Праз абстрэл нафтавых аб'ектаў Саудаўская Аравія і Іран абмяняліся пагрозамі


Эскалацыя на Блізкім Усходзе: улады Саудаўскай Аравіі заявілі, што гатовыя прыняць любыя неабходныя меры ў якасці адказу на напад, здзейснены на яе нафтавыя абʼекты. Адказнасць ускладаюць на Тэгеран – там, у сваю чаргу, гэтыя абвінавачванні называюць беспадстаўнымі.

Як перадае Бі-бі-сі, міністэрства замежных спраў Саудаўскай Аравіі заявіла, што азнаёмілася з папярэднімі вынікамі расследавання, праведзенага пасля нападу на нафтавыя абʼекты. З яго нібыта вынікае, што пры нападзе выкарыстоўвалася іранская зброя. Акрамя таго, удар, паводле дадзеных міністэрства, быў нанесены з поўначы, а не з поўдня, дзе размяшчаюцца еменскія паўстанцы, якія пазней узялі на сябе адказнасць за абстрэл. Эр-Рыяд працягвае следчыя дзеянні і канчатковых вынікаў расследавання пакуль няма.

Раней з падобнымі заявамі ўжо выступіла міністэрства абароны Саудаўскай Аравіі, пацвердзіўшы выкарыстанне беспілотнікаў і крылатых ракетаў іранскай вытворчасці. Цяпер улады краіны кансультуюцца са сваймі хаўруснікамі, абмяркоўваючы магчымыя варыянты адказу на напад. Пры гэтым дыпламат не стаў удакладняць, якія менавіта варыянты магчымыя.

ЗША таксама ўскладаюць на Тэгеран адказнасць за напад на саудаўскія нафтавыя абʼекты. Пентагон абвясціў, што пашле ў Саудаўскую Аравію вайсковы кантынгент, мэтай якога стане ўмацаванне супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны краіны. Памер гэтага кантынгенту пакуль не вызначаны, дакладная дата адпраўкі невядомая.

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп са свайго боку анансаваў новыя санкцыі супраць Ірану.

Афіцыйна адказнасць за атаку на саудаўскія нафтавыя абʼекты ўзялі на сябе еменскія паўстанцы-хуситы, якія карыстаюцца падтрымкай Ірана. Сам Тэгеран у сваю чаргу ў чарговы раз заявіў, што не мае дачынення да таго, што здарылася. Акрамя таго, узброеныя сілы краіны прыгразілі, што Іран знішчыць любога, хто паспрабуе на яго напасці.

Напад на нафтавую інфраструктуру Саудаўскай Аравіі адбыўся ў ноч на 14 верасня. У выніку былі выведзеныя са строю два важных абʼекты, у тым ліку найбуйнейшы ў свеце нафтаперапрацоўчы завод. Здабыча нафты ў каралеўстве скарацілася прыкладна ўдвая, а цэны на нафту рэзка выраслі па ўсім свеце. Адказнасць узялі на сябе еменскія паўстанцы-хусіты, якія ўжо чатыры гады фактычна знаходзяцца з Саудаўскай Аравіяй ў стане вайны. Напружанасць у рэгіёне працягвае расці.

КА belsat.eu

Стужка навінаў