Погляд з Арменіі: Пашыньян хутчэй за ўсё гуляў на баку Масквы супраць Менску


Мы разумелі, што Пуцін выкарыстоўвае АДКБ як рычаг, у тым ліку і для ціску на Менск, і таму спробы Лукашэнкі атрымаць гэтую пасаду нам уяўляліся не толькі гульнёй двух славалюбстваў, а яшчэ і спробай засцерагчы, хоць бы часткова, Беларусь ад намераў імперыі. Так заявіў Тыгран Хзмальян, сустаршыня Еўрапейскай партыі Арменіі, у каментары праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык.

Канчатковае рашэнне аб прызначэнні генеральнага сакратара АДКБ прымуць на нарадзе Савету міністраў замежных спраў 22 мая ў Бішкеку. Амаль з упэўненасцю можна сказаць, што гэтае месца зойме прадстаўнік Беларусі Станіслаў Зась. Чаму Пашыньян саступіў у гэтым пытанні? Ці азначае гэта толькі тое, што яно перастала быць для яго важным? Ці ён штосьці выгандлёваў у Расеі наўзамен?

Я думаю, і ў Менску, і ў Ерэване, і ўва ўсім свеце ёсць разуменне таго, што АДКБ – гэта чыста цырыманіяльная і фармальная арганізацыя, якая, вядома, да калектыўнай бяспекі ніякага дачынення не мае. І таму для часткі грамадства было не вельмі зразумела, навошта Пашыньяну было настойваць на захаванні гэтай пасады цягам усяго года. Перадгісторыя вядомая.

Я мяркую, што ў нейкі момант ён хутчэй за ўсё гуляў на баку Масквы супраць Менску. Мы разумелі, што Пуцін выкарыстоўвае АДКБ як рычаг, у тым ліку і для ціску на Менск, і таму спробы Лукашэнкі атрымаць гэтую пасаду нам уяўляліся не толькі гульнёй двух славалюбстваў, а яшчэ і спробай засцерагчы, хоць бы часткова, Беларусь ад намераў імперыі.

Тое, што Пашыньян цяпер саступіў, можа азначаць сапраўды адно з двух. Ці яму гэта ўжо не цікава, бо ў Ерэване цяпер праходзіць судовы працэс над улюбёнцам Пуціна, другім прэзідэнтам Качар’янам, якога Масква ўсяляк спрабуе выдрапаць з турмы, можа азначаць, што праведзена чырвоная лінія, і ў гэтым сэнсе Пашыньяну ўжо не так важна мець гэтую сімвалічную пасаду ў АДКБ. Ці ўсё больш складана. Я думаю, найбліжэйшыя дні пакажуць.

ВІДЭА
Міністр замежных справаў Арменіі: Ад беларускай зброі гінуць нашыя суайчыннікі
2019.05.19 10:12

А наколькі змянілася ў апошні час у Арменіі вонкавая палітыка? Некаторыя эксперты кажуць пра тое, што яна стала нават яшчэ больш прарасейская. Вы згодныя з такім меркаваннем?

У гэтым выпадку першае ўражанне зманлівае. Мы бачым, што ідзе прыхаваная барацьба пад дываном, і ўрад Пашыньяна доўгі час ішоў на любыя саступкі дзеля захавання стабільнасці ды працягу рэформаў. Мне давядзецца другі раз вярнуцца да тэмы арышту Робэрта Качар’яна. Справа ў тым, што цяпер Масква спрабуе выкарыстаць Качар’яна і Карабах, як у свой час выкарыстоўвалі Аджарыю супраць Саакашвілі. Гэта значыць, вакол Качар’яна фармуецца апазіцыя новага рэжыму, і ўсе чырвоныя лініі пройдзены. Яны ўжо не хаваюць таго, што яны спрабуюць зрабіць Карабах фарпостам расейскага ўплыву, і магчыма, цяпер некаторыя маскі будуць скінутыя. Я мяркую… Ва ўсякім разе мне хацелася б у гэта верыць, што армянскі ўрад перастане крывадушнічаць і паставіць пытанні вонкавай палітыкі з усёй шчырасцю, таму што гульні на пуцінскім полі пагражаюць суверэнітэту Арменіі. Я думаю, мы бліжэйшым часам станем сведкамі рэзкіх зменаў.

ВІДЭА
Саакашвілі: «Пуцін разглядае далучэнне Беларусі». Што яго можа ўстрымаць?
2019.05.06 13:12

І гэта будуць змены ў бок Расеі?

Наадварот, гэта будуць змены ў бок еўраінтэграцыі. Бо ўсе ўжо магчымыя саступкі былі зробленыя, і гэта не прывяло ні да чаго. Масква па-ранейшаму тарпедуе любыя спробы рэформаў, Масква па-ранейшаму шантажуе Ерэван, і яна абсалютна не давярае Пашыньяну. Калі Пашыньян спрабаваў развесці Пуціна ці саступкамі дамагчыся нейкіх прэферэнцыяў, цяпер гэта ўжо зразумела – гэта не праходзіць. Масква ўжо не хавае свайго раздражнення Пашыньянам, гэтак званай аксамітнай рэвалюцыяй і проста імкнецца прывесці да ўлады стары рэжым у асобе не Сержа Саргсьяна, які парадаксальным чынам цяпер гуляе на карысць Пашыньяна, а другога прэзідэнта, які ў свой час Арменію ўсю прадаў за вельмі невялікую суму Расеі – за 200 мільёнаў долараў была прададзеная амаль уся эканоміка. То бок тое быў гэткі шчодры падарунак.

Чаму настолькі важны гэты суд, які ідзе над былым прэзідэнтам Робэртам Качар’янам?

Калі вельмі каротка, то з трох былых прэзідэнтаў Арменіі, раз цяпер мы сталі парламенцкаю рэспублікай і галоўны ў нас прэм’ер, а менавіта Пашыньян… З трох папярэдніх прэзідэнтаў найбольш прарасейскі быў Качар’ян. Ён практычна саступіў Расеі эканоміку, палітыку, сістэму бяспекі, энергетыку, то бок амаль увесь суверэнітэт Арменіі. Тое, як ён прыйшоў да ўлады, – гэта была генеральная рэпетыцыя прыходу КДБ да ўлады ў Расеі. За два месяцы да адрачэння Ельцына ў Арменіі 27 кастрычніка 1999 года адбыўся дзяржаўны пераварот, тэрарыстычны акт у парламенце, падчас якога былі забітыя прэмʼер, спікер парламенту, міністры. Менавіта дзякуючы гэтаму перавароту Качар’ян прыйшоў да ўлады. Цяпер мы ўжо разумеем, што гэта быў пераварот, інспіраваны расейскімі спецслужбамі. Наступныя 10 гадоў – гэта былі 10 гадоў непадзельнага вяртання Расеі, а менавіта Пуціна, і кантролю над Арменіяй, з-пад якога мы спрабуем выпаўзці хоць бы цяпер. Таму суд над Качар’янам гэтак важны для нас, для таго, каб Арменія аднавіла свой суверэнітэт.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 17.05.2019

Фота вокладкі: Mikhail Metzel / TASS

Стужка навінаў