Прэзідэнт Францыі з сённяшняга дня – Эманюэль Макрон


У гэту нядзелю Эмануэль Макрон афіцыйна стаў 26-м прэзідэнтам Францыі. Нядзелю таму ён перамог сваю апанентку Марын Ле Пэн у прэзідэнцкай гонцы з лікам 66,06% галасоў супраць 33,94%.

Перадача паўнамоцтваў ад Франсуа Аланда новаму кіраўніку Францыі пачалася а 10 гадзіне па французскім часе ў Елісейскім палацы ў Парыжы. Бяспека ў сталіцы была ўзмоцнена дадатковымі сіламі правапарадку.

Франсуа Аланд сустрэў свайго пераемніка на чырвоным дыване на прыступках Елісейскага палацу, па французскай традыцыі. Пасля гэтага паміж імі адбылася прыватная размова, падчас якой Аланд паведаміў новаму прэзідэнту сакрэтныя дзяржаўныя звесткі, у тым ліку, коды ад ядравай зброі, а таксама апошнія звесткі аб міжнародных абставінах.

Фотаздымкі з Елісейскага палацу падчас перадачы паўнамоцтваў Эманюэлю Макрону

«Я перадаю ўладу не свайму палітычнаму апаненту, таму гэта будзе не складана», – падкрэсліў Франсуа Аланд.

Згодна з рытуалам, падчас перадачы паўнамоцтваў перад Елісейскім палацам гучыць гімн Францыі, адбываецца парад, гучыць кананада з 21 пушкі, а потым новы прэзідэнт кіруецца да Трыумфальнай аркі, дзе ўскладае кветкі да магілы невядомага салдата.

У бліжэйшы час Эманюэль Макрон павінен прызначыць свайго прэмʼер-міністра і сфармаваць кабінет міністраў. Часцей за ўсё прэзідэнты Францыі рабілі гэта ў дзень атрымання паўнамоцтваў. Згодна з працоўным календаром, Эманюэль Макрон зробіць гэта ў панядзелак.

Таксама ў панядзелак, 15 траўня, ён накіруецца ў Берлін з першым замежным візітам да Ангелы Меркель.

Па тэме: 

ВЧ, belsat.eu паводле afp.com

Стужка навінаў