«Пішуць, што можна піць, але мы не давяраем» У Менску працягваюць вазіць ваду ў два раёны


Наколькі гэтая вада цяпер патрэбная, чытайце ў нашым рэпартажы.

У суботу, 27 чэрвеня, УП «Менскводаканал» зняў забарону на карыстанне вадой з-пад крана. Але на ўсялякі выпадак арганізацыя працягвае пастаўляць яе ў праблемныя мікрараёны.

Адзінокая машына з надпісам «Малако» стаіць на паркоўцы ля дзіцячай інфекцыйнай больніцы. Вада ў машыне, паводле кіроўцы, артэзіянская – з крыніцы на вуліцы Гурскага (маецца на ўвазе водазабор №2 «Пятроўшчына», які забяспечвае частку Маскоўскага раёну водаправоднай вадой і дзе цяпер арганізавана кругласуткавая раздачы вады). Ані чэргаў, ані ажыятажу.

Фота: Belsat.eu

Праз некалькі кварталаў адсюль гэтак жа самотна стаіць яшчэ адна машына з вадой. Час ад часу сюды падыходзяць людзі з бутэлькамі і самастойна наліваюць ваду з Бараўлянаў. У кабіне спіць кіроўца. Прачнуўшыся, ён расказвае, што стаяць тут будзе да вечара, а наконт заўтра не ведае.

Фота: Belsat.eu

«Пішуць, быццам бы можна ўжо піць. Але мы не давяраем», – кажа жанчына сярэдніх год з двума бутэлькамі ў руках.

Каля яе спыняецца іншая і пярэчыць:

«А я наліла гэтую ваду з цыстэрны ў імбрык і ў мяне плёнка з’явілася, таму не ведаю…»

Пр-т Пушкіна, 62.
Фота: Belsat.eu

У службе 115 таксама не ведаюць, як доўга будуць яшчэ вазіць ваду менчукам, але падкрэсліваюць, што абмежаванні ўжо знятыя. Па тэлефонах кругласуткавай дыспетчарскай службы УП «Менскводаправод» так ніхто не адказаў.

Каменагорская, 28.
Фота: Belsat.eu

У дварах непадалёк ад станцыі метро «Пушкінская» ваду разліваюць ажно з Капыльскага раёну. Людзі, што набіраюць свае бутэлькі, скардзяцца, што дома ўсё яшчэ чуюць лёгкі пах. Сталы мужчына тлумачыць свой прыход проста: «Бо трэба сябе паберагчы, мала гэтага каронавіруса, дык яшчэ і вада».

Наста Кахановіч Belsat.eu

Стужка навінаў