Працуеш ці вучышся за мяжой? Рыхтуй да 500 еўра, каб даказаць, што не дармаед


Тлумачым на пальцах, што трэба рабіць, каб не трапіць у чарговы спіс «не занятых у эканоміцы» і колькі гэта будзе каштаваць.

У беларускіх уладаў зноў закіпела праца па пошуку так званых «дармаедаў» – грамадзянаў, якія не працуюць на карысць роднай дзяржавы. Аўтаматам у спісы рызыкуюць трапіць не толькі беспрацоўныя, але і тыя беларусы, што працуюць ці вучацца за мяжой, калі яны самі не парупяцца сабраць адпаведныя даведкі. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны распрацавала алгарытм дзеянняў для такіх грамадзянаў. Паспрабуем у ім разабрацца.

Лагічнае пытанне: чаму я ўвогуле павінен нешта даказваць?

Да гэтага абавязвае славуты Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1, які быў прыняты вясной 2018 года. Згодна з ім, дармаедам лічыцца кожны працаздольны беларус, які не сплочвае падаткі і адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва на радзіме. Ёсць, праўда, шэраг выключэнняў, але тых, хто працуе і вучыцца за мяжой, ён не датычыць.

Хто будзе складаць новыя «спісы дармаедаў»?

Адмысловыя камісіі пры мясцовых выканкамах.

Я працую за мяжой. Ці буду я лічыцца «дармаедам»?

Не, у тым выпадку, калі прадставіце ў гэтыя камісіі дакументы, якія пацвярджаюць працу.

Я вучуся за мяжой. Мо, у гэтым выпадку я не «дармаед» для Беларусі?

Калі гэта завочная форма навучання, то ўсё ж такі вы «дармаед». Калі навучанне дзённае, гэтак жа, як і ў выпадку з працай, трэба даслаць у адпаведныя органы дакументы з установы адукацыі.

Куды дасылаць паперы?

У адмысловую «камісію па каардынацыі працы па спрыянні занятасці насельніцтва» пры выканкаме па месцы рэгістрацыі.

Якія дакументы трэба прадставіць гэтай камісіі?

Для працуючых:

  • копія працоўнай дамовы (кантракта);
  • копія пасведчання, ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай, натарыяльнай дзейнасці;
  • копіі іншых дакументаў, якія пацвярджаюць працу за мяжой.

Для студэнтаў:

  • даведка з навучальнай установы;
  • копія дамовы на аказанне адукацыйных паслуг;
  • копіі іншых дакументаў, якія пацвярджаюць навучанне за мяжой.

На якой мове павінны быць дакументы, што будуць дасылацца ў камісіі?

Гэта мусіць быць пераклад на расейскую альбо беларускую мовы. Абавязкова афіцыйна завераны – натарыяльна, апастылем, ці праз іншую форму завярэння афіцыйнага перакладу дакументаў згодна з заканадаўствам краіны, у якой робіцца пераклад. Па гэтым пункце судовая перакладчыца, беларуска, якая працуе ў Чэхіі і непасрэдна тым і займаецца, што перакладае дакументы, Крысціна Шыянок, заўважае, што тлумачэнні на сайце Міністэрства працы недастатковыя, бо незразумела, што рабіць з апастылем, які будзе прадстаўляцца на дзяржаўнай мове – таксама перакладаць?

Я пераклаў усе дакументы. Як іх прадставіць у камісію?

Ёсць некалькі варыянтаў:

  • па электроннай пошце. Тут трэба запомніць, што памер файла, які адсылаецца, не мусіць перавышаць 5 Мб. Прымаюць камісіі толькі наступныя фарматы: pdf, jpg, jpeg, png;
  • самым звычайным папяровым лістом;
  • праз асабісты зварот на сайце выканкаму.

Усе адрасы – як фізічныя, так і электронныя, давядзецца шукаць на афіцыйных сайтах раённых ці гарадскіх выканаўчых камітэтаў ці адміністрацыяй раёнаў у гарадах.

Крысціна Шыянок на падставе сваёй практыкі звяртае ўвагу, што электронны спосаб дастаўкі і пераклады могуць быць несумяшчальнымі, паколькі апошнія падшываюцца да зыходнага дакументу, прашнуроўваюцца і змацоўваюцца пячаткай. Якасныя сканы зрабіць з такога дакументу не так проста.

Колькі гэта будзе каштаваць?

Кошты адрозніваюцца ў кожнай краіне. Але, напрыклад, Крысціна Шыянок распавяла, што ўмоўная старонка перакладу 1800 сімвалаў з прабеламі (прыблізна палова фармату А4) з чэшскай мовы абыдзецца ў суму ад 10 еўра.

«Сапраўды спачуваю «недармаедам» з працоўнымі дамовамі на 50 аркушаў», – кажа Крысціна.

Адзінае, што падабаецца ў гэтай сітуацыі Крысціне, гэта што пераклад можна зрабіць на беларускую мову.

Калі трэба прадставіць дакументы (скрайні тэрмін)?

Да 21 студзеня 2019 года. Бо спісы «дармаедаў» будуць гатовыя да 1 лютага 2019 года. Але яны будуць складацца кожны квартал. Таму Міністэрства працы раіць арыентавацца яшчэ і на наступныя дэдлайны: 21 красавіка, 21 ліпеня, 21 кастрычніка.

Я магу даслаць дакументы адзін раз і забыцца пра дэкрэт «аб дармаедах»?

Не. Пакуль вы – грамадзянін Беларусі, перыяд, цягам якога вы можаце спакойна жыць без збору паперак і не лічыцца на радзіме дармаедам, будзе вызначаць камісія на падставе вашых дакументаў. І так, пасля сканчэння гэткай «адтэрміноўкі» вам зноў трэба будзе збіраць дакументы і плаціць грошы за пераклад і перасылку.

Што будзе, калі не замарочацца і ніякіх дакументаў у Беларусь не дасылаць?

Давядзецца аплочваць камунальныя паслугі ў 100% памеры. Гаворка ідзе пра паслугі на ацяпленне, гарачую ваду і газ. Таксама, згодна з Дэкрэтам, аплочваць 100% камунальныя паслугі давядзецца толькі тым, хто валодае кватэрай на радзіме і калі яна зарэгістраваная на вашае імя. То бок, калі вы «дармаед» і не валодаеце кватэрай, то аплочваць 100% камунальныя паслугі вам не давядзецца.

Кацярына Міхальчык

Стужка навінаў