Пракачалі «CIAHLICY». Яшчэ можна паспець на выставу і лекцыю па арт-актывізме


Да 10 студзеня ў Менску праходзіць выстава CIAHLICY ў межах «Квір-арт-майстэрні». Да ўдзелу ў праекце запрашалі ЛГБТК-людзей з Менску і рэгіёнаў. Каб навучыцца мастацкім практыкам у межах «майстэрні», удзельнікі працавалі над стварэннем арт-аб’ектаў, разважаючы на тэму таго, як мастацкае выказванне і выкарыстанне асабістай гісторыі можа ператварацца ў інструмент арт-актывізму. Арганізатарка «Квір арт-майстэрняў» Міла Вядрова, удзельніца праекту «MAKEOUT», распавяла belsat.eu аб праекце, але пагадзілася даць інтэрвʼю толькі за дзень да закрыцця выставы.

Справка
Арт-актывізм – форма пратэсту ў сучасным грамадстве, эфектыўны сродак выказвання грамадзянскай пазіцыі і данясення да грамадства сацыяльных, палітычных праблемаў.

Некалькімі гадамі раней у межах «MAKEOUT» быў зрэалізаваны праект, які курыравала Саша Ігнатовіч, – «Лабараторыя фемінісцкага і квір-кіно», здаецца, менавіта ён зарадзіў зернетка-ідэю «Квір арт-майстэрняў». Майстэрні – гэта праект, удзельніцай якога з вялікім задавальненнем стала б я сама, здаецца, па-іншаму праекты рабіць і не варта. Праз адкрыты кол мы сабралі групу творчых ЛГБТК-людзей. І з траўня да снежня яны навучаліся розным мастацкім практыкам пад ментарствам беларускіх мастачак і мастакоў. У працэсе паспелі нават сфармаваць перформанс-групу і зʼездзіць на фестываль «Рэбры Евы». Цяпер кульмінацыя праекту – выстава «CIAHLICY» ў сяброўскай прасторы «Другі паверх».

Мне здаецца гэты праект важным, бо ў апошнія гады я шмат думаю пра тое, як важна мець прастору для таго, каб абмяркоўваць, даследаваць, рэфлексаваць, натхняць, знаёміцца з сабою ды іншымі, пераасэнсоўваць сваю асабістую гісторыю, ператвараць траўму ў мастацкае выказванне. Спадзяюся, гэты праект адбыўся такі, як я і задумвала. Спадзяюся, што ён чапляе за жывое, уцягвае, запрашае да эмпатыі, падымае нязручныя пытанні пра сябе самога.

10 студзеня – апошні дзень выставы. Мы радыя, што выстава змагла адбыцца нягледзячы на зрыў імпрэзаў нашых калегаў, квір-фестывалю «Дотык», гэтаю вясной і забарону на ўезд у Беларусь Алок Вайда-Мэнон. Мы працуем у вечаровым рэжыме, апроч таго, заўтра можна прыйсці на інтэрактыўную лекцыю Тані Сяцко «Арт-актывізм: сацыяльныя праблемы і мастацтва». У далейшым мы хочам зрабіць старонку на сайце з імправізаванаю онлайн-галерэяй, каб у людзей з рэгіёнаў таксама была магчымасць паглядзець яе.

ЛП, belsat.eu

Стужка навінаў