«Перадача грошаў прымяркоўвалася да святаў і камандзіровак». Працягваецца працэс па справе медыкаў


У Менгарсудзе працягваецца разгляд чарговай справы аб карупцыі ў сферы аховы здароўя, у межах якой на лаве падсудных апынуўся 21 чалавек – чыноўнікі і бізнесоўцы.

Суд па «справе медычных функцыянераў». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

17 снежня падчас судовых спрэчак выступіў адвакат старшыні савету дырэктараў найбуйнейшай прыватнай сеткі «Аптэка груп» Леаніда Томчына. Томчына ды выканаўчага дырэктара «Аптэка груп» Рамана Альтшулера вінавацяць у неаднаразовай дачы хабару гендырэктару «Белфармацыя» Вячаславу Гніцію (агулам каля $ 17 тыс.). Раней дзяржабвінаваўца папрасіў суд пакараць Альтшулера і Томчына 5 гадамі абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хімія»).

Томчын прызнае, што даваў хабары, але настойвае, што ў яго з Альтшулерам не было папярэдняй змовы і адзінага злачыннага намеру. Як падкрэсліў адвакат, Гніцію ніколі не казалі за што яму даюць грошы.

«Такія перадачы прымяркоўваліся да святаў ды камандзіровак», – адзначыў ён.

Леанід Томчын.
Фота: ap-te-ka.by

Томчын быў затрыманы КДБ 20 ліпеня 2018 года і ў той момант яму інкрымінавалі толькі адзін эпізод – перадача Гніцію хабару ў памеры $ 2 000 у 2013 годзе. Адвакат апісвае той эпізод наступным чынам:

«Аптэчная сетка [Томчына. – Belsat.eu] на той момант была прадстаўлена ва ўсіх рэгіёнах Беларусі акрамя Берасцейшчыны. Цалкам натуральна, што ён быў зацікаўлены ў адкрыцці аптэк у гэтым рэгіёне. Але працэс адкрыцця аптэк жорстка рэгуляваўся Міністэрствам аховы здароўя і асабліва ўлічвалася меркаванне кіраўнікоў «Белфармацыі». Ад прадстаўнікоў іншых камерцыйных структураў было вядома, што Гніцій не быў прыхільнікам адкрыцця прыватных аптэчных сетак на Берасцейшчыне. Томчын разумеў, што без наладжвання стасункаў з Гніціем яны атрымаюць адмоўны адказ. Таму ён вырашыў папярэдне асабіста сустрэцца з Гніціем».

Яны сустрэліся 7 ліпеня 2013 года ў кавярні, абмеркавалі працу. Томчын даў зразумець Гніцію, што ён хоча адкрыць сетку сваіх аптэк на Берасцейшчыне, але наўпрост ні пра што чыноўніка не прасіў і не пытаў. Па выніках сустрэчы Томчын павіншаваў Гніція з днём медычнага працаўніка і перадаў яму канверт з $ 2 тысячамі. Бізнесовец такім чынам хацеў заручыцца падтрыманнем Гніція пры вырашэнні пытанняў наконт адкрыцця ягонай аптэчнай сеткі на Берасцейшчыне. Гніцій канверт узяў і не стаў удакладняць, за што яму даюць грошы.

У Менгарсудзе.
Фота: Ірына Арахоўская, belsat.eu

Ва ўсіх астатніх выпадках хабар Гніцію перадаваў Альтшулер і пра датычнасць да гэтых эпізодаў Томчына следства спачатку нічога не ведала, сцвярджае адвакат. Праз месяц знаходжання ў СІЗА Томчын напісаў яўку з павіннай, дзе распавёў пра гэтыя выпадкі. У выніку абвінавачванне яму перакваліфікавалі на больш цяжкае – з арт. 431 п. 1 (дача хабару) на арт. 431 п. 2 (дача хабару паўторна ў буйным памеры) Крымінальнага кодэксу. Пры гэтым меру стрымання змянілі: бізнесоўцу выпусцілі з СІЗА.

