Польскія карані цягнуць за мяжу. Карту паляка атрымлівае ўсё больш грамадзянаў Беларусі


За апошнія пяць гадоў каля 70 тысячаў грамадзянаў Беларусі падавалі заяўкі на атрыманне карты паляка. Спецыялісты візавых службаў кажуць, што колькасць цікаўных расце штогод. Апошняе пакаленне беларусаў з каранямі ў Заходняй Беларусі, стараецца не страціць магчымасць атрымаць дакумент.

«Як атрымаць, як запісацца, як шукаць дакументы ў архівах. Гады два-тры назад запытаў па карце паляка да нас было менш, зараз жа пытаюцца пастаянна, нават тыя, хто проста купляе ў нас білеты, ці тур. Чатыры гады таму ў амбасадзе запісвалі літаральна на наступны месяц, цяпер – на даты праз некалькі месяцаў», – распавядае Яўген Ліпко, прадстаўнік адной з турыстычных фірмаў у Менску і спецыяліст па візах.

Паводле дадзеных, якія Міністэрства замежных справаў Польшчы паведаміла belsat.eu, за паўгады 2017 году консульствамі Польшы ў Беларусі прынята 7 689 заявак на атрыманне карты паляка, за мінулы год – 12 707  заявак, у 2015-м – 13 079 заявак. Атрымліваюць картку, відавочна, не ўсе, хто падае заяўку. Прыкладна палова праходзіць сумоўе з першага разу. З 2008 году, калі закон аб карце паляка пачаў дзейнічаць, па 2016 год карту паляка атрымалі каля 75 тысячаў беларусаў. Гэта два с паловай Наваградка.

«Я б сказала, што цяжкага нічога няма, мінімальны ўзровень польскай мовы і добра падрыхтаваныя дакументы, – распавядае Кацярына, 28-гадовая беларуска з Менску. Яна атрымала картку паляка ў лютым 2017 году. Дзяўчына рыхтавалася да сумоўя сама, вучыла мову па відэауроках, чытала кнігі, вывучала форумы. 

Навучыцца і стаць… палякам

Яўген Ліпко з калегамі распрацавалі адмысловае мабільнае прыкладанне «Карта паляка», каб спрасціць сабе працу і дапамагчы тым, хто рыхтуецца да экзамену. Са свайго досведу працы яны сабралі больш за 400 пытанняў, што задаюць у консульстве, у выглядзе інтэрактыўных картак і тэстаў. У прыкладанне дадалі спасылкі з асноўнай інфармацыяй пра карту паляка.

«Я сам прайшоў гэты шлях і зразумеў, што мне не хапала нейкай мабільнай версіі, каб можна было рыхтавацца да сумоўя ў транспарце, у чарзе. Вазіць сшытак з сабой нязручна, яго можна забыць. А тэлефон рэдка хто з нас цяпер забывае», – кажа Яўген Ліпко.

Існуюць спецыяльныя курсы па гісторыі і культуры Польшчы, што мэтанакіравана рыхтуюць вучняў на сумоўе. Але простага завучвання бывае мала.

«У мой дзень на сумоўе прыйшоў хлопец, якога яшчэ для фармуляра перад дзвярыма запыталіся месца рэгістрацыі і дзе ён жыве. Ён не ведаў, як патлумачыць па-польску, што жыве ў інтэрнаце. Яго накіравалі вучыць польскую мову і прыходзіць у наступны раз», – распавядае Кацярына. 

Нашто беларусу лічыць сябе часткай польскага народу?

Акрамя пытанняў па гісторыі і культуры, а таксама ведання гімну і даты Дня незалежнасці Польшчы, заяўнік павінен падпісаць заяву, што ён або яна лічаць сябе часткаю польскага народу. Сярод жыхароў Беларусі ёсць тыя, хто сапраўды шануе сваё польскае паходжанне і лічыць сябе палякам па культуры і нацыянальнай прыналежнасці. У той жа час, сярод заяўнікоў на карту паляка шмат тых, хто карыстаецца гэтым дзеля вольнага перасоўвання па Еўропе.

