Перад нядзельнымі выбарамі ў Малдове становіцца горача


Маючыя адбыцца выбары не прынясуць вялікіх змен і яшчэ больш палярызуюць канфліктуючых малдаван. Але, нарэшце, на палітычную сцэну выйдзе маладая не сістэмная апазіцыя.

Пра тое, на колькі кіпіць палітычная барацьба перад парламенцкімі выбарамі ў Малдове, якія адбудуцца 24 лютага, паказвае скандал з атручваннем апазіцыі. Лідары апазіцыйнага блока ACUM («Зараз») Мая Санду і Андрэй Нэстасэ, абвінавацілі ўладу ў сваім атручванні. Апазіцыянеры кажуць, што ў апошні час яны сябе кепска адчувалі, і пасля абследавання высветлілася, што ў іх арганізмах былі знойдзены небяспечна высокія дозы ртуці.

Падазрэнні падаюць на прадстаўнікоў кіруючай Дэмакратычнай партыі (ДПМ). Тыя аспрэчваюць абвінавачванні і кажуць, што гэта апазіцыя атручвае палітычнае жыццё Малдовы. На самай справе, малдаўская палітыка ўжо даўно атручана дзіўным сімбіёзам паміж партыяй улады ДПМ і квазі-апазіцыйнай партыяй сацыялістаў (ПСРМ).

У нядзельных выбарах, хутчэй за ўсё, найбольшую колькасць галасоў атрымаюць сацыялісты, якія стаяць на прарасейскіх пазіцыях і знаходзяцца ў апазіцыі. На другім месцы можа быць кіруючая ДПМ з сатэлітамі ці блок ACUM. ДПМ дэкларуюць зацікаўленасць інтэграцыяй з ЕЗ і супрацоўніцтва з Захадам. Але праграмныя адрозненні не маюць вялікага значэння. І кіруючая ДПМ і прагнучая ўлады, нібы апазіцыйная ПСРМ на самай справе вельмі блізкія і цалкам магчыма, што пасля выбараў прыйдуць да пагаднення і разам створаць урад.

Уладны картэль

За ДПМ стаіць ненавісны ў Малдове алігарх Уладзімір Плахатнюк. Яго вінавацяць у вывадзе ў 2014 годзе з бюджэту краіны мільярда долараў (каля 15 адсоткаў ВУП Малдовы), ён лічыцца самым багатым малдаванінам і мае долю ў кожным буйным бізнесе ў краіне. Плахатнюк валодае сродкамі і кіруючай партыяй ДПМ. Калі толькі можа, партыя паказвае зоркі ЕЗ і выхваляецца, што Малдова ідзе ў Еўропу.

У праеўрапейскі вобраз партыі алігарха вераць Еўропа і ЗША, якія не ўмешваюцца ў справы Малдовы і рэгулярна аказваюць падтрымку ўраду ДПМ. Брусель, аднак, пачаў аказваць ціск на малдаўскія ўлады, калі яны перасеклі тонкую лінію і пачалі парушаць прынцыпы дэмакратыі.

Калі год таму ўлады недэмакратычным чынам здымалі законна абранага мэра Кішынэва Андрэя Нэстасэ (у цяперашні час адзін з лідараў апазіцыі), ЕЗ замарозіў 100 мільёнаў еўра траншу дапамогі для Малдовы. Урад Паўла Філіпа з ДПМ шмат кажа аб інтэграцыі з ЕЗ, але вельмі павольна праводзіць рэформы і сабатуе іх, асабліва там, дзе яны сутыкаюцца з інтарэсамі Плахатнюка. Нягледзячы на ​​ўсё, Захад вымушаны падтрымліваць Малдову, бо не мае альтэрнатыў.

