Прадстаўніца ААН пра сітуацыю з COVID-19 у Беларусі: «Прыйшоў час для неадкладных і маштабных захадаў»


Пастаянная каардынатарка ААН у Беларусі Яанна Казана-Віснявецка канстатуе, што колькасць інфікаваных каронавірусам у Беларусі расце ў геаметрычнай прагрэсіі і ў краіне назіраецца «эвалюцыя ўспышкі» COVID-19.

Пра гэта яна заявіла ў сваім відэазвароце да ўладаў і грамадзянаў Беларусі.

Паводле Казаны-Віснявецкай, цяпер у Беларусі назіраецца «эвалюцыя ўспышкі інфекцыі COVID-19». Яна нагадала, што яшчэ ў нядзелю колькасць выпадкаў заражэння перавысіла 10 тысяч чалавек.

«Гэта колькасць расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Успомніце, па стане на 26 сакавіка было ўсяго 86 выпадкаў», – падкрэсліла яна.

Па словах прадстаўніцы ААН, «цяпер настаў час для неадкладных і маштабных захадаў па ўзмацненні жорсткасці фізічнага дыстанцыявання».

Hавiны
Плюс 919 інфікаваных за дзень. Мінздароўя апублікавала новыя дадзеныя па сітуацыі з каронавірусам
2020.04.28 11:51

Казана-Віснявецка нагадала, што Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ) рэкамендуе меры фізічнага дыстанцыявання і перанос усіх масавых мерапрыемстваў. Акрамя гэтага, САЗ рэкамендуе ўкараніць магчымасць дыстанцыйнай працы і дыстанцыйнага навучання ў школах, універсітэтах і іншых адукацыйных установах, а таксама прыпыніць працу прадпрыемстваў, якія не аказваюць асноўных паслугаў, у тым ліку кавярняў, рэстаранаў, гандлёвых цэнтраў. САЗ заклікае скараціць колькасць неістотных перамяшчэнняў, асабліва для групаў высокай рызыкі.

«Для ўсіх нас карціна ясная – COVID-19, як бязлітасны забойца, атакуе краіны і людзей. Вірус можа быць смяротным, нават калі вы маладыя і моцныя», – падкрэсліла яна.

Прадстаўніца ААН заклікала беларусаў заставацца дома, каб спыніць COVID-19. «Гэта дапаможа медыкам, прадпрыемствам і працаўнікам экстраных службаў выконваць сваю працу і спраўляцца з крызісам», – дадала яна.

Hавiны
«Няма такой неабходнасці». Лукашэнка зноў выказаўся наконт каранціну
2020.04.26 12:23

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў