узрост і захворванні» – заклікае тэлеграм-канал «Приюти героя». Бясплатнае жытло дае медпрацаўнікам магчымасць ізалявацца пасля працы.
Аўтарка ідэі Ганна Кулакова натхнілася навінавым сюжэтам пра медсястру з Партугаліі, якая жыве ў асобных апартаментах падчас пандэміі, каб не падвяргаць рызыцы бацькоў, вяртаючыся з працы ад хворых на каронавірус. Жытло яна знайшла праз адмысловую аплікацыю. Ганна ўзялася адаптаваць ідэю для Беларусі і стварыла тэматычны тэлеграм-канал.
– Я чытала пасты беларускіх актывістаў і бачыла абвесткі пра збор сродкаў на закуп сродкаў абароны для медыкаў. Я зразумела, што ў Беларусі значна больш чымся ў Партугаліі, патрэбнае падтрыманне працаўнікоў медычнай галіны. У Беларусі шмат хто жыве з бацькамі, з бабулямі і дзядулямі. У сітуацыі, калі медыкам бракуе сродкаў індывідуальнай абароны, небяспека заразіцца і прынесці хваробу дамоў – высокая, – тлумачыць яна.
У тую жа ноч Ганна стварыла тэлеграм-канал. Неўзабаве да справы далучыўся валанцёр Дзяніс Відзевіч, які мае досвед вядзення падобных сэрвісаў і дапамагае мадэраваць абвесткі.
– Самае прыемнае ў гэтым усім, што людзі сапраўды спісваюцца праз нас і засяляюцца. Цешуся што ініцыятыва аказалася прыдатнаю, – кажа Ганна.
Праз тры дні існавання каналу на яго падпісалася амаль 700 чалавек. У чаце – прыкладна 350 удзельнікаў.
Ініцыятыва дапамагае ўсім, хто працуе ў медычнай галіне: санітаркам, лабарантам, медсёстрам і лекарам, фельчарам, працаўнікам хуткай дапамогі і тым, хто дбае пра чысціню ў паліклініках і шпіталях. Ахвотныя пішуць, на які тэрмін і ў якім месцы ім патрэбнае жытло. Сустрэчную прапанову афармляюць асобы, якія хочуць перадаць ключы ад жытла медыкам. Пасля – удзельнікі чату звязваюцца паміж сабой. Калі бакі дамовіліся, абвестка выдаляецца.
– Усе разумеюць, якая зараз сітуацыя і аказалася, што людзі гатовыя дапамагаць адно аднаму, – кажа Дзяніс Відзевіч.
– Спадзяемся, што ніхто не будзе ў чаце жартаваць і хлусіць. Спраўдзіць, што ты медычны працаўнік можна цягам некалькіх хвілінаў. Але мы верым у людзей.
Цягам гэтых дзён у «Прытулку героя» з’явілася два дзясяткі абвестак. Прычым шукаюць жытло не толькі ў Менску, але таксама ў Воршы, Гомлі, Лоеве, Бялынічах, Браславе.
– Напачатку дактары саромеліся пісаць у чат. Але зараз мы бачым, што яны пачалі больш адкрыта звяртацца па дапамогу, апісваць свае сітуацыі кшталту «я жыву з дарослымі бацькамі, трэба прыкладна месяц пажыць у іншым месцы», – кажа Ганна.
Да ініцыятывы далучаюцца ня толькі звычайныя гаспадары кватэраў, але і гатэлі. Дырэктар сеткі гатэляў «Гатэльнага холдынгу», у які ўваходзяць гасцініца «Юбілейная», «Менск» і «Прэіздэнт-гатэль», Мікалай Падразенка, напісаў такое паведамленне:
«Паважаныя дактары, калі ёсць магчымасць адпачнуць пасля дзяжурства ці Вы знаходзіцеся ў камандзіроўцы ў Менску падчас эпідэміі, звярніцеся да мяне. Абмяркуем Вашае размяшчэнне ў адным з гатэляў Гасцінічнага холдынгу: Прэзідэнт-гатэль, гатэль «Менск», гасцініца «Юбілейная». З павагай, Мікалай Падразенка, генеральны дырэктар холдынгу».
Мікалай Падразенка з адукацыі доктар і мяркуе, што гатэлі будуць больш надзейным прытулкам, чымся кватэры ў шматпавярховіках. Плаціць за пражыванне не трэба, толькі за камунальнае абслугоўванне. Паводле яго, гатэлі плануюць дапамагаць усім дактарам, якія змагаюцца з пандэміяй і кантактуюць з патэнцыйнымі хворымі. У размове з карэспандэнтам «Белсату» ён зазначыў, што дактары ўжо звярталіся да яго.
На ініцыятыву Ганны і Дзяніса адгукнуліся таксама і аграсядзібы. Старшыня «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў дамовіўся з актывістамі руху, якія маюць аграсядзібы каля Ашмянаў, у Бялынічах, Воршы ды Браславе, каб тыя дазвалялі медыкам бясплатна пажыць.
– Я пабачыў гэтую ініцыятыву, паразмаўляў з сябрамі з «Гавары праўду» і вырашылі, што калі камусьці, хто жыве побач, будзе патрэбнае жытло – мы гатовыя дапамагчы. Зараз мы можам размясціць каля 10 чалавек. Але лічба можа ўзрасці, – кажа Андрэй.
Пакуль што да Андрэя медыкі не звярталіся, але ён кажа, што гэта праз тое, што прапанова новая.
– Вірус пакуль што віруе ў абласных гарадах і Менску. Але мы думаем, што цягам наступнага тыдня ён пойдзе па малых і сярэдніх гарадах. Нас гэта вельмі хвалюе, – кажа Андрэй.
Калі ў вас ёсць магчымасць падзяліцца жытлом на час патрэбы, напішыце ў чат «Приюти героя Беларусь». Таксама можна ахвяраваць грошы на закуп патрэбнага абсталявання для медыкаў.
Дабрачынны рахунак адкрыла дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медычнага рэагавання». Адсюль сродкі маюць размяркоўвацца ў адпаведнасці з патрэбамі канкрэтных установаў пасля ўзгаднення з Мінздароўя.
Цэнтралізаваны збор на закуп сродкаў аховы для 15 тыс. сацыяльных працаўнікоў тэрытарыяльных цэнтраў, медсясцёр Чырвонага крыжа і валанцёраў працягваецца на платформе «Імёны».
Грашыма, 3D-прынтэрамі для вырабу масак ці дапамогаю з транспартаваннем гатовай дапамогі для медыкаў можна дапамагчы, далучыўшыся да каманды Hackerspace. Падрабязнасці: https://covid19.hackerspace.by
Ксенія Тарасевіч belsat.eu