Прэзідэнт Ігар Дадон мог змяніць Малдову, але замест гэтага спрыяе алігархам. Крыніца: Forum/Vadim Denisov/TASS

У апазіцыі да алігархічнай партыі нібыта стаяць сацыялісты з ПСРМ і прэзідэнт Ігар Дадон, якія не хаваюць сваіх пракрамлёўскіх поглядаў. Калі глядзець на ​​праграмы і меркаванні выказаныя ў СМІ, то палітыкаў ДПМ і людзей Дадона адрознівае ўсё, але яны выдатна працуюць разам. Фармальна, палохаючы грамадства адзін адным. Плахатнюк кажа, што Дадон цягне Малдову ў сферу ўплыву Расеі і адкладае рух у Еўропу. Звязаныя з алігархам СМІ, асабліва перад выбарамі, палохаюць агентамі расейскага ўплыву.

У сваю чаргу Дадон лічыць, што яшчэ кіруючая ДПМ – правадніца амерыканскіх уплываў і румынскага нацыяналізму і будзе бяспечней прытрымлівацца сярэдзіны і супрацоўнічаць з Масквой. Аргументуе гэта тым, што ў Расеі працягвае працаваць шмат малдаван і там важны рынак збыту, напрыклад, для малдаўскай сельскагаспадарчай прадукцыі. У той жа час урад дэмакратаў і сацыялістычны прэзідэнт без праблем супрацоўнічаць і дапамагаць адзін аднаму ў важных пытаннях.

У апошнія гады менавіта такі «раскол» і адначасова спецыфічны картэль дэмакратаў і сацыялістаў дамінавалі на малдаўскай палітычнай сцэне. І шмат што паказвае на тое, што пасля нядзельных выбараў картэль захавае ўладу. Але можа быць не зусім так, як было да нядаўняга часу. Манаполію ДПМ-ПСРМ парушае новая, маладая апазіцыя, не звязана са старой сістэмай.

Ідуць новыя

Маладой апазіцыі з блоку ACUM было цяжка прабіцца ў выбарчай кампаніі. Улада ператварыла ўсё ў фестываль сваіх папулісцкіх абяцанняў. Урад паабяцаў дапамогу для дзяцей, дармовыя лекі, купіў новыя аўтобусы ў Кішынэве, і нават пабудаваў каток у цэнтры сталіцы. У СМІ валадарыў «чорны піяр» і напады на апазіцыйных палітыкаў, а таксама спробы подкупу і запалохвання палітычных апанентаў. Брудная кампанія вялася ў інтэрнэце. У апошнія дні Фэйсбук заблакаваў больш за 200 акаўнтаў, якія ён палічыў пашыраючымі нядобрасумленную перадвыбарчаю агітацыю і дэзынфармацыю на карысць кіруючай партыі.

Апазіцыя таксама вяла вострую кампанію ў інтэрнэце, прыпісваючы ўладзе карупцыю і растрату сродкаў з фондаў ЕЗ. Лозунгі і заклікі барацьбы з карупцыяй зараз найбольш прывабныя для малдаван.

Мая Санду, былы міністр адукацыі, якая стала зоркай маладой апазіцыі. Крыніца: Forum/REUTERS/Gleb Garanich

Наколькі Малдова чакае новых палітыкаў, а ў першую чаргу – новай якасці палітыкі, паказалі антыкарупцыйныя пратэсты 2016 года, і акцыі абароны звольненага мэра Кішынэва. Апазіцыйны блок ACUM слабейшы за кіруючую партыю і сацыялістаў. Адсутнасць грошай, структур у рэгіёнах, няма медыйнай падтрымкі. Стварылі яго маладыя і заангажаваныя людзі, кіраўнікамі сталі папулярныя палітыкі, якія заклікаюць да барацьбы з карупцыяй і алігархіяй.

Нягледзячы на сваю маладосць і слабасць, згодна з апошнімі апытаннямі ACUM можа разлічваць на 17-20 адсоткаў падтрымкі, і нават другое месца ў парламенце, апярэджваючы ДПМ. Гэта не азначае, што апазіцыя будзе кіраваць, бо ДПМ дагаворыцца з сацыялістамі. Але для маладой партыі гэта вельмі важны старт і магчымасць пабудаваць рэальную апазіцыю кіруючаму картэлю.

Hавiны
У Малдову не пусцілі расейскіх прапагандыстаў
2019.02.20 07:02

Міхал Кацэвіч/AM/belsat.eu

Стужка навінаў