Польскі палітолаг: Замоцны ціск Расеі затармозіць інтэграцыю


Улады Беларусі пасылаюць у Маскву розныя сігналы. Што яны азначаюць? Ці Беларусь лаяльная да Расеі? Як у Маскве ўспрымаюць міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея? Чаму для афіцыйнага Менску ЗША патэнцыйна лепшы партнёр, чымся Еўрапейскі Звяз? Інтэрв’ю Сяргей Пелясы з Камілем Клысіньскім, экспертам у пытаннях Беларусі з варшаўскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў.

Простае пытанне на пачатак. Ці застаецца Беларусь верным саюзнікам Масквы? Як яна гэта дэкларуе?

З аднаго боку, мы бачым, што Расея не задаволеная недастатковым, з іхнага гледзішча, узроўнем лаяльнасці Аляксандра Лукашэнкі ды Беларусі, чакаюць большага. Але, гледзячы з боку Польшчы, з майго боку, я ўсё ж такі заўважаю прыкметы лаяльнасці ў Беларусі: хоць бы рэгулярны ўдзел Беларусі ўва ўсіх вайсковых вучэннях, зарганізаваных Расеяй, лаяльнасць у абароннай сферы, у агульнапалітычных пытаннях. Нельга сказаць, што цяпер адбываецца разварот Беларусі на Захад, як часам сцвярджаюць радыкальныя расейскія аналітыкі.

Тым не менш, паводле нашых суразмоўцаў, напрыклад, аднаго з паплечнікаў Навальнага – Уладзіміра Мілова, Маскву страшна раз’юшвае, што Лукашэнка спрабуе хуткімі тэмпамі паляпшаць дачыненні з Захадам. Вядома, Лукашэнка – прагматык, і ў першую чаргу менавіта ён вядзе замежную палітыку ў Беларусі – не міністр Макей, які толькі выконвае. Што прагматычнага трэба Лукашэнку ад паляпшэння дачыненняў з Захадам, а канкрэтна са Злучанымі Штатамі, з якімі адбываецца найбольш інтэнсіўны працэс паляпшэння дачыненняў?

ВІДЭА
Расейскі эканаміст Уладзімір Мілоў: Беларусь атрымае субсідыі без страты суверэнітэту
2019.10.12 18:57

Лукашэнка сапраўды вельмі канкрэтна і прагматычна глядзіць на міжнародныя стасункі, у тым ліку на дачыненні з Захадам. Як я шмат разоў чуў у Менску, ЗША для Беларусі – патэнцыйна лепшы партнёр у параўнанні з Еўразвязам, хоць бы таму, што там дастаткова аднаго тэлефанавання, каб дамовіцца, як сказаў аднойчы Кісінджэр. Тэлефанавання амерыканскаму прэзідэнту або ў ягоную адміністрацыю. У Беларусі ва ўладных колах не падабаецца занадта вялікая складанасць Еўразвязу. Нашая структура, у якой месціцца Польшча, складаецца з шматлікіх краінаў, яны вельмі доўга ўзгадняюць сваю пазіцыю, агульную пазіцыю. Там часта не зусім хутка і не зусім лёгка могуць дамовіцца. Такая спецыфіка Еўразвязу не задавальняе Беларусь. Ад ЗША цяпер патрэбнае падтрыманне незалежнасці Беларусі, і на самой справе яна гэта атрымала. У далейшым патрэбныя інвестыцыі ды іншыя прыкметы падтрымання. Але я думаю, што ўлады Беларусі занадта асцярожна глядзяць на дэкларацыі з боку Вашынгтону – як, напрыклад, на леташняе выказванне спадара Мітчэла, які сказаў, што Беларусь – апора супраць расейскага ўплыву і ціску, што яна пад пагрозай, і ЗША мусяць увайсці ў абарону.

Менску не спадабалася гэтае выказванне? Занадта далёка яно пайшло?

Так, я думаю, што не вельмі, бо паралельна чаканням падтрымання незалежнасці ўлады Беларусі ўсё роўна выбудоўваюць сваю палітыку нейтралітэту. Робяць выгляд, хочуць усіх навакол пераканаць, што Беларусь – ідэальная пляцоўка для перамоваў паміж Усходам і Захадам. Тады завялікая ангажаванасць, асабліва ЗША, можа ўспрымацца ў Маскве занадта жорстка, варожа. Рэакцыя Масквы можа ўдарыць, у тым ліку па Беларусі. Гэта з гледзішча Менску надта небяспечна, таму ўлады Беларусі спрабуюць узважваць стасункі і супрацу.

Са Злучанымі Штатамі звязаны, мякка кажучы, інцыдэнт, скандал наконт затрымання ў Беларусі грамадзянкі Расеі Ганны Багачовай. Яе адразу выпусцілі, прычым афіцыйная менская пазіцыя палягае на тым, што яе нават не затрымлівалі. Ці ў Вашынгтоне ўвогуле заўважылі гэты інцыдэнт? Гэта мае нейкае значэнне? Нагадаем, што гэта расейская грамадзянка, якая замешаная ва ўплывы Расеі на выбранне Доналда Трампа прэзідэнтам ЗША.

