Польшча хоча звязаць Беларусь з ядром Цэнтральнай Еўропы


Павел Яблонскі.
Фота: wnp.pl

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблонскі заявіў, што Беларусь мусіць быць адным з прыярытэтаў Варшавы. Інтэрвʼю выйшла ў часопісе «Plus Minus».

«Мяркую, што Беларусь – гэта ў найбліжэйшыя гады адзін з нашых абсалютных прыярытэтаў», – сказаў Павел Яблонскі.

Паводле яго, хоць Аляксандр Лукашэнка «кіруе цвёрдай рукой, але відаць, што ён шукае пэўнай прапановы з боку Захаду».

«Тое, што ён не пагадзіўся на поўнае абʼяднанне з Расеяй, поўнае падпарадкаванне, – добры прыклад», – адзначыў намеснік кіраўніка польскага МЗС.

Яблонскі падкрэсліў, што пытанне Беларусі павінна быць ключавым, бо калі не зрабіць Беларусі рэальнай прапановы партнёрскіх стасункаў, «шанцу звязаць яе з ядром Цэнтральнай Еўропы» не будзе.

Разам з тым дыпламат прызнаў, што з Беларусі даходзяць супярэчлівыя сігналы. Гэтак, хоць Менск і зацікаўлены ў павелічэнні прысутнасці Польшчы ў эканамічнай сферы, супраца «не заўсёды адбываецца належным чынам». Таксама ён падкрэсліў важнасць таго, каб «беларускія ўлады паступова змякчалі палітычны рэжым».

Яблонскі адзначыў, што тэорыі пра магчымасць раптоўнага падзення цяперашняй беларускай улады не спраўдзіліся, таму трэба «заахвоціць Беларусь, каб яна мянялася». Напрыклад, на яго думку, можна «дзейнічаць пакрокава ўзамен за паступовыя палітычныя рэформы».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў