Праз каронавірус Эстонія ўвяла надзвычайнае становішча


Урад Эстоніі ўвёў у краіне надзвычайнае становішча. Абмежавальныя захады будуць дзейнічаць да 1 траўня 2020 года, паведамляе прэсавая служба ўраду Эстоніі.

Прэм’ер-міністр краіны Юры Ратас выказаў меркаванне, што распаўсюджванне віруса – гэта комплексная праблема, якая ўплывае на розныя сферы жыцця Эстоніі.

«Абсалютным прыярытэтам ураду зʼяўляецца абарона здароўя жыхароў Эстоніі. Надзвычайнае становішча неабходнае для таго, каб Эстонія магла найбольш эфектыўна супрацьстаяць распаўсюду каронавірусу. Дзяржава павінная даць насельніцтву зразумелыя і пры неабходнасці абавязковыя да выканання інструкцыі, якія дапамогуць спыніць вірус», – падкрэсліў прэмʼер-міністр Юры Ратас.

Надзвычайнае становішча ў Эстоніі прадугледжвае забарону на правядзенне ўсіх публічных мерапрыемстваў, зачыняюцца навучальныя ўстановы. З панядзелка, 16 сакавіка, прыпыніцца дзейнасць гурткоў і секцыяў.

У пунктах перасячэння мяжы ўвядуць санітарны кантроль з мэтай выяўлення ў людзей каронавірусу.

Акрамя таго да 1 траўня будуць зачыненыя музеі і кінатэатры.

Па стане на 13 сакавіка ў Эстоніі зарэгістраваныя 27 выпадкаў заражэння на каронавірус.

Паводле апошніх звестак, у свеце зафіксавана 128 343 выпадкаў заражэння на каронавірус. 4 720 інфікаваных памерлі, 68 324 вылечыліся.

У Беларусі афіцыйна паведамляецца, што ініфікаваныя на каронавірус 21 асоба.

Hавiны
Надзвычайнае становішча ў Еўропе: закрываюць школы, ВНУ, кавярні і рэстарацыі
2020.03.13 08:35

СК belsat.eu

Стужка навінаў