Пра сярэднія заробкі настаўнікаў у Польшчы можна даведацца з адпаведнага закону, які называецца ў Польшчы «Карта настаўніка» (Karta nauczyciela). Сярэдні заробак настаўніка-стажора складае 3300 злотых (1800 рублёў), другі ўзровень – настаўнік-кантрактнік (nauczyciel kontraktowy), 3700 злотых (2000 рублёў), трэці – прызначаны настаўнік (nauczyciel mianowany, мінімум 5 гадоў працы ў школе і трэба прайсці адпаведную працэдуру павышэння кваліфікацыі), 4800 злотых (2630 рублёў), чацверты і найвышэйшы ўзровень – дыпламаваны настаўнік (nauczyciel dyplomowany, мінімум 8 гадоў стажу) – 6100 злотых (3350 рублёў). Калі настаўнік мае ступень доктара навук, ягоны кар’ерны рост адбываецца значна хутчэй. Вось так у Польшчы выглядае прафесійная сцежка настаўнікаў, ад якога наўпрост залежыць памер заробку.
Польскія настаўнікі ўмеюць пратэставаць і змагацца за свае правы. Гэта адна з самых актыўных групаў грамадства. У красавіку адбыўся самы буйны пратэст настаўнікаў у Польшчы з 1993 года. Паводле Прафзвязу настаўнікаў Польшчы (Związek Nauczycielstwa Polskiego, ZNP), у ім бралі ўдзел больш за 15 тысяч школаў (прыблізна 75 % усіх установаў сярэдняй адукацыі ў Польшчы). Тады амаль на кожнай школе можна было ўбачыць плакаты настаўнікаў, якія пратэстуюць. Тагачасная міністарка адукацыі Анна Залеўска ўжо як паўгода не на пасадзе, ейная адстаўка была адным з патрабаванняў пратэстоўцаў. Не ўсе патрабаванні выкананыя, але і прафсаюзы не спыняюцца. Ужо пачынаюць планаваць чарговыя пратэсты. Ці можна такое ўявіць у Беларусі?
Руслан Шошын belsat.eu
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.