У швейцарскім горадзе Салятурн прайшло адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку.
Ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары, з ініцыятывы якіх быў пастаўлены помнік, а таксама прадстаўнікі амбасадаў Беларусі, Польшчы ды Літвы ў Швейцарыі, гарадскія ўлады, прадстаўнікі польскай дыяспары.
Шаноўнае спадарства! Дарагія прадстаўнікі беларускай і польскай дыяспараў!
Шчыра віншую вас з сённяшняй урачыстасцю! На жаль, службовыя абавязкі не далі мне магчымасці прыняць у ёй удзел, пра што я шкадую.
Польшча з вялікай сімпатыяй ставіцца да вяртання Тадэвуша Касцюшкі ў пантэон нацыянальных герояў Беларусі. Касцюшка – гэта змагар за правы народаў, народжаны на тэрыторыі сённяшняй Рэспублікі Беларусь, вялікі патрыёт Польшчы, Літвы, Злучаных Штатаў. Ён зʼяўляецца героем усіх народаў, якія любяць свабоду і незалежнасць. Для нас, палякаў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў, латышоў – нашчадкаў вялікай Рэчы Паспалітай Абоіх Народаў, ён сімвалізуе барацьбу за права вызначаць уласны лёс, за права быць Еўрапейцамі.
Як пісаў лорд Байран, Касцюшка – гэта імя, ад якога дрыжаць тыраны. Няхай у будучым памятае гэтае імя кожны тыран, які б хацеў паставіць пад сумнеў незалежнасць і суверэнітэт любой з нашых краінаў!
Дзякую вам за падораны гораду Салятурн помнік! Я рады, што вы дасягнулі паразумення з горадам.
Хацеў бы таксама выказаць спадзеў, што гэты помнік будзе ў будучыні абʼядноўваць палякаў, беларусаў і іншыя народы-нашчадкі Рэчы Паспалітай.
Працу над стварэннем помніка Тадэвушу Касцюшку ў горадзе Салятурн, дзе ён пахаваны, Асацыяцыя беларусаў Швейцарыі пачала амаль год таму. Вакол адкрыцця помніка разгарэўся міжнародны скандал, які давялося залагоджваць дыпламатам высокага рангу.