Прарасейская ініцыятыва «Саюз»: хто яны і чым займаюцца?

Летась, 17 ліпеня, у Віцебску было абвешчана пра стварэнне грамадзянскай ініцыятывы «Саюз», якая будзе садзейнічаць уладам Беларусі і Расеі ў будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Адным з лідараў ініцыятывы з’яўляецца Сяргей Бабурын – экс-дэпутат Дзярждумы і суарганізатар нацыяналістычных «Рускіх маршаў». Belsat.eu разбіраўся, што ўяўляе сабою «Саюз» сёння і чым ініцыятыва адзначылася за час свайго існавання.

Адкуль яны з’явіліся?

Ідэя стварэння арганізацыі, якая б прапагандавала беларуска-расейскую інтэграцыю, нарадзілася ў 2016 годзе. Ля вытокаў стаялі прадстаўнікі грамадска-палітычных арганізацыяў і экспертных суполак Беларусі і Расеі. Яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння «Саюзу» яны правялі шэраг канферэнцыяў і форумаў, садзейнічалі выданню кнігаў з прарасейскім поглядам на гісторыю. 17 ліпеня 2018 года ў Віцебску прайшоў устаноўчы з’езд ініцыятывы, а 17 верасня 2018 года адбыўся другі з’езд у Горадні.

Лідары «Саюзу» – хто яны?

Сергей Бабурын. Фота – rosbelsoyuz.su

На першым з’ездзе грамадзянскай ініцыятывы «Саюз» былі абраныя чатыры сустаршыні – па два ад Беларусі і Расеі. Ад РФ сустаршынямі сталі Сяргей Бабурын і Станіслаў Бышок. Сяргей Бабурын – былы дэпутат Дзярждумы трох скліканняў, у 90-х быў намеснікам старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і РФ. Адзін з арганізатараў нацыяналістычных «Рускіх маршаў», лідар нацыянал-кансерватыўнай партыі «Расейскі агульнанародных саюз», якая ў сваіх статутных дакументах ставіць сваёй мэтаю аб’яднанне РФ, Беларусі і Украіны. Станіслаў Бышок – палітычны аналітык і выканаўчы дырэктар расейскай маніторынгавай арганізацыі CIS-EMO. Суаўтар кнігі «Дэмакратыя пад агнём. Выбары ў народных рэспубліках Данбасу», у якой сцвярджаецца, што непрызнаны ва ўсім свеце рэферэндум аб незалежнасці ДНР і ЛНР быў па-сапраўднаму свабодным і дэмакратычным, а ўкраінскія сілавікі пры гэтым мэтанакіравана знішчалі насельніцтва «Наваросіі».

З беларускага боку сустаршынямі сталі Сяргей Лушч і Леў Крыштаповіч. Сяргей Лушч – лідар маладзёвай арганізацыі «Русь маладая» (Румол), арганізатар прарасейскіх імпрэзаў у Беларусі, адзін з ініцыятараў шэсця «Бессмертный полк» у 2018 годзе.

Акцыя «Бессмертный полк» у Менску. Фота: Ірына Арахоўская/Belsat.eu

Леў Крыштаповіч – прафесар і выкладчык, прыхільнік канцэпцыі заходнерусізма. У 2008-2014 гг. займаў пасаду намесніка дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта. Актыўна друкуецца на прарасейскіх рэсурсах, называе Украіну «бандэраўска-фашысцкай дыктатурай», а на ЗША ўскладае віну за вайну на Данбасе. Нядаўна Крыштаповіч таксама выступіў з крытыкай палітычнай лініі МЗС Беларусі, у якой, на ягоную думку, робіцца занадта моцны акцэнт на ідэях незалежнасці і адкрытасці ўсяму свету, што шкодзіць саюзу з Расеяй.

Леў Крыштаповіч. Фота – скрыншот з відэа БелРос ТВ

Якія мэты «Саюз» ставіць перад сабою?

Паводле статуту, асноўнай задачай «Саюзу» зʼяўляецца дапамога ўладам РФ і Беларусі ў рэалізацыі Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Сярод мэтаў ініцыятывы – папулярызацыя ідэяў Саюзнай дзяржавы, кансалідацыя грамадска-палітычных сілаў Беларусі і Расеі, садзеянне патрыятычнаму выхаванню і актуалізацыя ідэі прыняцця Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы.

Сяргей Лушч на пракрамлёўскім форуме «Крымскі сцэнар» у Севастопалі. Фота – rosbelsoyuz.su

Фармальна лідары «Саюза» не заклікаюць, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі. Афіцыйна ў статутных дакументах падкрэсліваецца, што рэалізацыі дамовы аб Саюзнай дзяржаве нібыта не прадугледжвае ўшчамлення незалежнасці і суверэнітэту Беларусі і Расеі. Аднак сённяшні ўзровень інтэграцыі дзвюх краінаў «Саюз» лічыць нездавальняючым. Як гаворыцца ў маніфесце арганізацыі, інтэграцыі ў тым ліку перашкаджаюць «краіны Захаду і іх марыянеткі – беларускія нацыяналісты і расейскія лібералы».

«Беларуска-расейскі саюз, з нашага пункту гледжання, павінен абапірацца на ідэю агульнарускай цывілізацыі, якая ахоплівае ўсе перыяды сумеснага дзяржаўнага будаўніцтва беларусаў, велікарусаў (рускіх) і маларусаў (украінцаў) – Старажытную Русь, Расейскую Імперыю і Савецкі Саюз», – адзначаецца ў маніфесце «Саюзу».

Чым яны займаюцца?

Другі з’ездз ініцыятывы. Фота – rosbelsoyuz.su

У сваім статуце «Саюз» пазначае пяць асноўных напрамкаў сваёй дзейнасці: інфармацыйна-аналітычнае, арганізацыйнае, па сувязях з палітычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю, па барацьбе з фальсіфікацыяй гісторыі, па сувязям з рэлігійнымі арганізацыямі.

Мяркуючы па таму, што распавядае пра дзейнасць «Саюзу» іх уласны сайт, у асноўным актыўнасць ініцыятывы абмяжоўваецца арганізацыяй або проста ўдзелам у круглых сталах, канферэнцыях і семінарах, што прысвечаны развіццю стасункаў Беларусі і Расеі ў розных сферах жыцця. Прычым ладзяцца яны пераважна на тэрыторыі РФ.

Важнае месца ў дзейнасці «Саюзу» займае выдавецкая справа. Арганізацыя мэтанакіравана займаецца прасоўваннем прарасейскага погляду на беларускую гісторыю. У прыватнасці, пры іх падтрымцы былі выдадзеныя кнігі «Несвядомая гісторыя Белай Русі», «Гонар Савецкай Беларусі», «Міхаіл Мураўёў-Віленскі. Уціхамірнік і рэфарматар Паўночна-заходняга краю Расейскай імперыі», «Белая гвардыя Белай Русі» і г.д.

Хто іх падтрымлівае?

«Саюз» выглядае даволі эфемернай структурай з неакрэсленым колам стэйкхолдэраў. У статуце ініцыятывы гаворыцца, што «Саюз» гэта добраахвотнае аб’яднанне грамадзянаў і юрыдычных асобаў РФ і Беларусі. Аднак спіс палітычных партыях і грамадскіх арганізацыяў, што падтрымліваюць ініцыятыву, нідзе не прапісаны. Між тым, на імпрэзах «Саюзу» ў розныя часы былі заўважаныя прадстаўнікі самых розных структураў. Гэтак, ва ўстаноўчым сходзе арганізацыі прымалі ўдзел прадстаўнікі РПЦ – пратаірэй Андрэй, які працуе ў Віцебскай епархіі кіраўніком аддзелу рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, звярнуўся да прысутных з прамоваю. На тым жа з’едзе з «палымянай» прамоваю выступіў лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, які заклікаў паскорыць будаўніцтва Саюзнай дзяржавы.

Алег Гайдукевіч

Акрамя таго, на з’ездзе прысутнічалі сябры апазіцыйных структураў – «Гавары праўду» (Ігар Грышанаў) і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» (Мікалай Селівашка і Мікалай Петрушэнка). У сходах «Саюзу» заўважаны таксама прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, Агенцтва інтэграцыйных ініцыятываў (Смаленска), кансерватыўна-манархічнага тэлеканалу «Царград». Дарэчы, «Царград» у свой час забяспечваў актыўнае інфармацыйнае падтрыманне груповак ДНР і ЛНР. Заснавальнік каналу – расейскі алігарх Канстанцін Малафееў. Захад уключыў яго ў санкцыйны спіс за падтрыманне агрэсіі РФ супраць Украіны, а ўкраінскі МУС распачаў крымінальную справу за фінансаванне незаконных узброеных фармаванняў на Данбасе. Паводле шэрагу СМІ, лідары баевікоў ДНР Ігар Стралкоў-Гіркін і Аляксандр Барадай да вайны працавалі на Малафеева.

Аднак гэта не значыць, што ўсе згаданыя арганізацыі рэальна ўдзельнічаюць у працы ініцыятывы ці хаця б проста падтрымліваюць яе. Напрыклад, у «Гавары праўду» катэгарычна адхрысціліся ад «Саюзу». Як заявіў belsat.eu Андрэй Дзмітрыеў, актывіст «Гавары праўду» Ігар Грышанаў прысутнічаў на ўстаноўчым зʼедзе «Саюзу» як прыватная асоба.

Андрэй Дзмітрыеў

«З Ігарам пасля была праведзеная размова. Ён сказаў, што паехаў на сустрэчу, каб азнаёміцца з пазіцыяй гэтай структуры, але не галасаваў і не зʼяўляецца яе заснавальнікам. Фактычна, прысутнічаў там у якасці госця», – патлумачыў Дзмітрыеў. Палітык дадаў, што «Гавары праўду» лічыць незалежнасць і суверэнітэт абсалютнай каштоўнасцю, не падтрымлівае «Саюз» і не лічыць для сябе магчымым супрацоўнічаць з гэтай арганізацыяй.

Ці мае арганізацыя палітычныя амбіцыі?

Прынамсі пакуль яна іх не праявіла. Ды і праяўляць гэтыя амбіцыя там фактычна няма каму. Топавыя фігуры «Саюзу», за выключэннем Сяргея Бабурына, наагул уласна палітыкай ніколі не займаліся.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Hавiны