Польшча адправіла ў Беларусь шэсць грузавікоў гуманітарнай дапамогі


Грузавікі з польскай гуманітарнай дапамогай для Беларусі. 23 красавіка 2020 года. Фота – Кірыл Смяглікаў, «Белсат»

Варшава адправіла ў Беларусь каля 75 тысячаў літраў дэзынфекуючых і антысептычных сродкаў, а таксама 100 тысячаў хірургічных масак. Донарам дапамогі стала Міністэрства здароўя Польшчы і шэраг польскіх дзяржаўных кампаніяў.

У афіцыйнай перадачы гуманітарнай дапамогі на тэрыторыі адной з пажарных частак у Варшаве ўзялі ўдзел, між іншага, намеснікі міністра дзяржаўных актываў і міністра замежных справаў Мацей Малэцкі і Марцін Пшыдач, а таксама амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў.

«З Беларуссю мы ў добрых дачыненнях, нас яднае супольная гісторыя, мы актыўна супрацоўнічаем у розных сферах. Не ўяўляю, каб мы сёння маглі паступіць інакш», – распавёў Мацей Малэцкі.

Фота – Кірыл Смяглікаў, «Белсат»

Паводле польскіх чыноўнікаў, дапамога стала магчымай дзякуючы таму, што Польшчы ўдалося набыць дастатковую колькасць ахоўных сродкаў і медыкаментаў на сусветных рынках.

«Цяпер мы б хацелі падзяліцца імі, бо самі ў гэтым сэнсе ўжо забяспечаныя і можам дапамагчы братэрскаму беларускаму народу», – распавёў «Белсату» намеснік міністра замежных справаў Марцін Пшыдач.

Транспарт грузу забяспечвае Дзяржаўная пажарная служба Польшчы. Ён прыедзе ў Беларусь ужо 24 красавіка.

Вялікая частка сродкаў патрапіць у два шпіталі ў Горадні, а таксама ў раённую клінічную больніцу ў Воранаўскім раёне, пасля чаго іх размяркуюць па ўсёй Беларусі. У размове з «Белсатам» Уладзімір Чушаў распавёў, што размяркоўваць гуманітарны груз будзе Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медычнага рэагавання ў Менску.

«Мы ўжо скарысталіся з таго, што гуманітарную дапамогу нам аказалі Кітай, Казахстан і Расея, і ўсё было размеркавана паводле патрэбаў», – дадаў беларускі дыпламат.

Пасярэднікам у перадачы грузу беларускаму боку выступіў Фонд міжнароднай салідарнасці.

ДД/КС belsat.eu

Стужка навінаў