Пратэсты ў Алжыры працягваюцца: дэманстранты патрабуюць поўнай змены палітычнага рэжыму


Дзясяткі тысяч чалавек у Алжыры зноў выйшлі на мірную акцыю пратэсту, патрабуючы сыходу кіроўнай эліты дзяржавы. «Мы не заткнёмся», – крычалі яны.

Масавыя дэманстрацыі ў Алжыру пачаліся ў канцы лютага. Людзі пратэставалі супраць вылучэння на пяты прэзідэнцкі тэрмін Абдэль Азіза Бутэфлікі, які кіраваў краінай з 1999 году. Пратэстоўцы перамаглі: 11 сакавіка Бутэфліка адмовіўся балатавацца на новы тэрмін, а 2 красавіка сышоў у адстаўку. Часовым прэзідэнтам Алжыру стаў 77-гадовы Абделькадер Бенсалех, які ўзначальваў Савет нацыі (верхнюю палату парламента) са студзеня 2016 года.

Між тым пратэсты ў Алжыры працягваюцца: кожную пятніцу людзі выходзяць на вуліцы сталіцы краіны, патрабуючы сыходу ўсёй палітычнай эліты і поўнай змены палітычнага рэжыму. «Вы павінны сысці» і «Злодзеі, вы разбурылі краіну», – напісана на плакатах пратэстоўцаў. «Алжыр – свабодны і дэмакратычны», – крычалі дэманстранты.

У красавіку начальнік генштаба алжырскай арміі Гаід Салах, які сыграў важную ролю ў сыходзе Бутэфлікі з пасады, заявіў, што супраць шэрагу прадстаўнікоў алжырскай эліты будуць распачатыя крымінальныя справы па абвінавачванні ў карупцыі. У прыватнасці, праваахоўнікі арыштавалі пяць найбуйнейшых бізнесоўцаў, якія ўваходзілі ў атачэнне былога прэзідэнта краіны Бутэфлікі

Выбары ў Алжыры прызначаныя на 4 ліпеня.

ІІ belsat.eu, паводле Reuters

Стужка навінаў