Людзі лічаць сябе палітыкамі ў Беларусі тады, калі яны наагул нічога не ўмеюць рабіць. Але раз на пяць гадоў надыходзіць пара вылучэння кандыдата ў прэзідэнты. У выніку прыстойных словаў для характарыстыкі чарговага палітычнага сезону ў маім распараджэнні амаль не засталося, а выразы не прапусціць рэдактар. І наагул – мне патлумачылі дасведчаныя людзі, што лаяцца ў інтэрнэце матам доктару філалагічных навук не варта.
Паспрабуем без лаянкі.
У гэтым палітычным сезоне збор подпісаў будзе выглядаць прыкладна так.
– Тук-тук.
– Так. Хто там?
– Зборшчыкі подпісаў.
– Заходзьце. Вы ад каго?
– Мы ад Севагубасёва.
– Гэта хто?
– Севагубасёў? Гэта наш кандыдат у прэзідэнты.
– Ад каго кандыдат?
– Ну… Ён адзіны кандыдат.
– Адзіны – ад каго?
– Ад сярэднестатыстычнага блока права-левых і гамафоба-талерантных.
– Не зразумеў.
– Мы таксама не зразумелі. Але ён набраў 47 балаў з 100 магчымых. Гэта больш, чым астатнія.
– Зноў не зразумеў. У вас там што – было цэнтралізаванае тэставанне?
– Накшталт таго.
– А па якіх прадметах?
– Вы не зразумелі…
– Ну! Я ж кажу, што я не зразумеў! Дык па якіх?
– Мова і гісторыя.
– А эканоміка?
– Не. Эканомікі дакладна не было. У нас ужо быў эканаміст на чале дзяржавы. Цяпер усё ў дупе. Вырашылі, што мова важнейшая.
– Гэта значыць, гэты ваш… як яго…
– Зараз пагляджу ў падпісны ліст… Прабачце, я з іншай партыі, таму яго прозвішч… О! Севагубасёў!
– Гэта значыць, гэты ваш Севагубасёў ведае замежныя мовы?
– Не ўсе. Але англійская ўжо са слоўнікам.
– Божа, інтэлігентны чалавек нарэшце! Але наконт эканомікі як?
-… І на гей-парад ён не хадзіў – гэта дакладна!
– Слухайце, але ж нам тады крэдыты не дадуць! А жыць за кошт чаго?
– А нам крэдыты не патрэбныя. Мы за кошт транзіту жыць будзем. І нават разлічымся па пазыках, якія эканаміст зрабіў.
– А з Расеяй як?
– А Расею – у дупу!
– Але ж там ужо мы!
– Ну… пацясніць… Такое было калектыўнае рашэнне: Расею – абавязкова ў дупу!
– Гэта значыць, зноў апынемся ў адным месцы з Расеяй? Але я не хачу!
– Позна. Прыйдзецца падпарадкавацца калектыўнаму розуму. Партыі – яны разумныя. Іх цэлых шэсць. Вырашылі – значыць, так і будзе.
– А калі не падпарадкуюся?
– выключыць з апазіцыі! А подпіс усё роўна паставім. У нас вашыя подпісы яшчэ ад мінулых кампаніяў засталіся. Ўсёй сям’і подпісы.
– Люся, нас збіраюцца выключыць з апазіцыі!
Голас з балкона: «Нарэшце!!!»
– Увогуле, малады чалавек, старыя подпісы мы ў вас не забіраем, а новыя не паставім.
– Чаму?
– Разумееце, 47 балаў з 100 – гэта неяк несурʼёзна. Набераце хаця б 87 – прыходзьце.
– Але 87 – у Кукушэнкі!
-… тады і прыходзьце.
– Але…
-… і да пабачэння, да пабачэ…
– А?!.. Так… Пастукаю ў суседнюю кватэру. Тук-тук…
Не, зразумела, можа быць і не так. Напрыклад, над дзвярыма ўсё ж такі будуць спраўныя званкі. І тады замест «тук-тук» вы пачуеце:
– Дзыннннь!
– Так. Хто там?
І далей – паводле тэксца.
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.