Праціўнікі берасцейскага акумулятарнага заводу звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН


Жыхары Берасцейскага раёну запатрабавалі вынесці на мясцовы рэферэндум пытанне аб забароне ў раёне любой дзейнасці, звязанай з вытворчасцю свінцова-кіслотных акумулятараў. 3 чэрвеня Берасцейскі абласны суд адмовіў актывістам у гэтым.

Раней райвыканкам Берасцейскага раёну адмовіўся рэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзенні мясцовага рэферэндуму. Гэтае рашэнне 9 красавіка праціўнікі спрабавалі аспрэчыць у судзе Ленінскага раёну Берасця, але суд стаў на бок раённай адміністрацыі. Цяпер актывісты плануюць звярнуцца са скаргаю ў міжнародныя структуры.

«Пасля шэрагу адмоваў у грамадзянаў з’явілася магчымасць абскардзіць гэтыя парушэнні ў Камітэце па правах чалавека ААН, чым яны і хочуць скарыстацца. У грамадзянаў ёсць права ўдзельнічаць у вядзенні дзяржаўных спраў, у тым ліку і шляхам рэферэндуму, і мы лічым, што гэтае права было незаконна абмежавана для жыхароў Берасцейскага раёну.

Улады баяцца, што людзі прагаласуюць супраць заводу, фактычна атрымліваецца, што яны не хочуць браць на сябе адказнасць за закрыццё незаконна пабудаванага заводу», – сказаў у каментары belsat.eu праваабаронца Раман Кісляк.

Падчас акцыі супраць акумулятарнага заводу 2 чэрвеня блогера Сяргея Пятрухіна затрымалі і даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе склалі пратакол паводле артыкулу 17.1 КоАП РБ (дробнае хуліганства).

Ноч да суду блогер правёў у ізалятары часовага ўтрымання. 3 чэрвеня Пятрухін выйшаў на свабоду, а разгляд ягонай справы ў судзе Ленінскага раёну Берасця пройдзе 10 чэрвеня.

ВІДЭА
«Проста хочацца жыць». Як берасцейцы ўдзень і ўначы пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу
2019.05.25 11:43

Акумулятарны завод будуецца ў свабоднай эканамічнай зоне «Берасце» кампаніяй «АйПаўэр». Жыхары гораду і прылеглых вёсак лічаць, што прадпрыемства пагражае іхнаму здароўю і навакольнаму асяроддзю. Амаль паўтары гады людзі выходзяць на пратэсты на плошчу Леніна ў Берасці. За ўдзел у гэтых акцыях берасцейцаў рэгулярна судзяць.

Гэтак, на мінулым тыдні 10 базавых велічынь штрафу (255 рублёў) атрымалі Анатоль Ярмоленка і Аляксандр Казлянка. 3 чэрвеня штраф 127.5 рублёў (5 базавых) атрымаў Эдуард Сіліцкі, а 4 траўня будуць судзіць яшчэ аднаго праціўніка заводу – Яўгена Саўчука.

АС belsat.eu

Стужка навінаў