Пік карʼеры Джэймза Мэнголда. Рэцэнзія на фільм «Форд супраць Фэрары»

Сяргей
Філімонаў
аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

Я не фанат гонак. І не стаў бы спрачацца пра аўтамабілі. Але я – фанат лаканічнай і дакладнай рэжысуры. Фанат цікавай аператарскай працы, выразнага мантажу і такога ўзроўню акторскага майстэрства, калі хочацца згадаць слова «мастацтва». У свой час рэжысёр Джэймз Мэнголд напісаў сцэнар і зняў «Логана». Яго Расамаха не проста выбілася з коміксавага шэрагу, а зрабілася пікам сваёй франшызы. «Форд супраць Фэрары» стаў пікам усёй карʼеры Мэнголда.

Хочацца згадаць слова «мастацтва»

Крысціян Бэйл здзекаваўся з сябе, калі ўвасабляў Дзіка Чэйні ў фільме «Улада» (2018). Тады ён патаўсцеў да агіднасці з мэтай ужыцца ў вобраз. І атрымаў намінацыю на Оскара. Цяпер жа ён схуднеў. І літаральна зросся з аўто, адчуваючы механізм як сваё цела. У рэшце рэшту Бэйл проста мусіць атрымаць Оскара як найлепшы актор за «Форда супраць Фэрары».

Усё роўна, як вы ставіцеся да гонак і свету аўтаспорту. Важна тое, што гэты фільм здольны напоўніць вас энергіяй і, нават, натхніць.

Адзін з галоўных прэтэндэнтаў на Оскара 2020

Сюжэт заснаваны на рэальных гістарычных фактах. Кэрал Шэлбі (Мэт Дэйман) – былы гоншчык. Пераможца знакамітых спаборніцтваў на цягавітасць «24 гадзіны Ле-Мана». Ён становіцца гандляром і канструктарам машын. Менавіта да яго звяртаецца кампанія Форда, якую да стварэння гоначных аўто падахвочвае ганарыстасць Энцо Фэрары. Генры Форд II прагне выцерці нос Ферары. Але галоўная бітва фільма здараецца не з італьянцамі, а сярод кіраўнікоў амерыканскага вытворцы аўто. Шмат хто з атачэння Форда не жадаюць зразумець, што да фінішу першым прыбывае ня механізм, але пілот машыны. І такі сябар пілот у Кэрала Шэлбі ёсць. Гэта сацыяпат і гаражны маньяк Кен Майлз (Крысціян Бэйл). Ён здольны сам пабудаваць «развалюху», якая выйграе спаборніцтва ў шматлікіх раскошных машын, сабраных у цэхах аўта гігантаў. Мэт Дэйман у гэтым сюжэце таленавіты настолькі, наколькі патрабуецца забяспечыць хімію паміж яго персанажам і героем Бэйла.

На прэм’еры. Бэйл і Дэйман. Фота 20th Century Fox

Ягоны вобраз ачалавечаны праз стасункі з жонкай

Шукальнікам праўды ні ў якім разе не варта лезці ў энцыклапедыю, каб даведацца, як на самой справе скончыцца гонка 1966 года. Гэта веданне зробіцца спойлерам і разбурыць інтрыгу. У любым выпадку, у фільме на першым плане не пытанне «хто пераможа ў гонцы?», але характар галоўнага героя. Майлз ветэран Другой сусветнай. Ён гарачы, упарты, інфантыльны і ганарысты. Ён не проста гоншчык, а яшчэ інжынер, здольны зразумець праблемы сваёй машыны і вырашыць іх. Ён – закаханы муж, і яго вобраз ачалавечваецца праз стасункі з жонкай і сынам.

Акторка Катрын Балф. Фота 20th Century Fox

Ірландская акторка Катрына Балф здымаецца даволі рэдка, але гэтай роляй другога плану і яна можа прэтэндаваць на Оскар.

Сумаваць не будзе ніхто

Рэжысёр Джэймс Мэнголд таксама мусіць браць удзел у Оскарнай гонцы. Ужываючы даўно вядомыя кіношныя хітрыкі, ён дасягае максімальнага выніку. Джэймс лёгка спалучае гоначны рытм са спакойнымі сцэнамі, дзе здольны сакавіта і дакладна паказаць «не галоўных» герояў. Лішніх дыялогаў і рэплік у фільме няма. Усё прадумана і падрыхтавана. Жонка, сын, сябар, магнат, нядобразычліўцы, зайздроснікі, калегі. У кожнага ў фільме ёсць свае «15 секунд славы». Нават у выпадках, калі пачынае здавацца, быццам дзеянне зараз захлісне тэхнічная руціна, рэжысёр устаўляе 15-секундную сцэнку, якая ажыўляе ўвесь ход падзей. Сумаваць не будзе ніхто.

Рэжысёр Джэймз Мэнголд

Тут дамінуе эйфарыя ўдзелу ў гонцы, а не намінальная перамога, якую часцей за ўсё атрымліваюць распіяраныя пасрэднасці.

«Форд супраць Фэрары» – гэта супер геройскае кіно, якое імчыцца на колах аўтарскага. Магчыма, самы моцны фільм года.

І перашкодзіць яму заваяваць шэраг Оскарных прызоў можа толькі якая-небудзь гнілая паліткарэктнасць.

Мая ацэнка 10 з 10.

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў