Польшча рыхтуецца да вайны з каронавірусам. Што рабіць, каб не падхапіць заразу?

27 лютага польскія медыі паведамілі пра першы зарэгістраваны ў краіне выпадак заражэння каронавірусам. 25-гадовая дзяўчына нібыта прывезла «кітайскі вірус» з Тайланду. Міністэрства аховы здароўя зняпраўдзіла гэтую інфармацыю, але польскія ўлады ўсё роўна рыхтуюцца да вайны з COVID-19.

Дзяўчына, якая прыляцела з Тайланду (22 лютага) з высокай тэмпературай, цяпер знаходзіцца ў шпіталі ў горадзе Лодзь. Лекары кажуць, што яна ў парадку. А міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі абяцае інфармаваць грамадства, калі каронавірус з’явіцца ў Польшчы.

Паводле віцэ-міністра аховы здароўя Польшчы Вальдэмара Краські, цяпер у польскіх шпіталях знаходзяцца 47 асобаў з падазрэннем на каронавірус. «Усе тэсты, а было іх больш за 350 паказалі адмоўны вынік», – заявіў прадстаўнік польскага Мінздароўя ў чацвер 27 лютага.

Літва абвясціла рэжым экстрэмальнай сітуацыі ў звязку з каронавірусам

Чыноўнікі прызнаюць, што сітуацыя вельмі дынамічная і можа змяніцца літаральна цягам гадзіны.

Прэзідэнт Польшчы прапануе падрыхтавацца да ўспышкі каронавіруса.

«Я б хацеў, каб былі зробленыя захады па зменах у заканадаўстве, што дазволіць больш эфектыўна змагацца з каронавірусам», – цытуе Анджэя Дуду polskieradio24.pl.

2 сакавіка на прапанову кіраўніка Польшчы адбудзецца адмысловае паседжанне Сенату (ніжняя палата парламента) прысвечанае каронавірусу.

Каб крыху знізіць узровень страху і няўпэўненасці, польскае Мінздароўя арганізавала адмысловую інфалінію ў пытаннях каронавіруса.

«Калі пачалася ўся гэтая паніка вакол вірусу ў Італіі, людзі пачалі нам тэлефанаваць. Па некалькі дзясяткаў тэлефанаванняў штодня», – распавяла Belsat.eu у неафіцыйнай размове працаўніца аднаго са шпіталяў у Лодзі.

Тым часам польскае Міністэрства адукацыі заклікае дырэктараў школаў давесці вучням, што ад віруса іх можа ўратаваць звычайнае мыла.



Ведамства просіць бацькоў не адпускаць хворых дзяцей у школу, а таксама нагадвае настаўнікам, што з сімптомамі прастуды лепш застацца ўдома.

Заняткі ў школах пакуль адмяняць не збіраюцца, але некаторыя польскія ВНУ дазволілі сваім студэнтам легальна прапускаць два тыдні лекцыяў (лекары і навукоўцы мяркуюць, што інкубацыйны перыяд SARS-Cov-2 складае 14 дзён) заняткаў у выпадку наведвання краінаў з каронавірусам, напрыклад, Тайланду, Кітаю, Італіі.

«Метро працуе, але ў ім пуста». Беларускі распавядаюць, што адбываецца ў Італіі праз каронавірус

Мінздароўя Польшчы ўсведамляе, што каронавірус у любым выпадку трапіць на тэрыторыю краіны. Аднак на адмысловай прэс-канферэнцыі кіраўнік Мінздароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі супакойваў, што маштаб распаўсюду каронавіруса ды яго наступствы амаль не адрозніваюцца ад звычайнага грыпу.

  • Па стане на 27 лютага каронавірус зарэгістраваны ў 50 краінах свету.
  • Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, «кітайскім вірусам» заразілася каля 82 000 чалавек.
  • Пакуль нічога не вядома пра эфектыўныя лекі, якія маглі б уратаваць ад COVID-19. А вакцына знаходзіцца ў распрацоўцы.
  • COVID-19 забіў амаль 2800 чалавек.

Мінаховы здароўя Нямеччыны: у краіне пачынаецца эпідэмія каронавірусу

Лек супраць маршчын

COVID-19 – назва хваробы, якую выклікае вірус SARS-Cov-2. У медыях часцей за ўсё яго называюць «новым каронавірусам». Вірус небяспечны для людзей з аслабленым імунітэтам, захворваннямі дыхальнай сістэмы, цукровым дыябетам, а таксама для людзей ва ўзросце ад 60 да 80+ гадоў. Успышка COVID-19 пачалася ў сярэдзіне снежня 2019 года ў горадзе Ўу-Хань у цэнтральным Кітаі.

Анімацыя: Metropolitan

Што такое каронавірус?

У вірусаў, як у раслін або жывёлін, ёсць розныя сямействы і віды. Каронавірусы – гэта сямейства з пэўнымі характарыстыкамі, якое аб’ядноўвае 40 відаў вірусаў, якія калісьці былі прычынаю эпідэміяў сярод людзей, прыводзяць да вострых рэспіратарных захворванняў, а таксама вірусы, на якія можа захварэць тузін розных відаў жывёлін (ад кажаноў і пацукоў да птушак).

Каронавірус пад мікраскопам. Фота: Dr. Fred Murphy

Што рабіць, каб не падхапіць заразу?

  • Абавязкова трэба мыць рукі з мылам. Чым часцей, тым лепш! Але рабіце гэта правільна. Тут інструкцыя.
  • Не дакранайцеся да рота і твару нямытымі рукамі.
  • Узмацняйце імунітэт.
  • Лепш не цалавацца і не паціскаць рукі.
  • Пазбягайце кантактаў з хворымі.
  • Калі ёсць магчымасць, то насіце маску. Мяняйце яе раз на дзве гадзіны.
  • Карыстайцеся дэзынфектарамі на спіртавой аснове.
  • Праветрывайце памяшканні, у якіх вы жывяце і працуеце.
  • Тлумачце дзецям, чаму варта мыць рукі!

ЮВ belsat.eu

Hавiны