Як польскае харцэрства ў Беларусі апынулася ў падполлі

«Мы хочам, каб харцэрства з’явілася ў Беларусі», – кажуць маладыя палякі з Горадні. Арганізацыя цягам гадоў дзейнічае пад пільным вокам КДБ, без кантакту з беларускім і сусветным скаўцкім рухам.

У жніўні ў Гданьску адбыўся харцэрскі Злёт Стагоддзя Польскай Незалежнасці. Карэспандэнты belsat.eu паехалі паразмаўляць з беларускімі скаўтамі пра праблемы і магчымасці іх арганізацыі. Сярод 12 тысячаў удзельнікаў злёту Польскага саюзу скаўтаў знайшлі толькі трох гасцей, якія прадстаўляюць беларускі скаўцкі рух.

Затое мы трапілі на моцную дружыну з 60 польскіх харцэраў з Беларусі. Менавіта яны дапамаглі нам зразумець, што такое харцэрства ў Беларусі і як яно адрозніваецца ад польскага. Пра тое, што гэтыя рухі сутыкнуліся з іншымі праблемамі, пераканалі нас гарадзенскія падлеткі.

«Ёсць адрозненні. Тут больш свабоды. Тут мы можам рабіць лагеры, а там – не», – кажа харцэрка з Горадні. «У харцэраў у Польшчы хіба больш магчымасцяў для развіцця», – дадае ейная калега.

Адну з прычын тлумачыць іх апякунка Алена Стралкоўская:

«Харцэрства ў Беларусі дзейнічае з перапынкамі. Нешта пачыналася ў 90-я гады, калі гэтага прэзідэнта яшчэ не было. Цяпер мы пачынаем ад пачатку, бо на нас у Беларусі ціснуць».

Разлучаныя двайняты

Інга Прыходзька з Асацыяцыі беларускіх гайдаў. Фота Пётр Яворскі

На ўдзельнікаў з Беларусі, а дакладней беларускіх палякаў з Берасця, мы натрапілі ў першыя хвіліны. Праблема ў тым, што пра працу нейкіх скаўтаў у сваёй краіне яны не ведалі.

«Не, скаўтынгу ў Беларусі няма. Ёсць толькі харцэрства», – пераконвае нас інструктар Мікіта.

Таксама здзівілася Інга Прыходзька, інструктар Асацыяцыі беларускіх гідаў з Менску.

«Я таксама не ведала, што ў Беларусі ёсць харцэры! Я была на занятках з жанчынай, якая малявала і сказала, што яны з Баранавічаў, а я не ведала, што там ёсць нейкія польскія харцэры. Таму сітуацыя падобная».

Жывуць у адной краіне і належаць да аднаго сусветнага скаўцкага руху, не ведаючы адно пра адно. Сітуацыю прабуе растлумачыць Эва Лахевіч, кіраўнічка міжнароднага дэпартамента штаб-кватэры Саюзу польскіх харцэраў.

«Гэта можа вынікаць з таго, што гэтая арганізацыя беларускіх скаўтаў не буйная, і маладыя інструктары маглі не сустрэцца з імі. Гэта таксама дзве розных сферы камунікацыі – СПХ з арганізацыямі беларускіх скаўтаў належыць да Сусветнай арганізацыі скаўцкага руху і да Сусветнай асацыяцыі гідаў і скаўтаў, таму яны для нас натуральныя партнёры. А да сусветнай асацыяцыі не належаць польскія скаўты з-за мяжы».

Эва Лахевіч, кіраўніца замежнага дэпартаменту штаб-кватэры СПХ. Фота Эвэліна Яворска

Беларускія скаўты ведаюць харцэраў з Горадні. Яны падкрэсліваюць аднак тэхнічныя праблемы ў супрацы, бо зборы ў грамадскіх месцах у Беларусі парушаюць закон:

«Арганізацыі скаўтаў ёсць пры Касцёле. Мы спрабавалі супрацоўнічаць, але яны хіба не хочуць. Няма магчымасці пачаць супрацу. У лесе гэта было б нелегальна. У парку таксама, бо гэта несанкцыянаванае мерапрыемства. Гэтак і з памяшканнем, занадта шмат людзей», – каментуюць харцэры.