Адвакат на судзе падкрэсліў: паводле закону, таго, хто дае хабар, мусяць вызваліць ад крымінальнай адказнасці, калі ён добраахвотна ў гэтым прызнаўся. Абаронца Томчына сцвярджае, што бізнесовец прызнаўся менавіта добраахвотна, таму судзіць яго можна толькі за адзін эпізод 2013 года. Да таго ж у межах вялікай справы медычных функцыянераў неаднаразова выносілася рашэнне аб закрыцці або адмове ў распачынанні крымінальнай справы менавіта праз аналагічную яўку з павіннай тых ці іншых фігурантаў. Таму вызваленне ад крымінальнай адказнасці, паводле адваката, было «выбарча не ўжытае ў дачыненні Томчына».

Судовыя спрэчкі працягнуцца 19 снежня ў 10:00.

***

Hавiны
«Усе ўсё разумелі». У судзе над топ-чыноўнікам распавялі пра сістэму «адкатаў» у сферы аховы здароўя
2019.01.10 15:09

Разгляд справы 21-го» распачаўся 19 жніўня. З 21 фігуранта справы 7 перабываюць пад вартаю. Сярод іх:

– кіраўнік Цэнтру экспертызаў і выпрабаванняў аховы здароўя Аляксандр Сталяроў (пракурор патрабуе для яго 7 гадоў пазбаўлення волі), ягоны намеснік Андрэй Зінчанка (пракурор просіць для яго 3 гады зняволення) і кіраўнік аднаго з дэпартаментаў Сяргей Ляшчылоўскі (3 гады);

– гендырэктар «Белфармацыя» Вячаслаў Гніцій – дзяржабвінаваўца патрабуе пакараць яго 6 гадамі калоніі;

– бізнесовец, дырэктар кампаніі «Іскамед» Сяргей Шакуцін (брат алігарха Аляксандра Шакуціна) – пракурор просіць пакараць яго 3 гадамі зняволення;

– гендырэктар гарадзенскага дзяржаўнага прадпрыемства «Фармацыя» Андрэй Шчука і намеснік гендырэктара віцебскага прадпрыемства «Фармацыя» Кацярына Шнітко (пракурор просіць пакараць абодвух 3 гадамі калоніі).

Таксама па справе праходзяць старшыня савету дырэктароў найбуйнейшай прыватнай сеткі «Аптэка груп» Леанід Томчын, выканаўчы дырэктар «Аптэка груп» Раман Альтшулер (для абодвух пракурор просіць 5 гадоў «хіміі»), дырэктар кампаніі «Лібертон» Віталь Мусіхін (2,5 гады «хіміі»), прадстаўнік нямецкай кампаніі Fresenius Леанід Сабалеўскі (штраф у памеры 1 тысячы базавых велічыняў), заснавальнік медычнай кампаніі «Геол-М» Уладзімір Ладуцька (штраф у памеры 1 тысячы базавых велічыняў), экс-дырэктар РУП «Академфарм» Міхаіл Гаўрылаў (5 гадоў калоніі) ды інш.

  • Цяперашні суд – частка вялікай справы аб карупцыі пры закупах медычнага абсталявання і лекаў. У медыях яе называюць «справай медычных функцыянераў» або «справай медыкаў». У межах справы вясной–летам 2018 года былі затрыманыя
  • больш за 60 асобаў (у тым ліку 37 чыноўнікаў). Паводле КДБ, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Гон-Конгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. Праз карупцыю кошт і лекаў, і абсталявання завышаўся на 10-60 %, у асобных выпадках – на 100 %.
  • Цягам года адбыўся шэраг судовых працэсаў, больш за дзесяць чыноўнікаў атрымалі розныя тэрміны зняволення.
Hавiны
Год «справе медыкаў»: куды зніклі мільены долараў і дзе фігуранты?
2019.06.28 15:15

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў