Прэзідэнт Балівіі Эва Маралес заявіў у «Тwitter» пра спробу дзяржаўнага перавароту. Менавіта так ён ацэньвае пратэсты, якія ахапілі краіну пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў.
«Сёстры і браты, наша дэмакратыя падвяргаецца рызыцы дзяржаўнага перавароту, які пачалі агрэсіўныя групоўкі, што парушаюць канстытуцыйны лад. Перад міжнароднай супольнасцю мы асуджаем гэты замах на вяршэнства закону», – адзначыў ён.
Маралес таксама заклікаў грамадзянаў бараніць дэмакратыю.
Convoco a nuestro pueblo a cuidar pacíficamente la democracia y la CPE para preservar la paz y la vida como bienes supremos por encima de cualquier interés político. La unidad del pueblo será la garantía para el bienestar de la Patria y la paz social.
— Evo Morales Ayma (@evoespueblo) November 9, 2019
У Балівіі ўжо тры тыдні адбываюцца масавыя акцыі пратэсту. Яны распачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў, на якіх перамог Маралес. Ягоны асноўны апанент Карлас Меса не прызнаў афіцыйныя вынікі выбараў і абвінаваціў дзейнага прэзідэнта ў спробе сфальсіфікаваць вынікі галасавання. У краіне распачаліся масавыя пратэсты, а 8 лістапада на бок дэманстрантаў пачалі пераходзіць паліцэйскія.
У Міністэрстве абароны Балівіі заявілі, што праводзіць вайсковую аперацыю супраць пратэстоўцаў пакуль не плануюць.
Маралес кіруе Балівіяй з 2006 года. У балівійцаў выклікала абурэнне сам удзел Маралеса ў сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах. Справа ў тым, што чатыры гады таму ў Балівіі адбыўся рэферэндум і большасць жыхароў краіны выступілі супраць зменаў у канстытуцыю, якія б дазволілі прэзідэнту пераабірацца чатыры тэрміна запар. Аднак Маралес вынікі рэферэндуму праігнараваў, а Канстытуцыйны суд краіны дазволіў яму вылучацца на новы тэрмін.
ІІ belsat.eu