Удзень 26 красавіка ратаўнікі ліквідавалі гарэнне сухой расліннасці ды лесу каля вёскі Красноўка Нараўлянскага раёну. Таксама цалкам лакалізаваны лясны пажар каля вёскі Альманы Столінскага раёну.
Паводле інфармацыі Міністэрства з надзвычайных сітуацый, з 06:00 25 красавіка да 06:00 26 красавіка ў Беларусі ліквідаваныя 34 лясныя пажары на агульнай плошчы 73,923 гектараў, 13 тарфяных пажараў на агульнай плошчы 4,61 гектараў і 46 пажараў травы і кустоў на агульнай плошчы 20,352 гектара.
У сувязі гарачым і сухім надвор’ем і для перадухілення ўзнікнення пажараў на ўсёй тэрыторыі Берасцейскай вобласці ўводзіцца забарона на наведванне лясоў. Пра гэта паведамілі ў мясцовым аблвыканкаме.
Апроч таго, паводле інфармацыі Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі па стане на 17:40 26 красавіка, забаронена таксама наведваць лясы ў 21 раёне Менскай вобласці, 19 раёнах Гомельскай, 18 Магілёўскай, 15 Гарадзенскай і 13 Віцебскай.
Таксама МНС пачало рассылаць паведамленні пра забарону наведвання лясоў.
За парушэнне забароны на наведванне лясоў прадугледжаны штраф у памеры да 25 базавых велічынь. Калі парушэнне пацягне знішчэнне або пашкоджанне лесу або тарфянікаў, памер штрафу ўзрасце да 25 – 50 базавых. За незаконнае выпальванне сухой расліннасці для грамадзянаў памер штрафу складзе ад 10 да 20 базавых велічынь.
Паводле Белгідрамету, у бліжэйшыя дні ў Беларусі надвор’е стане больш вільготным. 27 красавіка чакаецца пераменная воблачнасць. Ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах навальніцы. Вецер паўднёва-ўсходні, паўднёвы ўмераны, пры навальніцах парывісты. Ноччу 8 – 14 градусаў, месцамі 4 – 7, у сярэдзіне дня 21 – 27.
28 красавіка пераважна па паўднёвай палове краіны кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Вецер умераны, днём парывісты. Ноччу 7 – 14 градусаў, удзень месцамі да 24.
29 красавіка пераважна без ападкаў, толькі ноччу і раніцай у паўночна-заходніх раёнах кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Вецер паўночна-ўсходні, усходні парывісты. Ноччу 6 – 13 градусаў, месцамі да 2 марозу; днём ад 12 да 19 цяпла.
МГ belsat.eu