Працаўнік БелАЭС: «Некаторыя ў межах прафілактыкі COVID-19 столькі з'елі цытрамону, што ў іх дыярэя»


8 красавіка на БелАЭС выявілі 15 інфікаваных каронавірусам грамадзянаў Расеі. Мінаховы здароўя інфармуе, што інфікаваных ізалявалі. У інфармацыйным цэнтры БелАЭС «Белсату» пацвердзілі, што на аб’екце цяпер ладзіцца шэраг захадаў.

Працаўнікі Астравецкай АЭС кажуць, што заявы кіраўніцтва разыходзяцца з рэчаіснасцю.

«Напярэдадні напісалі, што нібыта ўсё пад кантролем. Нібыта дэзынфекавалі ўсе будынкі, працаўнікі ўсе ў масках і пальчатках. Але гэта не датычыла будаўнікоў, якія не маюць ахоўных сродкаў. Афіцыйна заяўляюць, што ва ўсіх на КПП правяраюць тэмпературу. А калі ў некага яна павышаная, то тады чалавеку блакуюць пропуск і не пускаюць на тэрыторыю будаўніцтва. Дык вось, на самой справе ніколі ў нас, ні ўчора, ні пазаўчора, ні месяц таму ніхто не правяраў тэмпературу. Хіба што толькі правяраюць на наяўнасць перагару ў чалавека», – паведаміў працаўнік БелАЭС

Hавiны
У 15 расейцаў, якія будуюць АЭС у Астраўцы, выявілі каронавірус
2020.04.08 11:48

Паводле працаўніка, на АЭС людзі праходзяць два КПП. Вонкавы, дзе знаходзіцца міліцыя і пазаведамасная ахова, а другі КПП – унутраны, дзе працуюць вайскоўцы і ўласная служба бяспекі.

«Дэзынфекцыя праводзілася толькі для асобаў, якія ў «белых касках». Гэта інжынеры і кіраўніцтва. Нейкія працы вяліся толькі на галоўных будынках. На звычайных будаўнікоў мне падаецца, усім пляваць», – сведчыць працаўнік БелАЭС.

Hавiны
Антыядравыя актывісты: «Планаваць запуск БелАЭС у часе пандэміі – безадказна»
2020.04.08 17:38

Адразу пасля выяўлення каронавіруса ў расейскіх будаўнікоў, з абʼекту забралі каля сотні асобаў, якія зʼяўляюцца кантактамі першага ўзроўню. Але, на думку суразмоўцы «Белсату», гэтага недастаткова.

«На правяранне забралі з пляцоўкі каля 100 асобаў, гэта сапраўды так. Увогуле гэта тыя асобы, якія маглі кантактаваць з інфікаванымі. Але ў шпіталях далёка не ўсе, хто меў з імі зносіны. Справа ў тым, што калі шчыра падыходзіць і ізаляваць усіх, хто меў кантакт, то трэба ізаляваць агулам усю АЭС. Бо тут усе мы «кантакты пэўнага ўзроўню». Тэрыторыя пляцоўкі агароджаная з усіх бакоў, мы ў зачыненай прасторы», – кажа працаўнік.

Крыніца «Белсату» таксама адзначае, што людзі хвалююцца, баяцца заразіцца і захварэць.

«Людзі панікуюць, перажываюць. Некаторыя ў межах прафілактыкі ўжо набылі парацэтамол і цытрамон і так наеліся гэтых лекаў, што ў іх дыярэя. Гэта сведчанне таго, што можа выклікаць неадукаванасць, недахоп інфармацыі, фэйкі і гэтак далей», – кажа працаўнік БелАЭС.

Hавiны
Міністр аховы здароўя распавёў, калі чакаць піка эпідэміі каронавіруса ў Беларусі
2020.04.09 13:01

У інфармацыйным цэнтры БелАЭС «Белсату» распавялі, што на пляцоўцы атамнай электрастанцыі цяпер робіцца досыць шмат захадаў. У тым ліку вядзецца і інфармацыйная праца.

«У месцах агульнага доступу мы падрыхтавалі і размясцілі інфармацыйныя матэрыялы. Мы намагаемся патлумачыць, што такое COVID-19, якія захады прафілактыкі неабходныя, як вірус распаўсюджваецца. Ва ўсіх месцах агульнага карыстання ўсталяваныя дазатары для дэзынфекавання. Я б не сказаў, што паніка, прайшоў час з таго моманту, як распаўсюджваецца гэтая інфекцыя ў свеце. Ды і скажу, што маральна і псіхалагічна мы былі гатовыя да зʼяўлення заражэнняў на нашым абʼекце. Тое, што нехта распавядае адрознае – то гэта, верагодна, фэйк. Бо праца робіцца і яе не заўважаць немагчыма», – сведчаць у інфармацыйным цэнтры БелАЭС.

Па стане на 9 красавіка ў Беларусі быў інфікаваны каронавірусам 1486 чалавек: 1331 праходзяць лячэнне ў шпіталях, 139 выздаравелі, 16 памерлі. Паводле Мінаховы здароўя, на Гарадзеншчыне 28 асобаў, якія інфікаваныя каронавірусам, шпіталізаваныя.

Hавiны
Урад Беларусі зацвердзіў умовы рэжыму самаізаляцыі
2020.04.09 09:09

СК belsat.eu

Стужка навінаў