Пажар у Чарнобыльскай зоне тушаць з дапамогай самалётаў і верталётаў


Пажарная машына ДСНС у чарнобыльскай зоне адчужэння, дзе гараць лясы.
Фота: ДСНС / Reuters / Forum

Паводле Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў (ДСНС) Украіны, 11 красавіка на тушэнні пажару ў зоне адчужэння былі задзейнічаны 312 чалавек і 83 адзінкі тэхнікі – у тым ліку тры самалёты Ан-32 і тры верталёты Мі-8.

Па стане на 10 красавіка авіяцыя зрабіла 96 скідаў вады – агулам 240 тонаў.

Лясныя пажары ў Чарнобыльскай зоне цягнуцца ўжо тыдзень. Паводле Дзяржаўнага навукова-тэхнічнага цэнтру ядравай і радыяцыйнай бяспекі, першыя 20 гектараў у зоне адчужэння загарэліся 4 красавіка каля вёскі Уладзіміраўка.

У пятніцу, 10 красавіка, паводле старшыні Дзяржэкалагічнай інспекцыі Украіны Яўгена Фірсава, пажар у зоне адчужэння ахопліваў 100 гектараў, а радыяцыя ў эпіцэнтры пажару перавышала дапушчальныя нормы. У кіеўскім паветры зарэгістравалі канцэнтрацыю радыеактыўнага цэзія-137 (праўда, ніжэйшую небяспечнай для жыцця чалавека нормы ў 100 разоў), падае «Страна.ua».

Не тушаць, а лакалізуюць

Як заявілі ў размове з гэтым выданнем эксперты, у сёлетніх лясных пажарах у зоне адчужэння вінаватае сёлетняе сухое надвор’е, а таксама сяляне, якія традыцыйна падпальваюць траву.

«Часта сяляне засяваюць пэўныя ўчасткі зямлі раз у два гады, каб быў час для яе аднаўлення. Таму зямля зарастае травой. І ў мэтах эканоміі, замест таго, каб переараць яе трактарам, яны папросту падпальваюць зарослыя ўчасткі зямлі, – тлумачыць экс-кіраўнік Навукова-інфармацыйнага цэнтрв ляснога ўпраўлення Міхаіл Папкоў. – Таксама многія перакананыя, што калі спаліць леташнюю траву, то малады ўраджай хутчэй расце, што падпальваючы яе, яны яшчэ і ўгнойваюць глебу. Але гэта памылковае меркаванне. Сухая трава проста хавае спачатку маладую зялёную траву, і нявыпаленыя ўчасткі здаюцца шэрымі. У той час як на счарнелых выпаленых участках зялёная трава добра бачная».

Паводле старшыні Таварыства лесаводаў Украіны Юрыя Марчука, за гарэнне лясоў у зоне адчужэння адказныя таксама ўлады, якія не абсталявалі ў лясах адмысловыя станцыі для тушэння пажараў. Паводле эксперта, ратаўнікі не падрыхтаваныя для таго, каб тушыць пажары ў забруджаных раёнах.

«Супрацоўнікі ДСНС навучаныя змагацца з пажарамі ў гарадскіх умовах, дзе ёсць адна кропка ўзгарання. Лясныя пажары – гэта зусім іншае», – кажа Марчук.

На думку экспертаў, маштабныя лясныя пажары можна спыніць толькі на натуральных рубяжах, як рэчкі ці поля. У зоне адчужэння пажар лакалізуюць, а не тушаць, бо не да ўсіх участкаў ёсць магчымасць падʼехаць на спецыяльным транспарце.

«Лакалізацыя – гэта калі вакол тэрыторыі ўзгарання разрываюць зямлю. Гэта называецца супрацьпажарны разрыў, каб агонь не пераходзіў на іншыя ўчасткі. А тое, што гарэла, папросту згарае», – гэта растлумачвае Васільеў.

Паводле Мінпрыроды Беларусі, 11 красавіка радыяцыйнае становішча на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь стабільнае, а магутнасць дозы гама-выпраменьвання адпавядае шматгадовым значэнням.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў