«Пуцін спрабуе рэабілітаваць сталінізм». Прэм’ер Польшчы адказаў прэзідэнту Расеі


Прэмʼер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі лічыць, што адказнасць за пачатак Другой сусветнай вайны нясе не толькі фашысцкая Нямеччына, але і СССР. Польскі прэм’ер апублікаваў заяву, у якой адзначыў, што адказнасць за пакуты і смерці сотняў мільёнаў людзей у 20-м стагоддзі нясуць таталітарныя ідэалогіі.

«Падпісаны 23 жніўня 1939 года пакт Молатава – Рыбентропа не быў «дамовай аб ненападзе». Гэта быў палітычны і вайсковы саюз, які падзяліў Еўропу на дзве сферы ўплыву па лініі трох польскіх рэчак: Нарвы, Віслы і Саны, перанесенай месяцам пазней на лінію Буга, у выніку падпісана 28 верасня «Дамовы аб дружбе і мяжы паміж СССР і Германіяй». Ён быў прэлюдыяй да жахлівых злачынстваў, якія на працягу наступных некалькіх гадоў былі здзейсненыя па абодва бакі гэтай лініі», – адзначыў Матэўш Маравецкі.

Заява прэм’ер-міністра Польшчы Матэўша Маравецкага стала адказам на выказванні Уладзіміра Пуціна. Прэзідэнт Расеі яшчэ 19 снежня падчас прэс-канферэнцыі заявіў, што СССР не акупавала частку міжваеннай Польшчы і падкрэсліў, што напярэдадні Другой сусветнай вайны «Польшча сама паўдзельнічала ў падзеле Чэхаславакіі». Раней Міністэрства замежных справаў Расеі заявіла, што дамова аб ненападзе, якую СССР і Нямеччына падпісалі ў 1939 годзе, выратавала сотні тысячаў жыццяў.

У выніку Міністэрства замежных справаў Польшчы выступіла з крытыкаю заяваў расейскіх уладаў пра тое, што Польшча была адною з пачынальніц Другой сусветнай вайны.

У сваю чаргу прэмʼер-міністр Польшчы нагадаў, што вынікам дамовы паміж Гітлерам і Сталінам стала тое, што 1 верасня 1939 года гітлераўская Германія атакавала Польшчу, а 17 верасня 1939 г. – СССР. 22 верасня 1939 г. у Берасці адбыўся ўрачысты парад – святкаванне агульнай перамогі гітлераўскай Германіі і савецкай Расеі над незалежнай Польшчай. Такія парады не праводзяць бакі дамоваў аб ненападзе – гэта робяць саюзнікі і сябры.

«Менавіта так было ў выпадку Гітлера і Сталіна – доўгі час яны не толькі былі саюзнікамі, але і сябрамі. Гэтая дружба квітнела настолькі, што калі група з 150 германскіх камуністаў яшчэ да вайны збегла з Трэцяга рэйху ў СССР, у лістападзе 1939 года Сталін перадаў іх Гітлеру «у якасці падарунка», асуджаючы іх на верную смерць», – нагадаў Матэўш Маравецкі.

Абноўлена
Размова была жорсткая. У МЗС Польшчы выклікалі амбасадара Расеі
2019.12.28 08:18

Палітык піша таксама і пра супрацу паміж Гітлерам і Сталіным да самога моманту нападу Нямеччыны на СССР 22 чэрвеня 1941 году. Таксама нагадвае, што пакуль Гітлер ваяваў у Еўропе, Сталін таксама падпарадкоўваў адну за другой краіны, развіваў структуру ГУЛАГ.

«Злачынствы камунізму пачаліся яшчэ да Другой сусветнай вайны – пачынаючы з галоднай смерці мільёнаў расейцаў у пачатку 20-х гадоў, Вялікага галадамору, у выніку якога памерлі мільёны жыхароў Украіны і Казахстана, а таксама Вялікага тэрору, калі было забіта амаль 700 тысячаў палітычных праціўнікаў і простых грамадзянаў СССР», – піша Маравецкі.

Паводле ацэнак гісторыкаў, толькі ў Савецкім Саюзе былі забітыя ад 20 да 30 мільёнаў чалавек. За ўсе гэтыя злачынствы нясуць адказнасць камуністычныя лідары, перш за ўсё Іосіф Сталін.

«Словы прэзідэнта Пуціна ўспрымаю як спробу схаваць існыя праблемы. Расейскі лідар выдатна ведае, што яго абвінавачванні не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю – што ў Польшчы няма ні помнікаў Гітлеру, ні помнікаў Сталіну. Такія помнікі былі на нашай зямлі выключна тады, калі іх узводзілі агрэсары і злачынцы – гітлераўская Нямеччына і савецкая Расея».

Разам з тым польскі прэмʼер лічыць, што расейскі народ, які найбольш пацярпеў ад Сталіна, заслугоўвае праўды.

«Шчыра веру ў тое, што расейскі народ – гэта свабодныя людзі, і што яны адпрэчваюць сталінізм, нават калі прэзідэнт Пуцін спрабуе яго рэабілітаваць», – адзначыў Матэўш Маравецкі.

Hавiны
МЗС Польшчы адказала Пуціну: «Такія заявы асудзіў нават Хрушчоў»
2019.12.22 14:54

СК belsat.eu

Стужка навінаў