«Для мяне гэта дае магчымасць не прыдумляць больш шляхоў атрымаць візу. А таксама, я змагу папрацаваць або павучыцца ў Польшчы, калі з’явіцца такі шанец. З такой картай у Польшчы лягчэй, бо я ўжо сутыкнулася з польскай бюракратыяй, калі спрабавала там працаваць», – кажа Кацярына.

Карта паляка дае магчымасць працаваць на тэрыторыі Польшчы, а таксама атрымліваць безкаштоўную шматразовую шэнгенскую візу, што для многіх – прывабны прывілей.

«Беларусы сталі нашмат больш мабільнымі, больш падарожнічаюць, – распавядае Яўген Ліпко. – Шмат каму важна, каб у пашпарце была шматразовая шэнгенская віза ва ўсіх чальцоў сям’і. Невядома, калі ў нас будзе бязвізавы рэжым з Еўразвязам, таму людзі карыстаюцца любымі магчымасцямі атрымаць візу на год, на два».

Як да гэтага ставіцца беларускі бок

Беларускія ўлады неаднаразова выказвалі сваё незадавальненне польскай ініцыятывай. Закон аб карце паляка, прыняты Польшчай у дачыненні да ўсіх рэспублік былога СССР, афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі называлі дыскрымінацыйным і не ветлівым.

У 2011 годзе Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь разгледзеў Закон аб карце паляка і прызнаў, што некаторыя пункты закона не адпавядаюць агульным прынцыпам і нормам міжнароднага права. Услед беларускім дзяржаўным службоўцам забаранілі атрымліваць карту паляка і іншыя дакументы ад замежных краінаў, якія даюць права на ільготы ў сувязі з нацыянальнай прыналежнасцю.

У мінулым годзе на сустрэчы з галавой Сената Польшчы Станіславам Карчэўскім кіраўнік Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч назваў пытанне карты паляка далікатным. Магчымасць працаваць у Польшчы стымулюе міграцыю спецыялістаў і моладзі ў Польшчу. «Гэта не павінна наносіць шкоды маёй краіне», – сказаў Мясніковіч.

Попыт на візы і карты паляка

У 2016 годзе ў пашпарты беларусаў было пастаўлена амаль 695 тысячаў шэнгенскіх візаў, з іх 550 тысячаў – шматразовыя. Украінцы ў гэты ж год атрымалі каля 800 тысячаў шматразовых «шэнгенаў» на 45 мільёнаў насельніцтва, расейцы – 2,5 мільёны візаў на 145 мільёнаў жыхароў.

Атрымаць карту паляка – папулярны спосаб легалізаваць сябе ў Еўропе і для ўкраінцаў. Гледзячы на геаграфію спампаванняў мабільнага прыкладання «Карта паляка», што распрацавалі беларусы, за некалькі тыдняў украінцаў і беларусаў амаль роўна па колькасці – 450 беларусаў і 411 украінцаў. Расейцаў – толькі 45. 71 асоба з тэрыторыі Польшчы цікавіліся трэнажорам для сумоўя, яшчэ шасцёра – з Казахстану.

«У іншых краінах былога СССР няма такога попыту на карту паляка, як у Беларусі і Украіне, хоць ёсць таксама шмат магчымасцяў яе атрымаць. У іх няма наўпроставай мяжы з Польшчай, яны не так зацікаўлены ехаць туды, падарожнічаць», – кажа Яўген Ліпко, аўтар ідэі мабільнага прыкладання.

Каб атрымаць картку паляка, патрэбна:

  • быць грамадзянінам адной з рэспублік былога Савецкага саюзу
  • мець пацверджанне, што адзін з бацькоў, дзед або бабка, прабабка або прадзед былі палякамі па нацыянальнасці або мелі польскае грамадзянства; або быць актыўным удзельнікам польскай арганізацыі, якая дзейнічае на карысць польскай мовы і культуры.
  • размаўляць па-польску і лічыць польскую роднай мовай
  • ведаць гісторыю Польшчы і падтрымліваць традыцыі

Дакументы падаюцца ў консульства Польшчы па месцы жыхарства. Пасля сумоўя, калі яно было паспяховым, карту паляка выдае консул.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў