Пералом рэбраў і да 20 гадоў турмы: усё, што вядома пра справу журналіста Галунова


Спецыяльнага карэспандэнта «Медузы» Івана Галунова абвінавачваюць у «замаху на збыт наркотыкаў у буйным памеры». Яму пагражае ад 10 да 20 гадоў турмы. Калегі і праваабаронцы лічаць справу помстаю за расследаванні Галунова і сцвярджаюць: наркотыкі яму падкінулі сілавікі. Belsat.eu сабраў асноўнае, што варта ведаць пра пераслед журналіста.

Галунова затрымалі ўдзень 6 чэрвеня ў цэнтры Масквы, калі ён ішоў на сустрэчу з калегам. Паліцыя заявіла, што знайшла какаін у ягоных рэчах і кватэры. Пазней МУС прызналася: размешчаны ведамствам фотаздымак «наркалабараторыі», нібыта раскрытай пры вобшуку, насамрэч быў зроблены не ў кватэры Галунова. У аддзяленні паліцыі журналісту больш за 16 гадзін не давалі звязацца з адвакатам.

ВІДЭА
Паліцыя сцвярджае, што ў журналіста Івана Галунова нібыта знайшлі какаін
2019.06.08 09:19

Пазней праз адваката Дзмітрыя Джулая ён паведаміў пра збіццё з боку паліцыянтаў. Паводле Галунова, яму адмаўляліся выклікаць «хуткую», каб зафіксаваць пабоі, а таксама не рабілі змывы з рук – біялагічную экспертызу, якая магла б пацвердзіць адсутнасць кантакту з наркотыкамі. Але потым змывы ўсё ж зрабілі.

7 чэрвеня па ўсёй Расеі прайшлі пікеты салідарнасці з затрыманым. У Маскве людзі станавіліся ў чаргу, каб патрымаць плакат у падтрымку журналіста. Самы папулярны надпіс на плакаце – «Я – Іван Галуноў. Затрымайце і мяне». Дзясятак калег Галунова апынуліся ў пастарунку за гэты пікет. Сярод пікетоўцаў былі вядомыя асобы: публіцыст Віктар Шандаровіч, журналісты «Новай газеты» Павел Каныгін і Ілля Азар, Вікторыя Іўлева ды іншыя. Увечары іх адпусцілі з паліцыі без складання пратаколаў. Пікеты салідарнасці прайшлі таксама ў Санкт-Пецярбургу, Навасібірску, Краснаярску ды шэрагу іншых расейскіх гарадоў.

Абноўлена
У Маскве за пікеты ў падтрымку калегі затрымалі дзясятак журналістаў. Фотарэпартаж
2019.06.07 16:52

Кіраўніцтва «Медузы» выступіла з заявай у падтрымку свайго журналіста. Гендырэктар Галіна Цімчанка і галоўны рэдактар Іван Калпакоў перакананыя ў невінаватасці Галунова і звязваюць пераслед з ягонай прафесійнай дзейнасцю.

«Мы ведаем, што ў апошнія месяцы Ваню паступалі пагрозы; ведаем, у сувязі з якім тэкстам; здагадваемся, ад каго. «Медуза» будзе вывучаць кожнае дзеянне следчых па справе Галунова. Мы высветлім, па чыёй волі пераследуюць Ваню – і зробім гэтую інфармацыю публічнай. Мы будзем абараняць свайго журналіста ўсімі даступнымі спосабамі», – напісалі яны.

Раніцаю 8 чэрвеня стала вядома, што Галунову афіцыйна выставілі абвінавачванне. Паводле ч. 1 арт. 228 КК РФ яму пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Планавалася, што 8 чэрвеня Нікольскі суд Масквы абярэ яму меру стрымання. Адвакат паведамляў, што следства будзе прасіць суд пра дадатковыя 72 гадзіны арышту.

Але падчас следчых дзеянняў Галунову стала кепска, яго шпіталізавалі. Медыкі, што аглядалі затрыманага, паставілі яму дыягназ страсенне мозгу, а таксама падазрэнне на пералом рэбраў. Некаторы час паліцыя адмаўлялася выклікаць журналісту «хуткую», але ўрэшце яго накіравалі на абследаванне ў шпіталь.

36-гадовы Іван Галуноў вядомы сваймі расследаваннямі карупцыі ў вышэйшых эшалонах улады. Працаваў у выданнях «Ведомости», Forbes, РБК, «Слон» і на тэлеканале «Дождж». У цяперашні час спецыяльны карэспандэнт інтэрнэт-выдання «Медуза».

КА belsat.eu

Стужка навінаў