Аб’ектыў
Як паўплывала на выбары ў ЗША малавядомая расяянка Ганна Багачова?
2019.10.15 23:09

Так, гэтае пытанне вельмі далікатнае з гледзішча захавання твару або яго страты і для ЗША, і для Расеі. А паміж гэтымі вялікімі краінамі месціцца Беларусь, якая раптам затрымлівае спадарыню Багачову. Наколькі гэта было заўважана ў Вашынгтоне – хутчэй пытанне Вашынгтону, мне складана на гэта адказаць. Гэтая аперацыя, як мы падкрэслілі, адбылася настолькі хутка, што цяжка вызначыць пазіцыю Вашынгтону з гэтай нагоды. Пікантнасці гэтай гісторыі дадало б тое, калі б улады Беларусі перадалі грамадзянку РФ у ЗША. Гэта можна было б разглядаць як падставу да вялікага канфлікту, абвостранага запалу ды напружанасці паміж Менскам і Масквою. Гэтага, вядома, не адбылося, гэта для Беларусі занадта рызыкоўна. Магчыма, гэта пайшло праз інертнасць, а магчыма, быў запыт ад Інтэрполу – мы гэтага таксама не можам выключыць. Першым крокам беларускія органы пайшлі паводле працэдуры, скарыстаўшыся з гэтага запыту, хоць тут я не ўпэўнены, быў гэты запыт ці не, гэта таксама пытанне да службаў, беларускіх органаў. Потым, калі разабраліся, што тут сітуацыя з палітычным адценнем, то пастанавілі змякчыць пытанне і пазбавіліся гэтай праблемы.

ВІДЭА
Беларусь патрабуе ад Расеі памножыць яблыкі на апельсіны
2019.10.19 10:00

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей літаральна днямі даў вялікае інтэрв’ю шэрагу незалежных медыяў. На жаль, сярод іх не было «Белсату», але там было пяць медыяў, шмат пытанняў, шчырая размова. Сярод іншага, ён агучыў смелую нечаканую думку, што тэарэтычна Беларусь магла б выйсці з саюзнай дамовы з Расеяй. Ці здолее Макей пасля такой заявы ўтрымацца на пасадзе міністра замежных справаў? Мабыць, для Расеі прынцыповаю пазіцыяй будзе, што з такой асобаю Расея не можа дамаўляцца пра далейшую інтэграцыю.

Па-першае, я б не назваў гэта заявай або дэкларацыяй. Гэта быў, можа, не зусім тонкі, але намёк. Дарэчы, гэта не першае інтэрв’ю апошняга часу. Такія тэндэнцыі могуць сведчыць, што ўлады Беларусі дасылаюць сігналы рознага роду на адрас Масквы, што звязана, як мне здаецца, з вельмі складанымі перамовамі пра газ, якія, па-мойму, ужо пачаліся, перамовамі ці спробамі перамоваў пра падатковы манеўр у нафтавай сферы ды перш за ўсё, што ёсць галоўным рэчышчам перамоваў у кантэксце энергетычных пытанняў, перамовы пра інтэграцыю Беларусі ды Расеі ў межах Саюзнай дзяржавы. Макей проста намякае, што, калі Расея будзе замоцна ціснуць, могуць зʼявіцца праблемы, якія будуць пацягнуць за сабою завялікія выдаткі для Расеі. Я маю на ўвазе тармажэнне працэсу. Макей таксама не першы раз сказаў вельмі цікавую рэч, што спачатку трэба ўрэгуляваць пытанні энергетыкі – газ, нафту і гэтак далей. Потым будзем казаць пра дарожныя мапы, падпісанні дамовы аб плане інтэграцыі, які парафіяваны прэмʼер-міністрамі абедзвюх краінаў. Наконт здольнасцяў дамаўляцца Макея ў Маскве: гэта сапраўды складанае пытанне – хутчэй за ўсё расейскім калегам. Наколькі я разумею, Макей ужо шмат гадоў не надта станоўча ўспрымаецца ў Маскве. Асабліва расейскія радыкалы, якія хацелі б зладзіць анексію Беларусі або іншым жорсткім шляхам развязаць пытанне Беларусі, разглядаюць Макея як празаходняга палітыка.

Hавiны
Зянон Пазняк: У іх нічога не атрымаецца. Саюзная дзяржава – фальшыўка
2019.09.30 14:26

А вы, спадару Каміль, што думаеце? Макей – празаходні палітык? Ён лакаматыў адкрыцця Беларусі на Захад ці ўсё ж гэты канцэпт рэалізуецца Лукашэнкам?

Складана сказаць, што гэта палітык. Хіба ў Беларусі шмат палітыкаў? Гэта проста чыноўнік высокага ўзроўню – міністр замежных справаў. Часам жартуюць, што ў Беларусі толькі адзін палітык. Таму палітыкам яго называць не будзем. Гэта найперш прабеларускі чыноўнік, які глядзіць на зацікаўленасці Беларусі. Празаходні ён ці не? Калі мы назавём яго празаходнім, то мы мелі б на ўвазе, што чалавек жадае інтэграцыі Беларусі з Захадам, сувязі з Еўразвязам, паглыблення супрацы і гэтак далей, а гэта не так проста. Я думаю, што Макей заўважае і разумее неабходнасць ураўнаважання вонкавай палітыкі Беларусі, паслаблення нахілу на Усход, у бок Расеі. У гэтым праблема для Масквы, якая на любыя дзеянні ў бок Захаду, нават на такія ўзважаныя, асцярожныя, якія робіць Макей і ягонае ведамства, глядзіць вельмі адмоўна.

Дзякую за інтэрв’ю, спадару Каміль!

Шчыра дзякую!

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 18.10.2019

Іншыя тэмы праграмы:

 

Стужка навінаў