Першая ў Беларусі інклюзіўная кавярня можа з’явіцца ў Магілёве


А пакуль тры дні, 16–18 студзеня, у магілёўскай кавярні «Палерма» вам зробяць каву людзі на вазку, якія вучацца новай прафесіі і адначасова праходзяць практыку. Усе сабраныя грошы пойдуць на дабрачыннасць.

Магілёўская група «інклюзіўных барыста» у складзе чатырох чалавек з 13:00 да 18:00 запрашае кожнага прыйсці ў кавярню «Палерма» і пакаштаваць капучына, амерыкана, эспрэса і латэ.

Саша Аўдзевіч ладзіць школу «Інклюзіўны барыста» ужо ў шостым горадзе

Арганізатар праекту «Інклюзіўны барыста» Саша Аўдзевіч кажа, што галоўная мэта – каб людзі атрымалі папулярную прафесію і пачалі працаваць. Ён нават гатовы пакінуць магілёўцам неабходнае абсталяванне хаця б на месяц і арэндаваць для іх чатыры квадратныя метры ў гандлёвым цэнтры.

Школа «Інклюзіўны барыста» у Магілёве

– Варыць каву зараз модна і гэта запатрабавана ў грамадстве. Плюс гэта сацыяльная праца, бо кавярня – люднае месца. Я хачу, каб і людзі на вазку болей знаходзіліся сярод звычайных людзей, і звычайныя людзі таксама часцей бачылі і стасаваліся з вазочнікамі, – кажа Саша Аўдзевіч.

Ганна Іванова адзіная з удзельнікаў курсу, хто мае працу. Але і яна ад новых ведаў не адмаўляецца

Магілёўскую групу для праекту «Інклюзіўны барыста» сабрала Ганна Іванова, спартсменка, прызёрка Чэмпіянату Еўропы па танцах на вазках. Яна кажа, што было вельмі цяжка сабраць людзей, бо яны прывыклі сядзець дома. Акрамя таго, ёсць скаданасці з перасоўваннямі, асабліва ў зімовы час. Ганна ездзіць на машыне, але і тут ёсць свае перашкоды – неачышчаны ад снегу двор, з якога вельмі цяжка выехаць. А калі няма машыны, то яшчэ цяжэй.

Зміцер лічыць, што не атрымліваецца толькі ў тых, у каго няма жадання

Удзельніцу праекту Анастасію прывезла ў кавярню маці на грамадскім транспарце. Жанчыны кажуць, што нават не хочуць пра гэта ўзгадваць, але вялікае жаданне далучыцца да групы дапамагло пераадолець усе цяжкасці.

Анастасія не змагла адмовіцца ад прапановы і вырашыла пайсці на курс, паглядзець, што з гэтага атрымаецца

– Узімку з-за вялікай колькасці снегу мне цяжка перасоўвацца па горадзе, таму я вельмі рэдка выходжу з дому. Дзякуй, што ёсць маці, якая дапамагае. Але гэты праект – унікальны шанец. Саша Аўдзевіч – вядомы чалавек, нават пазнаёміцца з ім было вельмі цікава. Я прыйшла паспрабаваць сабе і паглядзець, што з гэтага атрымаецца, – дзеліцца ўражаннямі Анастасія.

Наталля сумяшчае сваю новую працу барыста са старой працай ў цэнтры творчасці

Трое з чатырох магілёўскіх інклюзіўных барыста гатовыя пасля курсу працягнуць варыць каву ўжо ў сваёй кавярні. Дзеля гэтага яны збіраюцца арэндаваць чатыры квадратныя метры ў гандлёвым цэнтры.

– Мы ўжо падлічылі, што ў сваёй кропцы па продажы кавы зможам нармальна зарабляць. Гэта дакладна не тыя 30 рублёў, якія прапануе сацыяльны цэнтр. Сёння адбыўся першы дзень навучання, працэс мне зразумелы, я адчуваю, што магу быць барыста. Я б вельмі хацеў мець сваю справу, але на гэта не хапае грошай. Сашына дапамога цяпер вельмі дарэчы, я не хачу губляць гэты шанец, – кажа ўдзельнік ініцыятывы Зміцер.

Зміцер марыць адкрыць свой бізнес – кавярню, ці рамонт вазкоў, ці рамонт абутку. Але не хапае грошай, каб пачаць
Наталля маю вышэйшую адукацыю і працавала 2 гады ў цэнтры творчасці, але кава змяніла ўсё яе жыццё

Выпускніца самай першай групы навучання «Інклюзіўны барыста» Наталля ўжо атрымала прафесію і працу. Яна стала першай барыста на вазку ў Беларусі і ўжо цэлы год працуе ў лідскай кавярні Central Coffee House. А цяпер таксама ездзіць па іншых гарадах, каб навучыць людзей.

– Калі я ішла на праект, то не думала, што гэта мяне так зацягне і што я звяжу сваё жыццё з кавай. Цяпер я планую развівацца, хачу паехаць на спаборніцтвы, варыць складаныя напоі з кавы, – кажа Наталля.

Андрэй спрабаваў працаваць праз інтэрнэт мадэратарам, але прагне да працы з людзьмі, а не з камп’ютарам

Удзельнікі школы «Інклюзіўны барыста» напрыканцы навучання атрымліваюць афіцыйны сертыфікат, з якім чалавек можа ўладкавацца на працу.

Школа «Інклюзіўны барыста» у Магілёве

– Мы можам працаваць на раўне з усімі астатнімі барыста. І хочам гэта рабіць. У нашых людзей яшчэ шмат стэрэатыпаў наконт людзей з інваліднасцю. Чым болей нас будзе ў публічнай прасторы, тым хутчэй грамадства пазбавіцца ад гэтых стэрэатыпаў, – упэўнена Наталля.

Эспрэса і амерыкана – першыя напоі, якія навучыліся рабіць інклюзіўныя барыста

Прыходзьце на каву і самі вызначайце яе кошт

Кавярня «Палерма», у якой працуюць інклюзіўныя барыста ў Магілёве, цалкам безбар’ерная. Але гэта не адзіная прычына, чаму выбар паў менавіта на яе. Саша Аўдзевіч кажа, што з кіраўніцтвам атрымалася вельмі хутка дамовіцца праз тэлефон, а для яго гэта быў рашаючы фактар, бо ехаць 400 км з Ліды і пасля яшчэ столькі ж назад толькі дзеля перамоў, яму было нязручна.

– Мы добра ставімся да ўсіх сваіх кліентаў, таму проста не маглі адмовіцца ад гэтай прапановы. Мы будзем спадзявацца, што гэты праект сапраўды дапаможа людзям, – кажуць у кавярні.

Школа «Інклюзіўны барыста» у Магілёве

Пачаставаць каву ад інклюзіўных барыста вы можаце на працягу трох дзён: з 16 да 18 студзеня з 13:00 да 18:00 па адрасе: вуліца Якубоўскага, 44, кавярня «Палерма», гандлёвы цэнтр «Авеню».

Кошт за каву кожны кліент вызначае сам. Усе сабраныя грошы пойдуць на набыццё лекаў і танометру для 2-гадовай жыхаркі Магілёва Міланы Раманавай, якая з дзяцінства пакутуе на дзіцячы цэрэбральны паралюш.

Школа «Інклюзіўны барыста» у Магілёве

Вольга Васільева/Belsat.eu

Стужка навінаў