Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыгадаў, што кіраўнік СССР Іосіф Сталін і лідар нацысцкай Нямеччыны Адольф Гітлер уступілі ў змову, каб знішчыць Польшчу. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю выданню «Bild».
Кіраўнік Польшчы меў на ўвазе сумнавядомы пакт Молатава-Рыбентропа, які быў заключаны паміж Савецкім Саюзам і Нямеччынай у жніўні 1939 года.
Анджэй Дуда таксама нагадаў, што Чырвоная армія ўвайшла на польскую тэрыторыю на наступны месяц пасля падпісання дакументу.
Дуда паскардзіўся, што цяпер Расея «паводзіць сябе так, як быццам нічога пра гэта не ведае», а таксама працягвае весці «агрэсіўную палітыку». Польскі прэзідэнт абвінаваціў расейскі бок у нападзе на Грузію і Украіну.
Раней намеснік міністра замежных справаў Польшчы Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк распавёў, чаму Расею не запрасілі на мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю пачатку Другой сусветнай вайны. Паводле яго, Расея не зацікаўленая адзначаць гадавіну трагічных падзеяў у духу «гістарычнай праўды».
Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года з уварваннем нацысцкай Нямеччыны ў Польшчу. 17 верасня на польскую тэрыторыю ўвайшлі савецкія войскі, а ў склад СССР увайшлі Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь.
ЮВ belsat.eu