Прэзідэнт робіць выгляд, што не ведае, чаго хоча народ. Спроба адказаць

Аляксандр Лукашэнка. Фота - president.gov.by
Чарга каля крамы Symbal.by, 24 чэрвеня.

Выступаючы перад так званым «актывам» Менскай вобласці Аляксандр Лукашэнка заявіў:

– Усе нашы «альтэрнатыўшчыкі» крычаць: «Пераменаў, пераменаў!» Натуральна, перамены заўсёды патрэбныя, але ніхто не кажа, якія перамены. Заробак будзе вялізны, але ніхто не кажа, за кошт чаго. Але я вам павінен сказаць адкрыта: я – дзяржаўнік, я не адношуся да людзей, якія гатовыя сёння на кавалкі парэзаць і падзяліць.

У Аляксандра Рыгоравіча нейкае выбарачнае чытанне выступленняў апанентаў. Скажам, пра курачак і свінаматак прачытаў ён адразу. А пра канстытуцыйную і эканамічную рэформы не прачытаў. Ці прачытаў, але крыўда за неўзгаданага кныра так вочы засціла, што да астатняга ўжо і рукі не даходзілі.

Але калі прэзідэнт так просіць, каб яму патлумачылі, якіх менавіта пераменаў чакае народ, паспрабуем сфармуляваць як мага даходліва – і без згадкі дробнай жыўнасці з сялянскіх падворкаў.

  • Першае. У эканоміцы.

Ніхто не просіць нічога на кавалкі рэзаць і падзяліць. Проста трэба не перашкаджаць людзям. «Не перашкаджаць» – гэта аслабіць сваволю чыноўнікаў, якая сапраўды празмерная. Прывяду канкрэтны прыклад – крама прадукцыі з нацыянальнай сімволікай ад брэнда symbal.by. Пачытайце даведку, на падставе якой зачынілі вытворчы цэх гэтай крамы. Любому непрадузятаму чалавеку зразумела: вытворчасць маек прыраўнялі ледзь не да вытворчасці аміячнай салетры і падышлі з адпаведнымі патрабаваннямі. І росчыркам пяра (у дадзеным выпадку – двух ці трох пёраў) вытворчасць закрылі. Пазбавілі людзей працы.

Мадэрнізацыя не ратуе дрэваапрацоўку. Фота з архіва «Белсат»

Не перашкаджаць – замала. Трэба часам дапамагаць. Паглядзіце, як паводзіць сябе дзяржава ў выпадку з галінамі, найбольш пацярпелымі ад пандэміі. Дакладней, дзве дзяржавы – наша і Расея (бліжэйшы сусед і, прабачце за непрыстойнае ў цяперашніх абставінах слова, саюзнік). Прэзідэнт Расеі абвясціў падатковыя канікулы, распарадзіўся знізіць арэндныя плацяжы і нават аказаць дапамогу ў аплаце працы фірмам (прыватным), якія не могуць цяпер выконваць свае абавязацельствы перад работнікамі. У нашым выпадку адказнасць за непрыняцце рашэння спіхнулі на ніжні ўзровень, у гарады і раёны, затое грозна заявілі: маўляў, сволачы-прыватнікі, буржуі недабітыя, паспрабуйце каго-небудзь звольніць – мы вас уууууууууууу! Гэта значыць, падаткі плаціць прыватнік абавязаны, але дзяржава, якая існуе на гэтыя падаткі, дапамагчы яму ў цяжкую хвіліну адмаўляецца, ды яшчэ і штурхае ў прорву.

Марш недармаедаў 2017 года.
Фота: «Белсат»

Затое падтрымка нерэнтабельных галін і вытворчасцей – любімая справа. Колькі ўбухвалі ільготных грошай у дрэваапрацоўку? Колькі – ў аграгарадкі? Шмат, Аляксандр Рыгоравіч, шмат. І ніякага выніку. І справа нават не ў мэнеджарскіх якасцях прэзідэнцкіх прызначэнцаў.

Справа ў сістэме, пры якой дзяржава пакрые любыя страты. А значыць, стымул рэнтабельнай вытворчасці знікае. Сістэму мяняць трэба. Трэба пераходзіць не да абвальнай, а да долевай прыватызацыі, пры якой мэнеджмент дзяржаўных прадпрыемстваў паступова становіцца іх саўладальнікам, а калі дакажа сваю эфектыўнасць, то і ўласнікам.

