Песні гурта «Бітлз» наўрад ці праславіліся б у сучасным свеце

Сяргей
Філімонаў
аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

Пра фільм і скандалы вакол яго распавядае наш шоубiз-адмысловец Сяргей Філімонаў.

Зараз у пракаце беларускіх кінатэатраў ідзе кінастужка «Yesterday». Вакол гэтага фільма разгарнуліся цэлыя гонкі з перашкодамі. Легендарны «бітл» Пол МакКартні пачаў судзіцца з карпарацыяй «Соні» за правы на песні гурта «Бітлз», выкарыстаныя ў гэтай стужцы. Яны ў свой час належалі нават Майклу Джэксану.

Фота: Universal Pictures

Але гэтай восенню меркавалася вяртанне правоў аўтару – МакКартні. Прэм’ера стужкі «Yesterday» першапачаткова была прызначаная на верасень. У Беларусі дата захавалася, але ў астатнім свеце была перанесена на вясну-лета, каб «паспець» зрабіць касу да судовай пастановы. Праўда, захавальнікам спадчыны Бітлоў (Полу, Рынга, Алівіі Харысан і Ёко О’но) фільм усё-ткі паказалі, і тыя далі згоду.

Сусветная прэмʼера гэтай камедыі адбылася ў траўні на кінафестывалі «Трайбэка» ў ЗША.

«Трайбэка» арганізаваў Роберт дэ Ніра пасля скандалу ў Канах паміж ім ды французскімі ўладамі. Яны абвінавацілі актора ў дапамаганні прастытуцыі, гандлі наркотыкамі і нават затрымалі. У адплату Дэ Ніра паспрабаваў адцягнуць увагу амерыканцаў ад Канаў. Пазней актор памірыўся з арганізатарамі і трохі разнёс тэрміны правядзення свайго фестывалю з французскім.

Па выніках сезоннага пракату «Учора» быў названы ў Брытаніі «лепшай рамантычнай камедыяй лета 2019», а па свеце сабраў касу больш за пяць бюджэтаў. Ёсць сэнс прыдумляць працяг.

Апрача ўсяго, не варта забываць, што фільм зняў культавы брытанскі рэжысёр Дэні Бойл («На ігле 1, 2», «Мільянер з трушчоб»). Толькі гэты факт у стане забяспечыць увагу гледачоў.

Фільм мае станоўчую энергетыку

З планетай Зямля здарылася нядобрае: пасля глабальнай праблемы з электрычнасцю яна трапіла ў нейкае «іншае вымярэнне», дзе няма Кока-Колы і ніколі не існавала гуртоў «Бітлз» ці «Аазіс». Галоўны герой фільма, брытанскі індус, бард-няўдалец і бітламан са здзіўленнем разумее, што ніхто ніколі не чуў песень ягоных куміраў. Ён выдае спадчыну «Бітлоў» за музыку свайго аўтарства і хутка робіцца знакамітасцю.

Меладраматычная частка камедыі выглядае зусім прымітыўна. Гаворка ідзе пра рамантычныя пачуцці героя да сяброўкі з дзяцінства, якая падпрацоўвае менеджарам музыканта. Вядомасць і нечаканая слава аддаляе барда ад дзяўчыны. Часам здаецца, што ўсю іхную палюбоўную гісторыю сцэнарысты прыдумалі для таго, каб іншыя героі вымавілі некалькі цынічных жартаў пра чыпсы паміж пафаснымі рэплікамі пра каханне.

Але фільм мае станоўчую энергетыку. Дамінанта добрага настрою па-над логікай відавочная. Калі фантазіі і дапушчэнні дамінуюць у фільме над гістарычнай праўдай, то чаму б не абыграць кучы непраўдзівых легенд аб ліверпульскай чацвёрцы ці не зладзіць скачкі па паралельных сусветах? Адчуванне недахопу ўяўлення ў сцэнарыстаў мяне не пакінула.

Некалькі сучасных знакамітасцяў граюць ролю «сябе» у камедыі. Гэта музыкі Эд Шыран і Майкл Ківанука, а таксама папулярны амерыканскі і брытанскі тэлевядоўца Джэймс Кордэн.

На прэм’еры фільма на фестывалі «Трайбэка». Эд Шыран, Хімеш Патэл і Лілі Джэймс. Фота: Reuters

Пацешная, настальгічная гісторыя

Мяркую, бітламаны будуць шчаслівыя паглядзець «Yesterday». Але я не магу гарантаваць, што песні гурта «Бітлз» праславіліся б у сучасным свеце, калі прыдумка са сцэнара фільма рэалізавалася ў нашай рэчаіснасці.

Камедыя «Yesterday» – гісторыя пацешная, настальгічная, рамантычная. Можна паенчыць і, нават, пералічыць спіс недахопаў стужкі, але гэта – справа няўдзячная! Навошта прыдумляць «палепшайзеры» для фільма, які і так акупіўся 5 разоў? Ну, хіба пацешыць самалюбства… Таму проста выстаўлю адзнаку відовішчу ў 6,5 з 10.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў