Прадпрыемствы «Белнафтахіму» запазычылі банкам больш за $ 2 млрд

Кіраўніцтва канцэрну «Белнафтахім» прызнае высокі ўзровень закрэдытаванасці падведамасных прадпрыемстваў. Дзевяць з іх дэ-факта з’яўляюцца неплацежаздольнымі.

Намесніца старшыні канцэрну Святлана Гурына ў інтэрвію часопісу «Веснік Белнафтахіму» распавяла, што на 1 траўня дзевяць арганізацыяў канцэрна мелі прыкметы неплацежаздольнасці.

«Асноўныя прычыны складанага фінансавага становішча – узмацненне канкурэнцыі на асноўных таварных рынках, залежнасць ад умоваў пастаўкі асноўнай сыравіны па імпарту, недахоп уласных сродкаў для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, які замяшчаюць крэдытнымі рэсурсамі, кошт якіх часцяком застаецца досыць высокім для забеспячэння акупнасці праектаў, а таксама дэвальвацыйныя працэсы ў эканоміцы Беларусі і краінаў – асноўных гандлёвых партнёраў. Пры гэтым усе арганізацыі канцэрна, у тым ліку неплацежаздольныя, забяспечваюць своечасовыя разлікі па падатках і зборах, крэдытах, заробках i за энергарэсурсы», – адзначыла яна.

Гурына прызнае, што ў прадпрыемстваў канцэрну назіраецца высокі ўзровень закрэдытаванасці.

«Сукупны аб’ём запазычанасці арганізацыяў канцэрна па крэдытах банкаў перавышае 2 млрд долараў. Пры паступовым зніжэнні запазычанасці па крэдытах для фінансавання інвестыцыйнай дзейнасці ўдзельная вага запазычанасці па крэдытах, прыцягнутых для фінансавання бягучай дзейнасці, у агульным абʼёме крэдытнага партфеля застаецца на ўзроўні прыкладна 67%. А гэта пазыковыя сродкі з кароткім перыядам абароту, якія ва ўмовах падзення коштаў на прадукцыю ўсё складаней пагашаць і абслугоўваць. Так, калі летась доля выручкі, што накіроўваецца на гэтыя мэты, складала ў сярэднім па канцэрне каля 46%, то сёлета – ужо каля 61%», – заявіла яна.

ІІ belsat.eu

Hавiны