Праз нястачу фінансаў можа спыніць працу афіцыйны партал Касцёлу ў Беларусі

Афіцыйны партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Catholic.by заявіў пра сур’ёзныя фінансавыя праблемы. Як паведамляецца, недахоп сродкаў на ўтрыманне сэрвісаў і выплату заробкаў супрацоўнікам можа прывесці да скарачэння дзейнасці парталу, а магчыма, і поўнага спынення.

Падтрымаць далейшую дзейнасць парталу можна з дапамогай добраахвотных ахвяраванняў. У Менску адпаведныя скарбонкі стаяць у архікатэдральным і Чырвоным касцёлах, у касцёлах на Залатой Горцы і ў Каменнай. Акрамя таго, на партале пачаў працу модуль электроннай аплаты, з дапамогай якога ахвяраванне можна зрабіць онлайн. Паводле афіцыйнага паведамлення, «падтрымка дзейнасці каталіцкіх СМІ – гэта магчымасць паглыбляць сваю веру, атрымліваць інфармацыю пра жыццё Касцёла на Беларусі і ў свеце, а таксама з дапамогай сродкаў камунікацыі несці святло Евангелля іншым людзям, якія яшчэ не сустрэлі ў сваім жыцці Хрыста».

На чыіх плячах ляжыць фінансавы цяжар?

Як адзначыў у каментары Belsat.eu дырэктар парталу ксёндз Аляксандр Улас, Catholic.by з’яўляецца часткай Касцёла, і таму яго ўтрыманне залежыць ад Касцёлу. «Таму была дадзеная адна з формаў, якая дазволіць вернікам прасцей складаць ахвяру на ўтрыманне Catholic.by», – распавёў суразмоўца.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўтрыманне каталіцкіх СМІ – гэта абавязак вернікаў, бо «інакш ніяк».

За ахвяраванні спрабуе дзейнічаць і «Радыё Марыя», праграмным дырэктарам якога таксама з’яўляецца айцец Аляксандр. Збірае сродкі на сваю дзейнасць праз краўдфандынг таксама хрысціянскі інфармацыйны партал Krynica.info.

Увогуле, як адзначыла ў каментары Belsat.eu багаслоў Наталля Васілевіч, для любой вялікай царкоўнай структуры афіцыйныя СМІ – неабходная рэч у забеспячэнні ўласнай інфармацыйна-камунікацыйнай дзейнасці.

З аднаго боку, яны дазваляюць кантраляваць распаўсюджванне навінаў, дакументаў, пазіцый па розных дыскусійных і контраверсійных пытаннях з жыцця і дзейнасці канкрэтнай рэлігійнай арганізацыі, з другога – выступаюць у якасці рэсурсу для журналістаў, якія пішуць пра рэлігійную арганізацыю, дазваляюць хутка і якасна шукаць кантэнт. Апошняе, паводле суразмоўцы, значна спрашчаючы журналісцкую задачу, матывуе журналістаў пісаць менавіта пра гэтую рэлігійную арганізацыю і прэзентаваць ейную афіцыйную пазіцыю.

Таму, мяркуе яна, у існаванні такіх афіцыйных СМІ, як Catholic.by, у першую чаргу павінны быць зацікаўленыя царкоўныя ўлады.

Яны ж павінны забяспечваць бюджэт любымі эфектыўнымі сродкамі – ці з уласных рэсурсаў, ці па грантавых праграмах, ці з дапамогай краўдфандынгу.

«Апошняе мае сэнс толькі ў выпадку, калі лаяльныя да сваіх царкоўных уладаў вернікі, адгукаюцца на мэтавы збор проста таму, што іх да гэтага заклікаюць; ці калі кантэнт, які прапануе царкоўны рэсурс зʼяўляецца якасным і цікавым настолькі, каб у вернікаў быў свой непасрэдны інтарэс працягваць чытаць ці слухаць такія медыі. Але, як правіла, без афіцыёзу вернікі цалкам могуць жыць, затое без яго не могуць жыць царкоўныя ўлады», – падзялілася меркаваннем Наталля Васілевіч.

Таму, паводле эксперткі, цяжар фінансавання, у першую чаргу, мае быць ускладзены на плечы царкоўных уладаў.

МГ, belsat.eu

Hавiны