Перавыдалі першы ў ВКЛ і свеце Буквар. Гэтая кніга ў свой час змяніла адукацыю

Першую кнігу, якая мела назву «Буквар», выпусцілі ў друкарні чатыры стагоддзі таму. Сёння з’явілася магчымасць убачыць, як выглядаў першы падручнік, над якім круком сядзелі нашыя продкі. У Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў Горадні прэзентавалі факсімільнае выданне «Буквара» 1618 году.

Гэтая кніга змяніла традыцыю адукацыі ў многіх краінах, дзе ў пісьменстве выкарыстоўваецца кірыліца. І гэтую кнігу выдалі ў Вялікім Княстве Літоўскім у маленькім мястэчку Еўе, недалёка Вільні.

Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Да нашага часу захаваўся ўсяго адзін поўны асобнік выдання «Буквара». Як і шматлікія іншыя каштоўнасці беларускай культуры, сёння ён знаходзіцца за мяжой. Знайсці «Буквар» не было простай задачай, але беларускі кнігазнавец і культуролаг Алесь Суша ўсё ж такі здолеў дабрацца да кнігі, зрабіць даследаванне і прывезці ў Беларусь алічбаваны варыянт. Разам са спадаром Алесем, які сёння працуе намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, разбіраемся, што варта ведаць пра першы беларускі і першы ў свеце «Буквар».

Буквар паўстаў, каб узмацніць праваслаўную традыцыю ВКЛ

„Буквар” выйшаў у свет у 1618 годзе. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Канец XVI – пачатак XVII ст. у ВКЛ – гэта быў бурлівы час рэлігійных спрэчак. Спачатку рэфармацыя, затым контррэфармацыя, спробы аб’яднання каталіцкай і праваслаўнай цэркваў пасля Люблінскай уніі. Тагачасныя друкарні, якіх у ВКЛ было шмат, кіпелі ад працы, не паспяваючы выдаваць палемічныя творы багасловаў. А спрачаліся шмат: пра тое, ці патрэбна ўнія, як рэфармаваць праваслаўную традыцыю і ці можа ўвогуле царкоўнаславянская мова быць мовай адукацыі, калі няма на ёй ні слоўнікаў, ні падручнікаў.

Адназначна было толькі тое, што царкоўнаславянская мова цалкам рознілася ад размоўнай і з цяжкасцю паддавалася вывучэнню, з чым трэба было нешта рабіць. Пасля спробаў выдання некалькіх «азбукаў» 24 ліпеня 1618 году ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў мястэчку Еўе пад Вільняй, з друку выйшаў першы ў свеце «Буквар», назва якога стала паўсюднай ажно да сённяшняга часу.

На царкоўнаславянскай мове, але з беларускімі асаблівасцямі

Факсімільнае выданне першага „Буквара”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Хоць на сярэднявечных вулачках Вялікага княства паўсюдна гучала жывая старабеларуская мова, першы «Буквар» быў надрукаваны па-царкоўнаславянску. Агулам усе першыя беларускія кнігі былі напісаныя на царкоўнаславянскай мове. На ёй адбывалася навучанне ў царкоўных вучэльнях, таксама як у заходніх універсітэтах і школах на лаціне.

Багасловы спрабавалі ўсімі сіламі ўмацаваць статус царкоўнаславянскай мовы як мовы высокага духоўнага пісьменства, таму першы «Буквар» не стаў выключэннем. «Букварь языка славенска писаний чтения оучитися хотящим в полезное руковождение» – чытаем на тытульным аркушы. Кніга невялікага памеру – восьмая доля аркушу, 54 старонкі. Буквар у нечым падобны на сучасную кнігу.

“Буквар” выдадзены ў двух варыянтах: асобнікі накшталт арыгіналу, а таксама тэксты “Буквара” разам з тлумачэннем на сучасную беларускую мову. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Спачатку алфавіт, а потым склады: ба-ва-га і г.д. Абсалютна тое самае, што і сучасным буквары. Тут ёсць шэраг літараў, якія рэдка сустракаюцца ў царкоўнаславянскай мове або зусім не сустракаюцца. На прыклад дзве літары «Г» – фрыкатыўнае і выбухное, што характэрна для сучаснай беларускай мовы.

Шматлікія надрадковыя знакі і націскі, якія ў царкоўнаславянскай мове звычайна абазначаліся па-грэцку, у буквары перакладзены на старабеларускую мову. Замест грэцкіх найменняў націскаў, чытаем – вострая, тонкая, густая і г.д.

Акрамя таго, менавіта тут упершыню ўжываецца беларуская пунктуацыя, набліжаная да сучаснай. Калі Скарына ставіў паміж сказамі кропку, гэта ўжо лічылася выключнай навацыяй. Тут мы маем кропкі, коскі, кропкі з коскамі, двукоссе, дужкі, квадратныя, круглыя, якія заўгодна. Ёсць таксама і «кірылічныя лічбы». Для запісу лічбаў нашыя продкі не карысталіся рымскімі ці арабскімі знакамі, а абазначалі іх сваймі літарамі. І ўсё гэта можна было вучыць з дапамогай буквара: чытаць, пісаць і лічыць», – тлумачыць Алесь Суша.

«Буквар выхоўваў верніка і грамадзяніна»

Лонданскі і капенгагенскі асобнікі “Буквара”. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У якасці цікавінкі навуковец распавядае, што яшчэ перад алфавітам ёсць малітва ў славу Святой Тройцы. «Гэта ўжо пэўны пасыл, што да любой справай трэба падыходзіць памаліўшыся. Адразу пасля граматыкі, якая займае траціну кнігі, мы маем вялікую колькасць малітваў, цытаты з Бібліі, тэксты айцоў царквы, пералік грахоў і цнотаў, прыклады добрых учынкаў. Адным словам замест «ма-ма мы-ла ра-му» дзеці чыталі іншыя тэксты, якія фармавалі іх светапогляд. Праз спектр хрысціянскіх каштоўнасцяў дзіця выхоўвалася паўнавартасным членам грамадства», – кажа спадар Алесь.

Невядомыя аўтары

Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У выданні няма дакладнага імёнаў аўтараў. Толькі на тытульным аркушы змешчана кароткая згадка, што «Буквар» «…складзены і надрукаваны працалюбствам вандроўных манахаў у кіновіі Віленскай Усходняга Праваслаўя пры храме Сашэсця Святога Духа». Кіновія – гэта назва манастыроў, насельнікі якіх не мелі асабістай маёмасці. Манахі супольна працавалі на агульную карысць манастыра, таму друкарская справа выконвалася ананімна.

«Адным з верагодных аўтараў з’яўляецца Малецій Сматрыцкі, які на той час жыў і выкладаў у манастыры. Ужо тады ён быў вядомым грамадскім дзеячам і таленавітым пісьменнікам-палемістам. Постаць цікавая, бо Сматрыцкі атрымаў у свой час выдатную адукацыю ва ўстановах трох розных канфесіяў. На пачатку ў Астрожскай акадэміі, каталіцкай езуіцкай акадэміі ў Вільні, а таксама пратэстанцкіх універсітэтах Лейпцына, Нюрнберга і Вітэнберга. Другі меркаваны аўтар – архімандрыт Віленскага манастыра Святога Духа Лявонцій Карповіч, які сёння далучаны да ліку святых. У 1618 г. ён кіраваў брацтвам, таму лагічна сцвярджаць, што ўдзельнічаў у выданні кнігі. Імёны іншых манахаў на жаль мы не ведаем», – тлумачыць Алесь Суша.

Як распавядае кнігазнаўца, у «Буквары» таксама выяўлены геральдычны знак вайсковага і палітычнага дзеяча ВКЛ Багдана Агінскага. Менавіта ў ягоным маёнтку ў Еўе знаходзілася друкарня. У перыяд, калі на праваслаўную царкву ў Вільні быў моцны ціск, падкаморы Троцкі прыгарнуў да сябе манахаў, дапамог арганізаваць друкарню і не раз спрыяў значнай фінансавай дапамогай.

«Арыгіналы выданняў толькі ў Англіі і Даніі»

Арыгінал першага “Буквара”, які захоўваецца ў Лондане. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Як распавёў Алесь Суша, у свеце захаваліся толькі два экзэмпляры «Буквара»: «Не трэба думаць, што кнігі нехта адмыслова знішчаў, іх проста як і сучасныя школьныя падручнікі «зачыталі да дзірак». Адзін экзэмпляр знаходзіцца ў лонданскай бібліятэцы Мідл Тэмпл. Гэта прыватная і вельмі спецыфічная ўстанова, куды няпроста трапіць. Таму, відаць, пра гэты буквар асабліва не было вядома. Упершыню пра яго напісалі ў 1700 годзе ў першым каталогу бібліятэкі. Там ён згадваецца, як кніга на славянскай мове. Тры гады таму мне давялося трапіць у Лондан. Цягам году доўжыліся перамовы, каб атрымаць доступ да буквара. Бібліятэка закрытая. Мне дапамагло толькі тое, што заступіліся прафесары ўніверсітэту ў Лондане. Я на месцы вывучыў кнігу, зрабіў лічбавую копію, апісаў яе і на гэтай аснове атрымалася факсімільнае выданне, якое ўдалося выдаць акурат да 400-годдзя кнігі».

Як патлумачыў навуковец, «Буквар» яшчэ на пачатку XVII ст. хутчэй за ўсё купіў адзін з лонданскіх асветнікаў, які збіраў навуковыя тэксты з усяго свету. Цікавы таксама і куток Лондану, дзе знаходзіцца бібліятэка. «Тэмпл» – гэта раён у Лондане, дзе раней жылі рыцары тампліеры. Там была іх рэзідэнцыя. Іхняе месца ў Лондане занялі юрыдычныя канторы, якія працуюць у раёне да сёння. Менавіта ў іх прыватнай бібліятэцы, закрытай ад вонкавага свету, захоўваецца кніга.

Другі экзэмпляр знаходзіцца ў Даніі, у старажытнай бібліятэцы, якая існавала пры каралеўскім двары Капенгагену. Сёння бібліятэка лічыцца адначасова ўніверсітэцкай і нацыянальнай. Аднак выданне «Буквара», якое там захоўваецца, няпоўнае. Таму, фактычна, у свеце ёсць толькі адзін паўнавартасны экзэмпляр кнігі.

Што да Беларусі, то ў нашай краіне захаваўся толькі «Віленскі буквар» 1767 году. Гэта выданне ўжо ўніяцкае, але назва, змест, структура выдання і форма падачы, як на тэрыторыі Беларусі, так і ў іншых краінах заставаліся нязменнымі да пачатку ХІХ ст.

Першы тыраж факсімільнага выдання «Буквара» – каля тысячы экзэмпляраў, якія ў хуткім часе трапяць у беларускія бібліятэкі і навучальныя ўстановы. Другі тыраж, які павінен быць надрукаваны праз некаторы час, трапіць ужо ў беларускія кніжныя крамы.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Hавiны