Цягам дня ў Менску будуць судзіць 8 актывістаў апазіцыі


У судзе Маскоўскага раёну Менску разглядаецца серыя адміністрацыйных працэсаў над удзельнікамі перадвыбарчых пікетаў і мітынгаў, якія адбыліся ў сталіцы ў лістападзе, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Цягам пятніцы, 6 снежня, суд разглядае 8 адміністрацыйных справаў у дачыненні да актывістаў. Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП)

Грамадскага актывіста Максіма Вінярскага аштрафавалі на 50 базавых велічыняў (1275 рублёў). Наста Гусева атрымала штраф у памеры 30 базавых велічыняў (765 рублёў). Арцём Чарняк – 50 базавых велічыняў (1275 рублёў). Андрэй Шарэнда, жыхар Берасця, не з’явіўся у суд. Але суддзя вынес пастанову – штраф у памеры 50 базавых велічыняў (1275 рублёў) без удзелу актывіста.

Не было на судзе і жыхара Воршы Змітра Казлова, якому прысудзілі 25 базавых велічыняў (637,5 рублёў).

Кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве атрымаў штраф у памеры 50 базавых велічыняў (1275 рублёў).

У судзе працягваецца разгляд справы ў дачыненні да Яўгена Афнагеля.

Напярэдадні, 5 снежня, у Цэнтральным судзе Менску разгледзелі 8 адміністрацыйных справаў. Актывістаў пакаралі штрафамі на агульную суму 7 650 рублёў.

Hавiны
Напярэдадні пратэставай суботы ў Менску судзяць актывістаў
2019.12.05 12:15

СК belsat.eu

Стужка навінаў