Пажар на Альманскіх балотах цалкам лакалізавалі


Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі паведаміла пра поўную лакалізацыю пажару на Альманскіх балотах, што ў Столінскім раёне.

На тушэнні пажару задзейнічалі больш за сто працаўнікоў дзяржаўнай лясной аховы, некалькі адзінак гусенічных балотаходаў і авіяцыю МНС, паведаміла прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі.

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў паведаміла, што паводле стану на 06:00 26 жніўня плошча пажару складала 0,5 га.

Узгаранне 24 жніўня выявіў дырэктар Палескага лясгасу падчас патрулявання мясцовасці. Адразу ж працаўнікі дзяржаўнай лясной аховы прыступілі да ліквідацыі агмень. Аперацыяй асабіста кіраваў першы намеснік Міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, які выехаў на месца здарэння.

25 жніўня на дапамогу лесаводам прыйшла авіяцыя МНС. Працу па лакалізацыі ўзгарання ўскладнялі ўмовы надвор’я – засухай і моцным ветрам. Да таго ж тушыць пажар складана праз адсутнасць лясных дарогаў.

Імавернай прычынай пажару стала парушэнне правілаў пажарнай бяспекі. Гэтая мясцовасць папулярная сярод ягаднікаў. Мяркуецца, што прычынай пажару магла стаць незатушаная цыгарэта.

На дадзены момант працаўнікі лясной аховы вызначаюць плошчу, якую прайшоў агонь, ды падлічваюць страты.

НМ, belsat.eu, фотаздымкі з сайту Мінлясгасу

Стужка навінаў