Пад наглядам КДБ

Сцягі Польшчы і сусветных скаўцкіх аб’яднанняў. Фота Пётр Яворскі

Функцыянаванне атраду абцяжарвае супраца з афіцыйна непрызнаным Саюзам палякаў у Беларусі. Маладыя інструктары не хочуць наўпрост казаць пра супрацу з СПБ.

«Мы супрацоўнічаем з польскімі арганізацыямі, але не магу сказаць якімі», – кажа інструктар з Берасця.

Ён сцвярджае, што дзякуючы падтрыманню, харцэрства ў Берасці працягвае развівацца і налічвае больш за сто чальцоў.

«Цяпер быць харцэрам у Беларусі не так цяжка, як калісьці. Улады не вельмі любяць арганізацыі з іншых краінаў», – тлумачыць Эла Паніна.

Нелюбоў да харцэраў ідзе з верху, ад Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэта польская арганізацыя. Цяпер фармальна не, але раней яна называлася Саюз польскага харцэрства ў Беларусі. У мяне засталася пячатка нашай каманды з 2008 года. Але пасля Лукашэнка прачытаў, што арганізацыя польская. Яму гэта не спадабалася. Цяпер мы называемся Рэспубліканскім грамадскім задзіночаннем беларускіх харцэраў», – распавядае Алена Стралкоўская.

Паводле яе харцэрства ў Беларусі не можа працаваць без дапамогі Польшчы. Не хапае інструктараў – большасць моладзі едзе вучыцца ў Польшчу, а старэйшых запалохваюць і яны кідаюць спарву. Праз недахоп персаналу з навучаннем інструктараў дапамагае Варшава.

«Гэта праз тое, што некалькі гадоў таму на нас вельмі ціснула КДБ. Тыя, хто хацеў кіраваць арганізацыяй, трапілі ў КДБ, дзе ім сказалі, «або харцэрства або праца». Шмат хто спалохаўся і сышоў, бо трэба карміць сям’ю. Няма ўжо тых, хто будзе змагацца да апошняй кроплі крыві. Калі мне зрабілі прапанову, ад якой не магла адмовіцца, пасля 20 гадоў працы я звольнілася са школы», – кажа Стралкоўская.

Арганізацыя можа развівацца толькі ў польскіх школах у Горадні і Ваўкавыску або каталіцкіх парафіях. У такіх умова можна працаваць, але цяжка развівацца.

«Калі б мы выйшлі на вуліцу і рэкламавалі сябе, не ведаю, чым бы гэта скончылася. Думаю, схапілі б нас хутка. Можа не ў турму, але размова з міліцыяй была б», – кажа інструктар са Слоніму.

Харцэры з Горадні сцвярджаюць, што ў Беларусі іх можа быць нашмат больш – шмат атрадаў могуць дзейнічаць «нелегальна».

Лепш, калі б нас не было

Алена Стралкоўская. Фота Эвэліна Яворска

Пра падыход уладаў да скаўцкага руху распавядае Інга Прыходзька з Беларускай асацыяцыі гідаў. Яна задаволеная супрацай з дзяржавай.

«Калі патрэбная дапамога, напрыклад, мы хочам арганізаваць лагер або праект, можам да іх звярнуцца. Пакуль не было ніякіх праблемаў з уладамі».

Аднак з харцэрствам іншая сітуацыя.

«Дзяржава нас не падтрымлівае, няма мажлівасці хадзіць у паходы, не кажучы пра лагер. Калі мы ідзем у паход, дамаўляемся з дзецьмі – калі прыйдзе ляснічы і вытурыць, канец пахода, калі не, то застаемся на тыдзень. Таму сядзім у лесе і трохі баімся, ці нас вытураць. Санэпіднагляд таксама абцяжарвае, шукаючы зачэпак, каб забараніць паходы, – тлумачыць Алена Стралкоўская. – Але няма ніякай афіцыйнай забароны. То бок лепш, каб нас не было. Нібыта ўсё дазволена, але калі прыйдзе міліцыянт у дрэнным настроі, тады ўжо нельга».

Затое прывілегіі мае прапрэзідэнцкі БРСМ.

«БРСМ выходзіць з піянераў. Але харцэры не могуць існаваць без іх у школе, – тлумачаць нам маладыя палякі з Горадні. – Атрад харцэраў можа быць толькі там, дзе ёсць структура БРСМ».

«Самая вялікая розніца паміж моладзевымі арганізацыямі ў Беларусі ў тым, што іншыя працуюць і на дзяржаву, і харцэрства для палякаў. БРСМ характарызуецца тым, што дзейнічае ў школах, удзельнічае ва ўсіх парадах. БРСМ – гэта грамадзянства, а харцэрства – лясная школа польскасці», – кажа Эла з Берасця.

Вучаць польскасці, супраць чаго выступаюць улады

Гарадзенскія харцэры. Фота Эвэліна Яворска

Палякі ў Беларусі ў асноўным размаўляюць па-расейску. Але пасля размовы з імі падаецца, што польскі патрыятызм для іх важнейшы, чым для харцэраў у самой Польшчы.

«Харцэрства ў Польшчы і Беларусі адрозніваецца. Мы сканцэнтраваныя на вывучэнні гісторыі Польшчы, польскай мовы. Гэта вельмі важна для нас, як для беларускіх грамадзянаў з польскімі каранямі. Маладыя палякі становяцца харцэрамі, бо хочуць прыяжджаць у Польшчу і вывучаць польскую культуру, а мы даем ім шмат інфармацыі», – тлумачыць Эла Паніна.

Не можа быць інакш. Харцэрства, якое паўстала 108 гадоў таму, ад пачатку адрознівалася ад скаўтынгу, які з’явіўся ў імперыальнай Англіі і меў на мэце служыць нацыі. Яго стваральнікі падкрэслілі нават, што «харцэрства – гэта скаўтынг плюс незалежнасць».

«Усе разумеюць, што харцэрства польскае. Харцэры паходзяць з польскіх семʼяў і бацькі ведаюць, куды аддаюць сваіх дзяцей, яны робяць гэта наўмысна, каб іх выхавалі палякамі», – кажа харцэр з Горадні.

Гэткі профіль арганізацыі не адпавядае ўладам, якія баяцца «пятай калоны». Паводле харцэраў, іх арганізацыя не адпавядае ўладам яшчэ па адной прычыне – выхоўвае інтэлектуальную эліту, якая пазней імігруе.

«Нашая дзяржава у розны спосаб ставіцца да беларускага скаўтынгу і польскага харцэрства. Уладам не падабаецца, калі маладыя людзі выяжджаюць у Польшчу, вучацца там і не вяртаюцца. Таму не падтрымліваюць арганізацыю, якая спрыяе уцечцы мазгоў», – кажа інструкторка з Берасця, якая вучыцца ў Аполе.

Час, каб выйсці з лесу

Вяртанне з вандроўкі ў Гданьск. Фота Пётр Яворскі

Акрамя адміністрацыйных праблем харцэрскі рух у Беларусі мае дадатковы клопат – гэткі «прыродны» лад жыцця робіцца ўсё менш папулярным і зразумелым.

«Думаю, усё менш маладых палякаў у Берасці хочуць быць харцэрамі. Яно падаецца мала цікавым і немодным. Жыццё ў лесе, у эпоху інтэрнэту і тэлефонаў лічаць немагчымым. Гэтак жа ў Польшчы. У нас розны погляд на жыццё, але тыя ж праблемы», – тлумачыць Эла.

Для такой «гарадской» моладзі, паводле дзяўчыны, існуе БРСМ. «Бо харцэры любяць лес», – падкрэслівае інструктар.

Ейныя калегі з Горадні бачаць рашэнне ў тым, каб нарэшце выйсці з лесу ды ісці да людзей.

«Мы хочам, каб харцэрства распачалося ў Беларусі. Не як скаўтынг, а як харцэрства. Таму звяртаем увагу, у тым ліку СМІ. Бо калі хоць раз напішуць, што там былі не скаўты, а харцэры, можа гэта зацікавіць іншых і нас знойдуць».

Галерэя:

Пётр Яворскі, фота Эвэліна Яворска і Пётр Яворскі belsat.eu

Hавiны