Прэм'ер-міністр Арменіі сышоў у адстаўку


Такім чынам кіраўнік армянскага ўраду хоча дамагчыся датэрміновых выбараў у парламент, каб перафарматаваць яго.

Увечары 16 кастрычніка прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян у эфіры армянскага Грамадскага тэлебачання абвесціў аб сыходзе ў адстаўку.

«Як я ўжо сказаў, сёння я падаю ў адстаўку з пасады прэм’ер-міністра Рэспублікі Арменія», – сказаў Пашыньян.

Гэтым крокам кіраўнік армянскага ўраду фактычна запускае працэдуру датэрміновых выбараў у парламент, падае армянская служба радыё «Свабода».

У верасні рэйтынг Пашыньяна дасягнуў максімуму – 82 %, але партыя мінулага кіраўніка Арменіі Сэржа Саргсьяна дагэтуль мае большасць у заканадаўчым органе і блакуе большасць прапановаў новага лідара.

Заяўленыя ў парламенце фракцыі ўжо запэўнілі, што не стануць вылучаць іншых кандыдатаў на пасаду прэм’ер-міністра.

Згодна з армянскімі законамі, калі на працягу бліжэйшых двух тыдняў парламентарыі двойчы не змогуць абраць новага прэм’ер-міністра, гэта прывядзе да аўтаматычнага роспуску Нацыянальнага сходу і прызначэння датэрміновых выбараў.

Паводле Пашыньяна, пазачарговыя выбары маюць адбыцца 9–10 снежня.

ДД

Стужка навінаў