Ну, і дзе ж вы тут пабачылі заклік неадкладна «разрэзаць і падзяліць»? Няма яго.

Прэзідэнт кажа пра «лапік зямлі» для кожнага беларуса. Яно пахвальна. Але галоўнымі беларусамі ў нас аказваюцца тыя, хто гуляе з ім у хакей ці знайшоў нейкі іншы шлях да яго сэрца. Ні для каго не сакрэт, што нават калі фірма прымудрылася купіць «лапік зямлі», прабачце, пад забудову паблізу Менску, дазвол на будаўніцтва на ёй, скажам, шматпавярховага дома – нават на грошы самой фірмы! – атрымаць амаль немагчыма. Калі ты не серб. Сербам, нашым славянскім братам, можна ўсё. Я зараз не пра помнік. Я як раз пра жыллёвае будаўніцтва. Можна нават выпусціць аблігацыі, прымусіць дзяржаўныя банкі іх выкупіць – пад адміністрацыйным ціскам – і ўжо на гэтыя грошы будаваць жыллё з рэнтабельнасцю, што значна перавышае тыя 5 % і ўжо тым больш перавышае 3 %. Гэта значыць, грошы завіслі ў беларусаў, а магчымасці адкрыліся сербам. Вам пра гэта не распавядалі? Так спытаеце – ведаеце ж, у каго пытацца.

Ці ўзялі б прыклад з Расеі. Там проста ўся зямля на дачных і прысядзібных участках, дзе знаходзяцца дамы, пабудаваныя да 1 студзеня 1992 года, была бясплатна перададзена іх уладальнікам. Таму што часцей за ўсё гэта – «бацькаўшчына», кажучы нашымі словамі. Яе многія пакаленні беларусаў апрацоўвалі. А ў нас прымушаюць выкупляць яе, ды яшчэ па цане, якая іншы раз значна перавышае рынкавую. Чаму? Таму што калі зямля дзяржаўная, то і ўладальнік нерухомасці, якая стаіць на ёй, бяспраўны. А людзям надакучыла быць бяспраўнымі.

Гэта ў эканоміцы.

  • Па-другое. У сацыяльнай сферы.

Людзі стаміліся ад бясконцых абяцанняў. З першай прэзідэнцкай кампаніі ішла гаворка пра тое, што заробкі ў сістэме адукацыі і аховы здароўя павінны быць роўная хоць бы сярэднім у прамысловасці. Гэта не з разраду праславутых «папіццот», але крыху вышэй. Дваццаць шэсць гадоў прайшло…

Затое без усялякіх абмеркаванняў з грамадзянамі былі прынятыя славутыя «дэкрэт аб дармаедах» і «пенсійная рэформа імя Шчоткінай». Гэта – два самыя важныя дакументы, якія выклікалі найбольшае абурэнне. З першым, здаецца, разабраліся пад ціскам вуліц і плошчаў. Але другі відавочна трэба карэктаваць. «Ліхія дзевяностыя», калі незразумела хто і за каго плаціў сацстрах, моцна ўдарылі па цяперашніх пяцідзесяцігадовых, якія выжывалі, хто як мог, якія працавалі ў прыватнікаў, у зніклых цяпер фірмах. Ідзі, шукай сёння дакументы, якія невядома дзе ляжаць. У дзяржавы ўсе дадзеныя павінны быць, але ў нас жа выратаванне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў…

І, нарэшце, апошняе. Найважнейшае. Людзі вельмі хочуць абмежавання тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў двума пяцігодкамі. Яны стаміліся ад вас, Аляксандр Рыгоравіч. Моцна стаміліся. Надакучылі Вы ім.

– Народу, прычым настолькі, што ён за «рускамоўнага папуліста ўзору 80-х», – як кажа прафесар Марзалюк, галасаваць гатовыя – толькі кам б Вы сышлі. Але Вы не чуеце. У адным вуху – качан, на другім – ярмолка. Не чуеце.

Шкада. Магло б абысціся мірна і палюбоўна. Без караеўскіх мер з наступным сусветным рэзанансам.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў