Праваабаронцы: выбарчая кампанія праходзіць у атмасферы страху


Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавала аналітычную справаздачу па назіранню за выбарчай кампаніяй у перыяд з 8 па 14 чэрвеня.

Праваабаронцы адзначаюць, што «выбарчая кампанія праходзіць у атмасферы страху, запалохвання выбарнікаў і ціску на актывістаў ініцыятыўных групаў».

«Адбываецца прэсінг актывістаў ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай, якая вымушана была скасаваць пікеты па зборы подпісаў у буйных гарадах, а таксама на прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыку», – падкрэсліваецца ў справаздачы.

Праваабаронцы канстатуюць, што ператрус у галоўным офісе «Белгазпрамбанку» быў звязаны з прафесійнай дзейнасцю патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. «У рэгіёнах некаторыя сябры ініцыятыўнай групы названага вылучэнца перасталі выходзіць на сувязь, некаторым на неабгрунтаваных падставах былі вынесеныя папярэджанні аб прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці», – адзначаецца ў дакуменце.

Нягледзячы на ранейшыя затрыманні актывістаў, пікеты па зборы подпісаў актыўна праходзяць у большасці рэгіёнаў «у адносна спакойнай абстаноўцы», адзначаюць назіральнікі.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу і аказанне ціску падчас збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Назіральнікі сцвярджаюць, што маюць інфармацыю прыкладна пра сотню фактаў прымусу падпісвацца за дзейнага кіраўніка дзяржавы. «Прыкладна чвэрць з іх – пагрозы звальнення ў той ці іншай форме, якія выказваюцца ў адрас працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў у выпадку іх непадпарадкавання», – паведамляецца ў справаздачы.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў