Пра Канапацкую, праймерыз і класавую нянавісць

Алесь
Кіркевіч
журналіст, літаратар

Пра апазіцыйных палітыкаў, якія чарговы раз ідуць на «выбары без выбару», пра хімернага адзінага ды аб’ектыўныя шанцы дэмакратычнай супольнасці на перамогу, здаецца, не напісаў ужо толькі лянівы. Я лянівы. І я пра іншае. Пра папулізм і грошы.

Пачнем з гісторыі-прытчы, якую нядаўна распавяла сяброўка жонкі. Да слова, звычайная бухгалтарка. Выходзіць яна, значыцца, з машыны. А побач – маці з дачушкаю. Дзяцёнак захоплена: «Мама, мама, глядзі, якая прыгожая машынка!»

Ганна Канапацкая. Фота https://www.facebook.com/anna.kanopatskaya

Машынка сапраўды прыгожая. Не супердарагая, але ў парогах умантаваная падсветка, у цемры выглядае прышпільна.

«Прыгожая, прыгожая, – пагаджаецца мама, – цёця на яе насм…ла!»

Здаецца, звычайная вясёленькая гісторыя. У Facebook можна падзяліцца. Сябры пасмяюцца, «залайкаюць».

Глыбінны народ у сацсетках

Да чаго тут гэта? А да таго, што рэакцыя нашага прагрэсіўнага і дэмакратычнага сегменту грамадства на асобу Канапацкай, прынамсі ў каментарах на старонках незалежных СМІ ды ў сацсетках, вельмі нагадвае тую маму. Кандыдаты ж нагадваюць тую дачушку, што паказвае пальцам.

Арганізатары праймерыз адмовілі Канапацкай у даверы

Размова пра істэрыку, якая паднялася пасля выказванняў Ганны Анатолеўны пра Севярынца і ягоныя адносіны з грашыма. Маўляў, не можа дарослы мужчына жыць на ахвяраванні і хадзіць у падоранай некім вопратцы, маючы жонку і дзіця.

Тым больш – не можа такі чалавек быць прэзідэнтам. Бо прынцып «жыць за чужы кошт» аўтаматычна застанецца, змяняцца адно сумы і крыніцы.

Паводле Канапацкай дарослы мужчына не можа жыць на ахвяраванні. Фота: Ірына Арахоўская / Белсат

І тут пачалося. І пра «Рэндж Ровер» Канапацкай. І пра дэпутацкія заробкі. І пра «мільёны бацькоў». І пра фота з глыбокім дэкальтэ. І пра законапраект аб «абароне Лукашэнкі». Усё на купу.

Сама Ганна Анатолеўна адно пасмяялася з крытыканаў. Апазіцыйныя босы з лёгкай душою выкраслілі яе са спісаў кандыдата на «адзінага»: глыбінны народ жа на іхным баку. Жыццё пакацілася далей.

Ад «насос…ла» да «насмакла»

Зразумела, што ані пра сёлетнія выбары, ані нават пра выбары адзінага не выпадае казаць як пра выпадкі сапраўды канкурэнтнай барацьбы. Што казаць, калі некаторыя ўдзельнікі праймерыз адкрытым тэкстам кажуць: «Лукашэнка застанецца». Воля да ўлады ажно за край выліваецца!

Цікавае іншае. Нават на самых дэмакратычных выбарах, без Лукашэнкі і Ярмошынай, без сілавікоў і «каруселяў», мы зноў сутыкнёмся з падобнымі выклікамі. Адкуль у таго ці іншага кандыдата машына? Адкуль брыльянты? Чаму ён ездзіць у Вену кавы піць?

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Яшчэ больш цікава, што мова нават не пра глыбінны-глыбінны народ: цётачак і бабулечак, якія з 1994-га скрозь слёзы моляцца на Лукашэнку. Мова пра той «прагрэсіўны» і часта беларускамоўны сегмент, які чытае незалежныя СМІ, мае візу ў пашпарце і магніцік з Пагоняй на лядоўні. Вердыкт з расейскага «насос…ла» наўпрост змяняецца на выкшталцонае «насмакла».

Павысіць пенсіі за кошт зніжэння падаткаў

Як і ў 1994-м, так і ў 2020-м у нас па-ранейшаму любяць бедных. Простых. Пакрыўджаных. Тых, у кім як у люстэрку можна бачыць саміх сябе. Тых, хто нібыта апрыёры зразумее і ўсё вырашыць, бо не з неба ж зваліўся – сам усё бачыў.

Заможных і паспяховых, без розніцы, адкуль тыя грошы і наколькі аб’ектыўная тая паспяховасць, будуць пабойвацца. Як пішуць у каментарах: «тыя мільёны ж пры Лукашэнку заробленыя!» Быццам, пры Лукашэнку нават рамонт у кватэры зрабіць ці дзіця ў школу адправіць – злачынства.

Канапацкая не прайшла. У апазіцыйных праймерыз будуць удзельнічаць 5 кандыдатаў

У якасці палітычных рашэнняў перавага па-ранейшаму будзе аддавацца «магіі». Кандыдат скажа, што павысіць пенсіі за кошт зніжэння падаткаў – і яму павераць. Скажа, што ўсе пытанні з люстрацыяй вырашыць з дапамогай масавага пакаяння ды малітвы – і гэта пракаўтнуць.

Якая эканоміка? Якая сацыяльная дамова? Якія рэформы? Забраць рэзідэнцыі, памяняць сцяг, забараніць аборты – а там далей Бог паможа…

«Лепш не мець камунізму ў сваёй гісторыі, чым яго мець»

Мы бачым, што папулізм і класавая нянавісць дагэтуль руляць на постсавецкай прасторы. Гэта праблема не толькі Беларусі ды Украіны, але нават Усходняй Нямеччыны. Як казаў украінскі даследчык Яраслаў Грыцак: «Лепш не мець камунізму ў сваёй гісторыі, чым яго мець».

На шляху да адзінага. Што вядома пра патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта?

А на месцы Ганны Анатолеўны я б наагул не перажываў. Ну выкінулі з гонкі на «адзінага» і выкінулі. Які з таго статусу «адзінага» прок? Каб на цябе ў рэгіёнах працавалі тыя ж каманды, што ўжо некалі працавалі на Ганчарыка, на Мілінкевіча, на тузін кандыдатаў у 2010-м, на байкот, на Караткевіч? Такі сабе спіс перамогаў… не дужа пераканаўчы.

Ды і вярнуцца Канапацкай заўжды ёсць куды. У Вену, напрыклад. І працаваць далей. На сябе. Куды больш прыкра мае быць тым, каму няма куды вяртацца, апроч неаплачанага офісу і партыйнай структуры, якую і цягнуць цяжка, і кінуць шкада. І канца-краю гэтаму нябачна. Застаецца – змаганне і малітва, малітва і змаганне. На тым свеце залічыцца. Магчыма.

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў