Польшча чакае беларускіх лекараў? Праўда і міфы

Руслан
Шошын
Журналіст польскай газеты "Rzeczpospolita"

Заробкі і ўмовы працы лекараў у Польшчы розняцца як тэмпература пацыентаў у польскіх шпіталях.

Фота: pixabay.com

Некалькі дзён таму беларускую інтэрнэт прастору падагрэла навіна пра тое, што Міністэрства Здароўя Польшчы плануе ўвесці новыя правілы каб прыцягнуць лекараў з-за межаў Еўразвязу. Беларускія медыі паінфармавалі, што, дзякуючы гэтым сенсацыйным зменам, лекары з Беларусі маглі б працаваць у польскіх шпіталях ужо без праходжання складанай і доўгай па часе працэдуры настрыфікацыі дыплома. Усе спасылаліся на беларускую рэдакцыю «Польскага Радыё», маўляў, заробкі польскіх лекараў на ўзроўні 3-4 тыс. еўра. Гэта каля 12 000-16 000 злотых. Пасля такой навіны большасць беларускіх лекараў сапраўды магла б пачынаць збіраць валізкі і купляць білет да Варшавы. Аднак спяшацца не трэба.

Польшча плануе пераманіць медыкаў з Беларусі

234 гадзіны ў месяц

Пачнем з афіцыйных статыстык. У студзені Міністэрства Здароўя паінфармавала, што заробкі дасведчаных лекараў-спецыялістаў (у тым ліку стаматолагаў) вагаюцца да 6 да 7 тыс. злотых (1400-1600 еўра). Заробкі лекараў без спецыяльнасці – 4,8 тыс. злотых (1140 еўра). Каб быць лекарам-спецыялістам у Польшчы, трэба прайсці нялёгкі і вельмі доўгі шлях. Гэта 6 год ВНУ, 13 месяцаў паслядыпломных практык і яшчэ ад 3 да 6 год (у залежнасці ад спецыяльнасці) працы ў шпіталі пад кіраўніцтвам больш дасведчаных лекараў.

Ідзем далей. Фармацэўты і фізіятэрапеўты зарабляюць каля 3 тыс. злотых (710 еўра). Медсёстры – 4,5 тыс. злотых (каля 1070 еўра). Варта зазначыць, што гэта заробкі «брутта». Пасля адлічэння 19 % падаходнага падатку, а таксама складах на пенсійны фонд і медычную страхоўку, атрымаем лічбы «на рукі». Адкуль узяліся заробкі «на ўзроўні 3000-4000 еўра», пра якія піша «Польскага Радыё», не зразумела

Хірург Зміцер Кароль: Студэнты-медыкі з першага курсу вучаць мовы, каб з’ехаць за мяжу

– Такія грошы можаш зарабіць толькі тады, калі ты з’яўляешся аўтарытэтным і дасведчаным нейрахірургам, працуеш адначасова ў шпіталі і ў парадні медычнай, а яшчэ бярэш дзяжурства ў выходныя. Гэта называецца самабойчая праца, – тлумачыць мне Караліна, знаёмая дасведчаная польская журналістка, якая шмат год займаецца выключна тэматыкай польскай аховы здароўя.

Найбуйнейшая арганізацыя самакіравання лекараў «Naczelna Izba Lekarska, NIL» (Галоўная Сядзіба Лекараў), якая кантралюе працу лекараў у Польшчы, у 2018 годзе рапартавала, што сярэдні месячны час працы лекараў – 234,3 гадзіны альбо 58,5 гадзінаў працы ў тыдзень. Аднак закон дазваляе працаваць лекарам не больш за 48 гадзінаў у тыдзень.

Куды знікаюць беларускія дактары?

Як яго абмінаюць? Справу вырашае так званая «клаўзула opt-out», падпісваючы якую лекар дабравольна пагаджаецца на дадатковыя гадзіны працы. Летам найбуйнейшы прафсаюз лекараў-рэзідэнтаў (якія яшчэ не маюць спецыяльнасці) распачаў агульнапольскі пратэст «Здаровая праца». На працягу некалькі месяцаў (дадзеныя з пачатку кастрычніка) ад «клаўзулы opt-out» адмовілася ўжо больш за 2 тысячы лекараў. Таксама лекары дамагаюцца павелічэння накладаў на ахову здароўя да 6,8 % ВУП (у 2019-ым яны былі на ўзроўні 4,9 %), вырашэння праблемы недахопу медычнага персаналу (напрыклад, медсёстраў) і ліквідацыі бюракратычных працэдураў у ахове здароўя. Пратэстуюць у асноўным маладыя лекары. Дасведчаныя ж вельмі часта акрамя асноўнай працы ўва дзяржаўных установах падпрацоўваюць яшчэ ў прыватных медычных цэнтрах, альбо адчыняюць ІП і прымаюць ва ўласным кабінеце.

«Чакаюць па два-тры месяцы». Лукашэнка абурыўся чэргамі на анкалагічныя аперацыі

Каго патрабуюць польскія шпіталі?

Найхутчэй працу ў Польшчы знойдзе беларуская медсястра з добрай польскай мовай – такіх спецыялістаў парабуюць шпіталі ва ўсіх рэгіёнах Польшчы. Тут аднак ноччу не паспіш, а ад пацыентаў нельга браць нават сімвалічную шакаладку. З карупцыяй усё вельмі строга: няма дарагіх каньякоў і долараў у канвертах. Лекар тут не мае права прымаць ад пацыентаў нават нейкія вельмі дробныя прэзенты, у большасці шпітальных аддзелаў ёсць камеры назірання.

Некалькі дзён таму NIL падлічыла, што ў Польшчы не хапае ажно 68 тысяч лекараў, а на тысячу жыхароў Польшчы прыпадае толькі 2,4 лекары. У першую чаргу не хапае дзіцячых анколагаў, хірургаў-анколагаў, псіхіятраў, а таксама спецыялістаў па дзіцячых хваробах лёгкіх. Найбольш, аднак, не хапае Польшчы анестэзіёлагаў. Сёння ў Польшчы працуе каля 6800 анестэзіёлагаў, з якіх больш за 1200 – ва ўзросце, старэйшым за 65 год. Ужо сёння, пакуль працуюць пенсіянеры, ёсць такія месцы дзе адзін анестэзіёлаг – на 10 тысячаў жыхароў.

Бараўляны: браць выходны на працы, каб узяць талон да лекара

– У гэтых галінах ёсць патэнцыял для спецыялістаў з Беларусі, але гэта павінны быць дасведчаныя і прафесійныя лекары з вельмі добрай польскай мовай, а не маладыя, якіх трэба вучыць. Канешне, гаворка не ідзе пра Варшаву, бо тут канкурэнцыя вялізная і няма недахопаў лекараў, гаворка – пра рэгіёны, – кажа Караліна.

Настрыфікацыя застанецца

У кулуарах польскай палітыкі кажуць, што лёс праекту закону Міністэрства Здароўя не адназначны. Вельмі вялікі супраціў медычных польскіх прафсаюзаў, якія лічаць, што, спрашчаючы працэдуру настрыфікацыі, урад ставіць замежных і мясцовых лекараў у не роўныя ўмовы.

Улады прыдумалі, як змагацца з уцечкай лекараў за мяжу

Нават калі праект (знаходзіцца толькі на этапе кансультацый) пройдзе ўсе слуханні ў Сейме і Сенаце, гаворка не ідзе пра адмену настрыфікацыі дыплома. Падчас працэдуры настрыфікацыі (можа працягвацца больш за год) дырэктар шпіталя мог бы ўзяць, напрыклад, лекара з Беларусі на працу, але будзе цалкам несці адказнасць перад законам за кожны ягоны рух. Таму давайце ўявім сабе такую сітуацыю. Прыязджае з Беларусі, напрыклад, малады хірург, які пачынае працэдуру настрыфікацыі дыплому. Знаходзіць дырэктара шпіталя, які пагаджаецца яго прыняць на парукі. З таго моманту яго лёс будзе цалкам залежаць ад кіраўніцтва шпіталя. Ці будзе такі лекар мець моцную пазіцыю і дамагацца, напрыклад, павышэння заробку? Ці адмовіцца працаваць больш за 48 гадзінаў у тыдзень і не падпіша «клаўзулы opt-out»? А калі гэтага не зробіць, якія будзе мець зносіны са сваймі маладымі польскімі калегамі? Дазвольце пакінуць гэтыя пытанні без адказу.

Руслан Шошын Belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў